Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Птушка, якая зьбіраецца ў вырай». Калегі ўспамінаюць знакавага беларускага філёзафа, гісторыка Уладзімера Конана


На імпрэзе памяці Ўладзімера Конана ў Менску, ліпень 2012 году
На імпрэзе памяці Ўладзімера Конана ў Менску, ліпень 2012 году

23 красавіка Ўладзімеру Конану магло б споўніцца 90. Пра знакавую постаць беларушчыны, гісторыка, літаратуразнаўца, фальклярыста, доктара філязофіі, прафэсара ўспамінаюць ягоныя калегі, сябры, выхаванцы.

Мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч: «Шырыня ягоных ведаў, уменьне супаставіць факты або дзеі, сутыкнуць супрацьлегласьці ў пошуку ісьціны выклікалі захапленьне»

У тэлефоннай размове ўспомнілі Ўладзімера Конана... І памяць адразу паслужліва выцягвае аднекуль з падсьвядомасьці карцінку.

Рэдакцыйны пакой. За сталамі, схіленыя над паперамі, тры супрацоўнікі часопіса «Мастацтва». Адчыняюцца дзьверы — на парозе чалавек з усьмешкаю-павінаю на твары: вось, адрываю вас ад працы... А ўсе галовы ўжо павярнуліся ў яго бок, і прысутныя навыперадкі запрашаюць: «Праходзьце! Сядайце!». Які быў сьветлы час!

Уладзімер Міхайлавіч прыходзіў звычайна да майго калегі, загадчыка аддзелу тэорыі і гісторыі мастацтва Вячаслава Вайткевіча. Час ад часу яму замаўлялі артыкул (або ён сам прапаноўваў), а пэдантычны Вячаслаў Сьцяпанавіч лічыў патрэбным кожную сваю рэдактарскую праўку абмеркаваць/узгадніць з аўтарам... Аўтарам гэта, як правіла, падабалася. Яны зь цікавасьцю завітвалі ў рэдакцыю, і для нас, прысутных у тым самым пакоі, гэта было сьвята. І Ўладзімер Конан, і Мікалай Крукоўскі лёгка пагаджаліся з прапановамі спадара Вайткевіча, і зусім ня гэтая фармальнасьць была галоўнай. Найважнейшае — размова! Часам па тэме будучай публікацыі (ніколі ў адзін тэкст усяго не ўкладзеш), часам пра нешта былое або будучае... Навукоўцы дзяліліся з удзячнымі слухачамі сваёй інфармацыяй, развагамі, роздумамі, сумневамі... А для нас гэта былі як бы нефармальныя ўнівэрсытэты: лекцыі па гісторыі ды культуры Беларусі, філязофскія развагі пра сьвет ды асобу, трактоўкі хрысьціянскіх пастулятаў. Калі візыт выпадаў на канец працоўнага дня, то з партфэля госьця або з рэдакцыйнага стала выцягвалася бутэлька, і бяседа магла зацягнуцца не на адну гадзіну.

Уладзімер Міхайлавіч быў чалавекам сьціплым, невысокага росту, хударлявым... Ён ня ўражваў прамоўніцкім майстэрствам. І голас меў нягучны. Але шырыня ягоных ведаў, уменьне супаставіць факты або дзеі, сутыкнуць супрацьлегласьці ў пошуку ісьціны выклікалі захапленьне. Ягоная выразная беларускасьць у кожнай працы, сапраўдная, не паказная адданасьць нацыянальнай ідэі, нястомнасьць у гэтай пасьлядоўнай і спакойнай сяўбе «добрага, вечнага» праз гады ўспамінаецца, разумеецца і цэніцца намі, яго прыхільнікамі і колішнімі слухачамі, з усё большай удзячнасьцю. Бо ён ніколі ня быў занудам, меў да ўсяго раней названага яшчэ і добрае пачуцьцё гумару.

Уладзімер Конан належаў да той славутай інтэлігенцкай суполкі, якая пазьней была названая «На паддашку». Асьветніцкі складнік у яе дзейнасьці быў, думаю, самы моцны. І вельмі разнастайны. Вось аднойчы трапіла я на сустрэчу, калі спадар Конан расказваў пра кнігу, якую яму ўдалося пачытаць у закрытым бібліятэчным фондзе (меў права як навуковец высокага рангу!). Ён нават кароткі канспэкт зрабіў, каб сябрам пераказаць. Не згадаю ўсіх падрабязнасьцяў, але гаворка ішла пра кнігу Ота Вэйнінгера «Пол і характар». Аўтар разважае пра мужчын і жанчын, сьцьвярджае, што ў прыродзе няма «чыстых» асобін — у кожным мужчыну знойдуцца нейкія жаночыя рысы (у зьнешнасьці, у характары). І тое ж датычыць жанчын. Але дзеля чаго спадар Конан расказваў пра гэтую кніжку? Бо тое ж самае Вэйнінгер пераносіць і на нацыі. Маўляў, ёсьць «мужчынскія нацыі» (немцы, напрыклад), а ёсьць «жаночыя» (беларусы, габрэі). «Жаночыя нацыі» цяжка здабываюць сваю дзяржаўнасьць, лёгка губляюць... Штуршок для агульнай дыскусіі быў такі моцны, што я дагэтуль пра яе памятаю.

Паэтка Іна Снарская: «Ніхто і ніколі так глыбока не аналізаваў мае вершы»

Калі б мяне спыталі пра галоўныя якасьці Ўладзімера Конана, я б адказала: сьціпласьць, далікатнасьць, сіла духу, высокі палёт думкі. Уладзімер Міхайлавіч — прыклад беларускага інтэлігента, які пры ўсёй велізарнасьці ўласных задач знаходзіў час і магчымасьці для падтрымкі іншых людзей, маладых творцаў у тым ліку.

А пазнаёміліся мы ў 1995-м. Яўген Лецка арганізаваў творчую сустрэчу са мной у Саюзе кампазытараў, быў там і Ўладзімер Конан. З таго часу каля 15 гадоў запар, калі я прыяжджала з Палтавы ў Менск, мы сустракаліся. Вялікім гонарам і нечаканасьцю для мяне стаў вялікі, амаль на дзьве паласы, артыкул у «ЛіМе» «Чарадзейная чапля на белай назе» ад 18 студзеня 2002 году, у якім знаны мысьляр дасьледаваў маю паэзію, называў сымбалістам і нэарамантыкам. Ніхто і ніколі так глыбока не аналізаваў маіх вершаў. Спадар Уладзімер пабачыў у іх нешта, пра што я і сама ня ведала, бо «ня мы, а цераз нас». Ніколі не называў паэтэсай або паэткай, толькі паэтам.

Памятаю, як мы разам хадзілі ў бібліятэку Акадэміі навук. Уладзімер Міхайлавіч узяў на свой фармуляр некалькі кніг для мяне (я цікавілася міталёгіяй славянства, а запісацца ў бібліятэку не магла, не было прапіскі). Тады ж спадар Уладзімер падарыў мне сваю кнігу «Выбранае. Выдатныя постаці Беларусі» (Менск, «Смэлтак», 2009) з дарчым надпісам. Там быў артыкул і пра мяне. «Творчасьць на беларуска-ўкраінскім культурным памежжы: паэзія Іны Снарскай»... Тады я ўжо ведала, што спадар Уладзімер цяжка хворы, але мужна змагаецца з хваробай, спадзявалася, што лёс будзе да яго ласкавы і адпусьціць хаця б яшчэ некалькі год...

А потым мы сустрэліся на чыгуначным вакзале. Уладзімер Міхайлавіч сьпяшаўся на электрычку, недзе пад Менскам была яго дача, я ехала ў Полацак. Прывіталіся. «Хачу паглядзець, як яблыні цьвітуць», — сказаў спадар Уладзімер і сумна ўсьміхнуўся. Сэрца сьціснула прадчуваньне: усё, больш не пабачымся. І хоць я адагнала гэтую думку, сустрэча сапраўды аказалася апошняй... Так і стаіць перад вачыма танклявая, амаль ужо бязважкая постаць у карычневым плашчыку. Ён нагадаў мне птушку, якая зьбіраецца ў вырай. Але вернецца, абавязкова вернецца!

Уладзімер Конан, 2010 год.
Уладзімер Конан, 2010 год.

Літаратар і гісторык Сяргей Абламейка: «Цяпер такіх усё менш, бескарысьлівых рыцараў сваёй краіны і народу»

Уладзімер Конан займае важнае і ганаровае месца ў гісторыі беларускай навукі і культуры. Але я хацеў бы сказаць некалькі слоў пра чалавека і беларуса Ўладзімера Конана.

Калі я думаю і ўспамінаю пра яго, то найперш адчуваю цеплыню. Для мяне гэта быў цёплы, далікатны і памяркоўны чалавек. Гэта быў другі «эстэт» нашай філязофіі. Мікалай Крукоўскі займаўся непасрэдна тэорыяй прыгажосьці, а Ўладзімер Конан як выпускнік гістфаку БДУ — гісторыяй эстэтычнай думкі Беларусі.

Ягоныя працы «Разьвіцьцё эстэтычнай думкі ў Беларусі» і «Ад Рэнэсансу да клясыцызму» расставілі важныя акцэнты ў нашай культуры. Бачыў ён прыгажосьць і глыбінны зьмест у багатым беларускім фальклёры, пра што напісаў кнігу «Ля вытокаў самапазнаньня: Станаўленьне духоўных каштоўнасьцяў у сьвятле фальклёру». Яна і цяпер стаіць на маёй паліцы. Таксама Конан напісаў кнігу «Беларуская мастацкая культура эпохі Сярэдневякоўя і Рэнэсансу» і адзін з тамоў трохтомнай «Гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі». Прычым гэта толькі некаторыя зь ягоных кніг.

У 1991 годзе, калі я прыйшоў працаваць у Акадэмію навук, у Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны, маім начальнікам стаў прафэсар Уладзімер Конан. Ён быў загадчыкам аддзелу гісторыі і тэорыі культуры, а я там малодшым навуковым супрацоўнікам. Гэта быў цудоўны начальнік, добразычлівы і ўважлівы, які не рабіў прачуханак і разносаў, усё разумеў, уважліва слухаў і прымаў прапановы і наагул дапамагаў жыць і працаваць. Давялося бываць і ў яго дома.

Я ў тыя часы цікавіўся гісторыяй уніяцкай царквы і прапанаваў загадчыку стварыць калектыўную працу па гісторыі цэркваў. У выніку наш аддзел уключыў у плян амбіцыйную працу пад назвай «Нарысы па гісторыі рэлігіі ў Беларусі», дзе кожнай канфэсіі павінен быў быць прысьвечаны асобны том. На жаль, Цэнтар вельмі хутка стаў ахвярай бюракратычных рэарганізацый і антыбеларускай палітыкі ўладаў, нават перад сконам быў выведзены са складу Акадэміі навук. У выніку тая праца не была закончаная.

Калі я думаю пра прафэсара Конана, то найперш успамінаю наш паверх у адным з крылаў галоўнага корпусу Акадэміі навук, пакой нашага аддзелу і наогул тыя блаславёныя часы пачатку 1990-х, калі мы аптымістычна глядзелі ў будучыню Беларусі і спадзяваліся, што яна будзе менавіта беларускаю. Тады можна было лёгка зайсьці ў кабінэт да віцэ-прэзыдэнта Акадэміі навук, акадэміка Радзіма Гарэцкага і атрымаць у яго подпіс пад чарговым калектыўным зваротам з нагоды чарговай беларускай ініцыятывы. Нашымі суседзямі былі навукоўцы Інстытуту літаратуры, там працавала цэлая плеяда легендарных асобаў. Такімі былі і загадчык нашага аддзелу Ўладзімер Конан, і дырэктар Скарынаўскага цэнтру Адам Мальдзіс — два прафэсары, якія так ніколі і не былі абраныя ў склад Акадэміі. Гэта ганебная пляма ў гісторыі беларускай навукі.

Уладзімер Конан быў працаголікам і фанатыкам беларушчыны. У ягонай аднапакаёвай кватэрцы на беразе Чыжоўскага вадасховішча ў Серабранцы не было тэлевізара. Толькі кніжная шафа, завалены кнігамі пісьмовы стол і канапа для спаньня. Большую частку дня ён праводзіў у бібліятэках, меншую — дома, за сваім сталом. Колькасьць напісаных ім тэкстаў цяжка падлічыць.

Мне выпала быць ягоным малодшым калегам і сябрам, ціснуць яму руку і шмат зь ім гаварыць — у апошнія 15 гадоў ягонага жыцьця пераважна праз тэлефон з Прагі ці падчас маіх рэдкіх прыездаў у Менск. Я тужу па ім як па чалавеку, які прысьвяціў жыцьцё беларушчыне — Беларусі і яе культуры. Цяпер такіх усё менш, бескарысьлівых рыцараў сваёй краіны і народу. Але яны былі, і адным зь іх быў і застанецца прафэсар Уладзімер Конан. Ён адзін са стваральнікаў таго падмурку, на якім, спадзяюся, Беларусь будзе цьвёрда стаяць далей.

Культурны антраполяг Любоў Уладыкоўская: «Прафэсар Конан акрэсьліў парадыгму беларускага нацыянальнага быцьця і самапазнаньня ў кантэксьце эўрапейскай хрысьціянскай цывілізацыі»

Мне здаецца, што Ўладзімер Конан недастаткова ацэнены ў беларускай публічнай прасторы, а ягоная спадчына недаравальна мала дасьледаваная і папулярызаваная. Між тым гэта адзін з самых годных беларусаў, чые напрацоўкі маюць лёсавызначальнае значэньне для ўсёй нашай нацыі.

Галоўнай любоўю і прадметам увагі Ўладзімера Міхайлавіча была беларуская культура ва ўсіх яе формах і праявах. Ведаючы нацыянальную культуру дасканала і абапіраючыся на самыя глыбокія і маладасьледаваныя яе пласты, прафэсар Конан акрэсьліў парадыгму беларускага нацыянальнага быцьця і самапазнаньня ў кантэксьце эўрапейскай хрысьціянскай цывілізацыі.

Наша пэрсанальнае знаёмства адбылося ў 1989 годзе, калі я скончыла ўнівэрсытэт і пачала дасьледаваць асновы нацыянальнага сьветапогляду. Беларускім падыходам у навуцы патрэбная была маральная і прафэсійная падтрымка, і мая сяброўка параіла зьвярнуцца да Конана. Уладзімер Міхайлавіч шчыра і добразычліва адгукнуўся. Фармальна ня будучы ні кіраўніком, ні кансультантам, прафэсар Конан усяляк спрыяў майму навуковаму і грамадзянскаму сталеньню — напэўна, далёка ня толькі майму. Ён нястомна адкрываў для мяне імёны сусьветна вядомых філёзафаў, псыхолягаў, сацыёлягаў, чые працы толькі-толькі станавіліся даступнымі на постсавецкай прасторы; дэманструючы неверагодна дэталёвае валоданьне беларускім матэрыялам, ён навучаў беларусацэнтрычнай сыстэме філязофскага і культуралягічнага мысьленьня, у той час як пераважная большасьць філёзафаў Беларусі надоўга ці назаўсёды захрасла ў расейскім мэнтальна-культурным кантэксьце.

Вялікім шчасьцем і сапраўднай удачай было мець у Скарынаўскім цэнтры, які я ўзначальвала ў 1998–2004 гадах, загадчыкам аддзелу гісторыі і тэорыі культуры Ўладзімера Конана. Менавіта прафэсар Конан зразумеў мэтазгоднасьць стварэньня новага падразьдзяленьня — праблемаў хрысьціянства і нацыянальнага разьвіцьця, падтрымаў маю ініцыятыву кадрамі, стала ўдзельнічаў у міжканфэсійных сустрэчах у Скарынаўскім цэнтры.

Ніводзін сур’ёзны навуковы беларускі праект ня мог абысьціся без Уладзімера Конана — ягоных думак, ідэй, ягонага актыўнага прафэсійнага ўдзелу. Ён нязьменна выступаў з асноўнымі дакладамі, распрацоўваў стратэгію, расстаўляў акцэнты. Быў стрыжнем, галоўным экспэртам. Ва ўсіх грамадзка-культурных ініцыятывах і навуковых праектах (ад стварэньня Тэрміналягічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі, адкрыцьця бібліятэкі імя Адама Міцкевіча ў Чырвоным касьцёле, распрацоўкі праблемы грамадзкіх ідэалаў Беларусі — да праекту UNESCO па культурным разьвіцьці і Беларуска-амэрыканскага грамадзка-культурнага дыялёгу) я нязьменна абапіралася ў першую чаргу на Ўладзімера Конана.

Уладзімер Міхайлавіч ніколі не займаўся так модным цяпер піярам, самарэклямай. Шкадаваў на гэта часу, дый не лічыў патрэбным. Не шукаў ні славы, ні грошай. Быў аскетам. Жыў сьціпла, у акружэньні кніг, як сапраўдны акадэмічны навуковец. Даваў зарок беднасьці, нейкі час нават адмаўляўся ад заробку. Навагоднюю ноч, як любіў расказваць, праводзіў з бутэлькай кефіру за пісьмовым сталом. Вельмі шанаваў фальклёр і этнічны стыль, любіў простасьць, часта прыходзіў на імпрэзы з палатнянай торбачкай, жартаўліва ўжываў грубаваты народны гумар. Зь пяшчотай цягнуўся да нашай прыроды, някідкіх, такіх мілых сэрцу беларускіх краявідаў.

Любіў праўду. Абараняў слабейшых. Ніколі ня ўдзельнічаў ні ў якіх інтрыгах, паклёпах і плётках. Быў мужны і сьмелы, без паказнога геройства. Умеў адразу ўбачыць сутнасьць любога чалавека, справы ці падзеі.

Будучы праваслаўным, прыхільна ставіўся да іншых хрысьціянскіх канфэсій.

Першая кніга, якую мне падараваў Уладзімер Конан, — гэта Новы Запавет на беларускай мове. Лічыў, што асноўнае, што трэба чалавеку, зьмешчана тут. І так, як трэба, — па-беларуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG