Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране сьмяротнае пакараньне прысудзілі вядомаму рэпэру, які ўдзельнічаў у антыўрадавых пратэстах


Тамадж Салехі
Тамадж Салехі

Улады Ірану вынесьлі сьмяротны вырак папулярнаму рэпэру Тамаджу Салехі, які ўдзельнічаў у антыўрадавых пратэстах 2022–2023 гадоў.

Пра гэта паведамляюць агенцтва Reuters і праваабарончая арганізацыя Iran Human Rights, піша «Настоящее время».

Праваабаронцы ўдакладнілі, што Салехі прызналі вінаватым у «пашырэньні карупцыі на зямлі» (тэрмін, які іранскія ўлады выкарыстоўваюць для абазначэньня шырокага кола злачынстваў, у тым ліку зьвязаных з ісламскай маральлю. — Рэд.).

Адвакат Салехі Мустафа Нэлі заявіў, што будзе абскарджваць сьмяротны прысуд.

Музыку затрымалі ў кастрычніку 2022 году, удакладняе Reuters. Яму паставілі ў віну падтрымку тых, хто пратэставаў супраць ураду, у тым ліку ў сваіх песьнях і публічных выказваньнях.

У 2023 годзе Вярхоўны суд Ірану прыгаварыў Салехі да 6 гадоў і 3 месяцаў турмы.

Праваабаронцы адзначаюць, што, павялічваючы колькасьць сьмяротных прысудаў, улады Ірану імкнуцца «пасеяць страх у грамадзтве, каб перадухіліць пратэсты і падоўжыць сваё кіраваньне». Яны заклікалі міжнародную супольнасьць рашуча адрэагаваць на дзеяньні іранскіх уладаў, каб перадухіліць сотні новых ахвяраў у найбліжэйшыя месяцы.

Паводле праваабарончых арганізацый Iran Human Rights і Together Against the Death Penalty, у 2022 годзе ўлады Ірану пакаралі сьмерцю 582 чалавекі — на 333 больш, чым у 2021-м. Пры гэтым, як адзначылі праваабаронцы, 511 чалавек былі пакараныя без публічнага абвяшчэньня прысудаў і толькі пра 71 сьмяротны прысуд улады Ірану паведамілі афіцыйна. Таксама праваабаронцы паведамілі аб пакараньні прынамсі 16 жанчын і трох непаўналетніх.

Улады Ірану спрабуюць не дапусьціць трапляньня ў сусьветную прэсу любой інфармацыі аб тым, што адбываецца ў краіне. З пачатку пратэстаў былі арыштаваныя больш за 40 журналістаў, а тыя, хто застаецца на волі, скардзяцца на сачэньне і праслухоўваньне сваіх тэлефонаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG