Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СБУ заявілі пра выкрыцьцё замаху на Зяленскага і кіраўнікоў спэцслужбаў Украіны


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і кіраўнік СБУ Васіль Малюк. Архіўнае фота
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і кіраўнік СБУ Васіль Малюк. Архіўнае фота

Раней украінскія ўлады паведамлялі, што з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну папярэдзілі каля 10 замахаў на Ўладзіміра Зяленскага.

Ва Ўкраіне затрымалі двух палкоўнікаў, якія служылі ва Ўпраўленьні дзяржаўнай аховы (УДА) і перадавалі ў Фэдэральную службу бясьпекі (ФСБ) Расеі сакрэтную інфармацыю пра дзейнасьцьпрэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.

«Контравыведка і сьледчыя СБУ [Службы бясьпекі Ўкраіны] сарвалі пляны ФСБ Расеі па ліквідацыі прэзыдэнта Ўкраіны і іншых прадстаўнікоў вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы», — адзначаецца ў паведамленьні СБУ.

Рэалізаваць гэтыя пляны павінна была агентурная сетка, у склад якой уваходзілі двое затрыманых. Перад імі паставілі задачу «ўзяць кіраўніка дзяржавы ў закладнікі, а потым яго забіць».

Апроч таго, плянавалі замах на кіраўніка СБУ Васіля Малюка і кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірылу Буданава (яго плянавалі забіць перад Вялікаднем).

Затрыманьне ва Ўкраіне расейскіх агентаў, якія плянавалі замах на ўкраінскае кіраўніцтва. Фота СБУ
Затрыманьне ва Ўкраіне расейскіх агентаў, якія плянавалі замах на ўкраінскае кіраўніцтва. Фота СБУ

Паводле СБУ, спачатку плянавалі нанесьці ракетны ўдар па будынку, у якім меўся знаходзіцца Кірыла Буданаў, потым дадаткова атакаваць дронам. А пасьля гэтага ўдарыць яшчэ адной ракетай, каб «зьнішчыць сьляды выкарыстаньня дрона».

Сьцьвярджаюць, што «палкоўнік Упраўленьня дзяржаўнай аховы (УДА) асабіста прывёз у Кіеў FPV-дроны, зарады да РПГ-7, а таксама супрацьпяхотныя міны МОН-90».

«СБУ зафіксавала як паездкі палкоўніка УДА па дроны і выбухоўку ў іншы рэгіён Украіны, так і размовы патэнцыйнага выканаўцы тэракту з куратарам» з ФСБ. Служба бясьпекі Ўкраіны паэтапна задакумэнтавала злачынныя дзеяньні фігурантаў і затрымала іх», — адзначаецца ў паведамленьні.

Пра спэцыяльную апэрацыю па затрыманьні расейскіх агентаў ведала абмежаванае кола людзей, а «тэракт павінен быў стаць падарункам да інаўгурацыі Пуціна».

У СБУ таксама назвалі прозьвішчы расейскіх куратараў — гэта супрацоўнікі 9-га упраўленьня Дэпартамэнту апэратыўнай інфармацыі 5 службы Максім Мішусьцін, Дзьмітрый Перлін і Аляксей Корнеў.

У паведамленьні адзначаецца, што Аляксей Корнеў правёў з палкоўнікам УДА на тэрыторыі суседніх эўрапейскіх дзяржаў некалькі кансьпіратыўных сустрэч, на якіх перадаваліся грошы для агентаў.

Затрыманым палкоўнікам інкрымінуюць ⁠ч. 2 артыкула 111 (дзяржаўная здрада, учыненая ва ўмовах ваеннага становішча) і ⁠ч. 1 артыкула 14, ч. 2 артыкула 258 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (падрыхтоўка да тэрарыстычнага акту).

У іх правялі ператрусы, суд узяў іх пад варту. Падазраваным пагражае пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.

У Расеі гэтую інфармацыю не камэнтуюць.

Раней украінскія ўлады паведамлялі, што з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну папярэдзілі каля 10 замахаў на Ўладзіміра Зяленскага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG