Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома пра гібель ва Ўкраіне яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расеі. Што пра яго вядома


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Наша ніва» даведалася пра сьмерць яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў ва Ўкраіне на баку Расеі. Віталь Чыбісаў пасьпеў паваяваць каля чатырох месяцаў. Яму было 22 гады.

Паводле інфармацыі выданьня, Віталь Чыбісаў завэрбаваўся адразу пасьля «дэмбэля». Родам ён з Клецку, пасьля сям’я пераехала ў Магілёў, потым у Дзяржынск, адтуль — у Маладэчна.

Згодна з базай «Кібэрпартызанаў», маці Віталя Чыбісава працавала прасавальніцай у мясцовай лякарні, а бацька токарам. Бацька хлопца, імаверна, выпіваў і ўжо памёр. Жылі Чыбісавы небагата — сямʼёй туліліся ў інтэрнаце ў Маладэчне.

Паводле зьвестак з базаў «Кібэрпартызанаў», ва ўзросьце 11 гадоў Віталь Чыбісаў скраў чужы тэлефон, а ў 13 — два ровары і яшчэ адзін тэлефон проста на працы ў ягонай маці. За гэта бацькоў штораз штрафавалі, а яго самога мусілі паставіць на ўлік у міліцыі.

Пасьля школы Віталь скончыў Узьдзенскі дзяржаўны каледж, які тады быў прафэсійным ліцэем. Вядома, што ён ухіляўся ад службы ў войску і яму нават закрылі за гэта выезд зь Беларусі ў 2020-м. Але служыць усё ж давялося, і ў восеньскі прызыў 2021-га яго забралі ў армію.

Пасьля двух гадоў службы ён прабыў цывільным усяго некалькі месяцаў. Ужо ў ліпені 2023-га Чыбісаў завэрбаваўся на кантракт у расейскую армію, каб ваяваць супраць украінцаў. Быў на перадавой.

Дата ягонай сьмерці і абставіны невядомыя, але, паводле «Нашай нівы», гэта адбылося паміж 26-м і 28-м лістапада 2023-га — яшчэ 25-га ён быў актыўны «УКантакце», а 24 лістапада выклаў бадзёрае відэа, дзе ён кіруе машынай у вайсковай форме.

Пахавалі Віталя ў Маладэчне.

Раней украінскі праект poternet.site пацьвердзіў факты гібелі 18 беларусаў і выхадцаў зь Беларусі, якія ваявалі ў складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», расейскай арміі і ў ваенізаваных фармаваньнях так званых «ДНР» і «ЛНР».

Сярод іх — Вячаслаў Моніч, Павал Макараў, Андрэй Бабко, Раман Гровіч, Васіль Курловіч, Аляксандар Шыянаў, Пётра Лузанаў, Павал Яўглеўскі, Ільля Курналёў, Уладзіслаў Чарноў, Мікалай Маркаў, Ігар Валачылаў, Аляксей Цішкевіч, Віталь Загнеткін, Аляксандар Міхайлаў, Іван Ігнаценка, Яраслаў Асташкоў і Сяргей Ланавенка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG