Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы заявілі пра магчымасьць сьвядомасьці нават у насякомых


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Каля 40 навукоўцаў з розных краінаў падпісалі Нью-Ёркскую дэклярацыю аб сьвядомасьці жывёл, якая сьцьвярджае магчымасьць сьвядомасьці нават у бесхрыбетных. Дэклярацыю прадставілі 19 красавіка, піша NBC News.

Згодна з дакумэнтам, наяўнасьць сьвядомага досьведу ў млекакормячых і птушак валодае «моцнай навуковай падтрымкай». Таксама назіраньні і экспэрымэнты паказваюць на «рэальную магчымасьць» сьвядомасьці ва ўсіх хрыбетных (рэптыліяў, амфібіяў, рыбаў) і шматлікіх бесхрыбетных (васьміногаў, ракаў, насякомых).

За апошнія гады было зроблена некалькі адкрыцьцяў, якія дазваляюць лічыць розных жывёл разумнымі. Напрыклад, навукоўцы выявілі, што губан-чысьцільшчык здольны праходзіць «люстраны тэст», гэта значыць пазнаваць сябе ў люстэрку. Раней гэты тэст праходзілі шымпанзэ і дэльфіны, наяўнасьць сьвядомасьці ў якіх выклікае менш сумневаў. «Ніхто і за мільён гадоў не чакаў, што малюсенькая рыбка зможа прайсьці гэты тэст», — кажа адзін з падпісантаў дэклярацыі.

У іншых экспэрымэнтах было даказана, што рыбы таксама праяўляюць цікаўнасьць, пчолы — асабліва маладыя — гуляюць з драўлянымі шарыкамі, каракаціцы здольныя запамінаць убачанае і панюханае, а ракі рэагуюць на супрацьтрывожныя прэпараты.

Па меры таго як усё больш і больш відаў дэманструюць падобныя прыкметы, перад навукоўцамі можа паўстаць пытаньне, якія ўвогуле жывёлы не валодаюць розумам, кажа спэцыяліст па праве жывёл Раджэш Рэддзі.

У Нью-Ёркскай дэклярацыі гаворыцца, што «безадказна ігнараваць» магчымасьць сьвядомасьці ў жывёлы пры прыняцьці рашэньняў, якія яе закранаюць, у тым ліку заканадаўча. Напрыклад, амаль усюды дазволена кідаць жывых ракаў у кіпячую ваду, але ў Вялікай Брытаніі іх ужо ўключылі ў законапраект як разумных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG