Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызаны» заявілі, што правялі атаку на «Гродна Азот»


Выгляд сайту прадпрыемства пасьля атакі
Выгляд сайту прадпрыемства пасьля атакі

Група беларускіх хакераў узламала ўнутраную сетку прадпрыемства, у выніку чаго паралізаваная праца шэрагу сыстэм.

«З 2020 году кіраўніцтва Гродна Азот удзельнічае ў зьдзеках, ціску і палітычных рэпрэсіях у адносінах супрацоўнікаў прадпрыемства. Мы не забыліся карныя рэйды, даносы і масавыя звальненьні. Цяпер ваша чарга расплачвацца», — напісала супольнасьць на сваім канале, тлумачачы свае дзеяньні.

У якасьці доказаў узлому супольнасьць выклала некалькі здымкаў з экранаў і відэа.

У прыватнасьці, у выніку атакі, паводле сьцьверджаньня «Кібэрпартызанаў»:

  • зашыфравана ўнутраная пошта, дакумэнтазварот і сотні працоўных ПК;
  • зьнішчаны бэкапы базаў дадзеных, сэрвэраў, пошты, дакумэнтазвароту;
  • узламаныя сыстэмы аховы і камэры назіраньня;
  • парушана праца кацельнага цэху.

«Кібэрпартызаны» паставілі свае ўмовы:

«Каб аднавіць зьвесткі, дыктатару давядзецца вызваліць УСІХ палітвязьняў „Гродна Азоту“ + 75 палітвязьняў з найгоршым станам здароўя (на наша меркаваньне). Цяпер мы працавалі акуратна і задзейнічалі толькі малую частку нашых магчымасьцяў. Калі адмовіцеся, наступным разам стаўкі будуць яшчэ вышэйшыя».

  • «Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных праломнікаў (хакераў), якая зьявілася ў верасьні 2020 году.
  • Яны атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы беларускіх дзяржаўных установаў і сілавых структураў, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньнем у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.
  • Супольнасьць пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.
  • Сваю дзейнасьць яны называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.
  • «Кібэрпартызаны» актыўна дапамагаюць аб’яднаньню беларускіх сілавікоў ВуРol у правядзеньні расьсьледаваньняў.
  • Таксама «Кібэрпартызаны» дапамагаюць палку імя Кастуся Каліноўскага ва Ўкраіне правяраць новых добраахвотнікаў.

Супраць горадзенскага прадпрыемства ўведзены санкцыі Эўразьвязу. У Брусэлі лічаць, што «Гродна Азот» нясе і адказнасьць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, бо на заводзе звальнялі і запалохвалі супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах і страйку.

Аднак санкцыі ўдаецца абыходзіць. Раней Чэскі цэнтар расьсьледніцкай журналістыкі высьветліў, што ў Чэхію і Польшчу дастаўляюць карбамід, выраблены хімічным шляхам на прадпрыемстве «Гродна Азот».

«Гродна Азот» — адзіны вытворца карбаміду ў Беларусі. Эўразьвяз разам з Канадай, Злучанымі Штатамі, Вялікай Брытаніяй, а потым і Швайцарыяй увялі санкцыі ў дачыненьні да прадпрыемства яшчэ ў 2021 годзе з прычыны «працягу парушэньняў правоў чалавека і асноўных свабодаў на тэрыторыі Беларусі». Гэта адбылося пасьля таго, як прэзыдэнцкія выбары ў краіне чарговы раз прызналі сфальшаванымі на карысьць нязьменнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG