Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэст на паслухмянасьць для чыноўнікаў і насельніцтва. Навошта Лукашэнку суботнікі


Аляксандар Лукашэнка (справа) на суботніку ў роднай вёсцы Копысь у Віцебскай вобласьці. 20 красавіка 2024
Аляксандар Лукашэнка (справа) на суботніку ў роднай вёсцы Копысь у Віцебскай вобласьці. 20 красавіка 2024

20 красавіка ў Беларусі прайшоў традыцыйны суботнік. Як звычайна, у ім у прымусовым парадку ўдзельнічалі ўсе, хто працуе на дзяржаўных прадпрыемствах і ва ўстановах. Прадпрыемствы вымушаны пералічваць у фонд суботніка пэўныя сумы.

Сьцісла:

  • Суботнік — гэта тэст на здольнасьць выканаўчай вэртыкалі да мабілізацыі насельніцтва.
  • Гэтае мерапрыемства павінна ствараць ілюзію народнага адзінства, кансалідацыі людзей вакол улады.
  • У тым ліку і за суботнікі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі рэгулярна заносяць Беларусь у сьпіс краін, у якіх выкарыстоўваецца прымусовая праца.
  • Гэтым разам, здаецца, упершыню сродкі, заробленыя на суботніку, пойдуць не на гуманітарныя мэты, а на ідэалягічнае выхаваньне насельніцтва, на рэканструкцыю мэмарыяльных комплексаў, прысьвечаных мінулай вайне.

Навошта суботнік патрэбен уладам, Аляксандру Лукашэнку?
Найперш, гэта даніна савецкай традыцыі, сіла інэрцыі, звычкі, настальгія па СССР, неабходны рытуал.

Але ў суботніку ёсьць і рацыянальны палітычны сэнс. Гэта тэст на здольнасьць выканаўчай вэртыкалі да мабілізацыі насельніцтва. Суботнік стаў у пэўным сэнсе праверкай на паслухмянасьць народу, на палітычную добранадзейнасьць. Калі людзей можна прымусіць працаваць бясплатна ў выходны дзень, то гэта важны паказьнік кантролю над імі з боку ўлады.

Таксама тут існуе прапагандысцкі момант. Суботнік стварае ілюзію народнага адзінства, кансалідацыі вакол улады. Той факт, што і Лукашэнка разам з усім насельніцтвам працуе, павінна падкрэсьліць ягонае яднаньне з народам. Гэта сымбалізм, які сягае да міталягічнай гісторыі зь ленінскім бервяном.

Дарэчы, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі рэгулярна заносяць Беларусь у сьпіс краін, у якіх выкарыстоўваецца прымусовая праца. Пры гэтым згадваюць ня толькі пэнітэнцыярную сыстэму, практыку адпрацоўкі выпускнікоў навучальных устаноў, але і суботнікі.

Важным момантам, які сьведчыць пра сучасныя прыярытэты дзяржаўнай палітыкі, зьяўляецца пытаньне пра тое, куды пойдуць сродкі, заробленыя на суботніку. Мінулымі гадамі аб’яўлялася, што грошы накіроўваюцца на будаўніцтва ці рамонт шпіталяў, іншых мэдычных устаноў, нейкіх сацыяльных аб’ектаў, накшталт дзіцячых дамоў ці дамоў для састарэлых людзей. Маўляў, Беларусь жа — сацыяльная дзяржава.

А вось цяпер ўсё інакш. Гэтым разам, здаецца, упершыню сродкі, заробленыя на суботніку, пойдуць на ідэалягічнае выхаваньне насельніцтва. Сёньня менавіта гэта галоўнае, прыярытэтнае, усе астатнія праблемы пачакаюць.

А на чым, як лічаць улады, можна і варта выхоўваць людзей? Правільна, на памяці пра мінулую вайну. Паводле БелТА, 30% грошай пойдзе на рэканструкцыю, аднаўленьне і бягучы рамонт мэмарыяльных комплексаў, месцаў баявой і вайсковай славы; 35% — на рэканструкцыю мэмарыяльнага комплексу «Дзецям — ахвярам вайны» ў населеным пункце Красны Бераг Жлобінскага раёну; 30% — на стварэньне рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхаваньня моладзі на базе Кобрынскага ўмацаваньня Берасьцейскай крэпасьці.

Умоўна кажучы, замест сацыяльнай дзяржавы маем дзяржаву ідэалягічную. І цяперашні суботнік — важная вяха на шляху гэтай эвалюцыі.

  • Сам Лукашэнка працаваў на сваёй малой радзіме, у Шклоўскім раёне, садзіў яблыневы сад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG