Савет міністраў Беларусі ўнёс зьмены ў палажэньне аб пэнсіях за асаблівыя заслугі перад Беларусьсю.
Як адзначаецца ў пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, цяпер пэнсіі за асаблівыя заслугі перад дзяржавай будуць прызначаць касманаўтам Беларусі.
Раней Аляксандар Лукашэнка прызначыў першай у гісторыі сувэрэннай Беларусі касманаўтцы Марыне Васілеўскай званьне Героя Беларусі. Яе касьмічны палёт на МКС праходзіў 14 дзён — з 23 сакавіка па 6 красавіка 2024 году. Дванаццаць зь іх яна правяла на Міжнароднай касьмічнай станцыі, дзе выконвала навуковую праграму, распрацаваную Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі сумесна з «Раскосмасам» і Расейскай акадэміяй навук.
Навуковая праграма ўключала 7 мэтавых работ — 5 навукова-дасьледчых і 2 адукацыйныя праекты. Навуковыя дасьледаваньні — у галіне біялёгіі, фізыялёгіі, аўтаномнага функцыянаваньня касьмічных станцый, дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі з выкарыстаньнем фота- і відэаспэктральнай апаратуры беларускай вытворчасьці, якая знаходзіцца на МКС. Таксама Васілеўская дасьледавала ляктафэрын і прабіётыкі, вырабленыя навуковымі арганізацыямі НАН, для іх наступнага магчымага выкарыстаньня ў стварэньні прадуктаў харчаваньня для касманаўтаў.