Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля ўказу Лукашэнкі колькасьць аграсядзібаў у Беларусі зьменшылася ў 2,4 раза


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Па выніках 2023 году ў Беларусі было зарэгістравана 1290 аграсядзібаў — у 2,4 раза менш, чым годам раней (3043), паведаміла дырэктарка дэпартамэнту па турызьме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч на прэс-канфэрэнцыі 6 траўня, піша «Позірк».

Паводле Варановіч, шмат у чым на скарачэньне колькасьці аграсядзібаў паўплываў указ Аляксандра Лукашэнкі № 351 ад 4 кастрычніка 2022 году «Аб разьвіцьці аграэкатурызму», а таксама праведзеная да 1 ліпеня 2023 году іх перарэгістрацыя.

Як заявіла Варановіч, аграсядзібы агулам «зарэкамэндавалі сябе са станоўчага боку», аднак некаторыя «ператварыліся ў гатэлі і рэстараны для правядзеньня масавых мерапрыемстваў», тым часам для ўладаў Беларусі «важна, каб аграсядзібы адпавядалі першапачатковым ідэям, якія былі зададзеныя».

Разам з тым чыноўніца заявіла пра разьвіцьцё ўнутранага аграэкатурызму: паводле яе, у 2023 годзе аграсядзібы наведалі амаль 450,5 тысячы чалавек, зь іх больш за 431 тысячу — грамадзяне Беларусі, а 19 тысяч замежнікаў, якія наведалі аграсядзібы летась, прыбылі з 43 краінаў сьвету.

Сума падаткаў, выплачаных аграсядзібамі ў 2023 годзе, паводле Варановіч, вырасла на +19,3% і склала 1 млн 25 рублёў («тысяч» не прагучала) супраць 838 тысяч у 2022-м.

  • Уласьнікі аграсядзібаў меліся перарэгістраваць сваю дзейнасьць да 1 ліпеня 2023 году, а значыць, атрымаць дазвол з райвыканкаму. Аднак заяўкі падалі толькі каля паловы ўсіх гаспадароў, а станоўчы адказ атрымалі яшчэ менш.
  • 9 верасьня 2022 году на нарадзе з кіраўніцтвам ураду Аляксандар Лукашэнка, гаворачы пра абноўлены праект указу аб разьвіцьці аграэкатурызму ў Беларусі, заявіў, што «ня выкараненыя выпадкі, калі пад выглядам аграсядзібаў на сыстэмнай аснове квітнеюць гатэльны і рэстаранны бізнэсы, асабліва паблізу вялікіх гарадоў», і запатрабаваў, каб яны плацілі падаткі, «як усе гатэльныя комплексы» і «як увесь рэстаранны бізнэс», а не карысталіся льготамі, якія маюць аграсядзібы.
  • З 1 студзеня 2024 году ўлады павысілі стаўку збору з уладальнікаў аграсядзібаў (з 37 да 40 рублёў у месяц).
  • Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, колькасьць турыстаў, якія наведалі аграсядзібы, за 2023 год зьменшылася на 19,6%. У 2022 годзе іх паслугамі скарысталіся амаль 560 тысяч чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG