Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі ўдзельнікаў гурту «Бі-2» папрасілі грамадзянства Малдовы пасьля арышту ў Тайляндзе


Гурт «Бі-2», архіўнае ілюстрацыйнае фота
Гурт «Бі-2», архіўнае ілюстрацыйнае фота

Некалькі ўдзельнікаў рок-гурту «Бі-2» і іх сямейнікаў падалі дакумэнты на атрыманьне грамадзянства Малдовы, паведаміў кіраўнік кабінэту прэзыдэнта Малдовы Адрыян Бэлуцэл.

«Мы гасьцінны народ, які адчыніў дзьверы і раскрыў абдымкі для ўсіх людзей, якія шукаюць выратаваньня ад вайны. І мы будзем дапамагаць усім, хто выступае за мір — і каго за гэта перасьледуюць. Рэпрэсіі ў дачыненьні да гурту „Бі-2“ пачаліся пасьля таго, як яго ўдзельнікі выказалі сваю пазыцыю супраць вайны, якую Расея разьвязала ва Ўкраіне», — заявіў Адрыян Бэлуцэл.

Паводле яго, заявы ўдзельнікаў «Бі-2» накіруюць прэзыдэнтцы Малдовы Маі Санду. Іх будуць разглядаць у парадку працэдуры «наданьня грамадзянства ў інтарэсах Рэспублікі Малдова».

Бэлуцэл не ўдакладніў, пра колькі і якіх менавіта ўдзельнікаў гурту ідзе гаворка. Паводле зьвестак выданьня «Вёрстка», гэта тры чалавекі, сярод якіх няма лідэраў гурту, беларусаў Лёвы (Ягор Бортнік) і Шуры (Аляксандар Уман), бо ў абодвух ёсьць ізраільскае грамадзянства. Разам зь сямейнікамі ўдзельнікаў гурту, як паведамляе выданьне, грамадзянства Малдовы папрасілі сем чалавек. Мэдыядырэктар «Бі-2» Ігар Рубінштэйн расказаў «Вёрстцы», што грамадзянства папрасілі музыкі, прадстаўнікі тэхнічнага пэрсаналу і мэнэджмэнту групы, а таксама іх сямейнікі.

  • «Бі-2» — расейскамоўны рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і ўдзельнікі — Шура Бі-2 (Аляксандар Уман — гітара, вакал) і Лёва Бі-2 (Ягор Бортнік — асноўны вакал). У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў (гітара), Макс Лакмус (бас-гітара), Барыс Ліфшыц (ударныя, пэркусія) і Ян Нікаленка (бэк-вакал, клявішныя, флейта, пэркусія).
  • У 2020-м музыкі «Бі-2» падтрымалі пратэсты ў Беларусі.
  • Неўзабаве пасьля пачатку вайны Расеі ва Ўкраіне гурт «Бі-2» быў вымушаны спыніць канцэрты ў Расеі і Беларусі. У красавіку 2022 году артысты адмовіліся выступаць у Омску, бо ў залі быў плякат «Zа президента», пасьля гэтага ўсе іх канцэрты ў РФ скасавалі або надоўга адклалі.
  • У канцы студзеня 2024 году музыкаў «Бі-2» затрымалі ў Тайляндзе пасьля канцэрту — нібыта за няправільна аформленыя дакумэнты і адсутнасьць дазволу на працу. Кожнага аштрафавалі на 84 даляры. Музыкі «Бі-2» правялі па 5–6 дзён у тайскай турме. Расейскі кансулят у Тайляндзе дамагаўся дэпартацыі музыкаў у Расею. Урэшце ўсіх музыкаў вызвалілі, і яны змаглі пакінуць Тайлянд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG