Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» буйную суполку ў сацсетках, дзе прадаюць аўтамабілі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суполку «Авторынок Беларусь» «УКантакце», прысьвечаную продажу аўтамабіляў, унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Такое рашэньне прыняў суд у Оршы 19 красавіка, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

У суполцы — больш за 70 тысяч карыстальнікаў, там публікуюць аб'явы людзей аб продажы аўтамабіляў.

Магчыма, у «экстрэмісцкі сьпіс» суполку ўнесьлі празь яе аватарку: на ёй намаляваны фрагмэнт беларускіх аўтамабільных нумароў пачатку 90-х з гербам «Пагоня», адзначаюць праваабаронцы.

Нядаўна суд у Гомлі прызнаў «экстрэмісцкімі» тры «транспартныя» тэлеграм-каналы і чаты: «Общественный транспорт Гомеля» (чат аматараў грамадзкага транспарту Гомля), «Транспорт ВY» (праект IBA Group з раскладам і маршрутамі аўтобусаў па ўсёй краіне, мае больш за 500 тысяч спампоўваньняў у Google Play) і «Гомельский транспорт» (у ім публікавалі інфармацыю пра ўсе зьмены ў працы грамадзкага транспарту Гомля).

Асобна ў Беларусі існуе сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за распаўсюд і захоўваньне якіх пагражае адміністрацыйная адказнасьць. Гэта сьпіс на 840 старонак. Толькі за апошні год пад адміністрацыйны перасьлед за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» падпалі больш за 1,3 тысячы чалавек.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG