Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Качанаву перавыбралі старшынёй Савету Рэспублікі. Чым яна вядомая


Натальля Качанава, архіўнае фота
Натальля Качанава, архіўнае фота

Галасаваньне было тайным, з выкарыстаннем бюлетэняў, паведамілі ў верхняй палаце Нацыянальнага сходу.

На першым пасяджэньні старшынёй Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага скліканьня выбралі Натальлю Качанаву, перадае БелТА. Яна кіравала Саветам Рэспублікі і папярэдняга скліканьня.

За яе кандыдатуру прагаласаваў кожны з 58 бюлетэняў, якія атрымалі.

Натальля Качанава родам з Полацку. Яна доўгі час узначальвала Наваполацкі гарвыканкам, пакуль яе не забралі ў Менск на пасаду віцэ-прэм’ера ў сацыяльнай палітыцы. У 2016–2019 гадах яна ўзначальвала адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Той казаў, што кандыдатуру Качанавай прапаноўвалі сілавікі.

Хто такая Качанава

25 верасьня Качанавай споўніцца 64 гады. Яна родам з Полацку (Віцебская вобласьць). Скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут і Акадэмію кіраваньня.

У сыстэме дзяржаўнага кіраваньня з 2002 году. Займала пасады старшыні Наваполацкага гарвыканкаму, намесьніцы прэм’ер-міністра, кіраўніцы Адміністрацыі прэзыдэнта.

5 сьнежня 2019 года была прызначаная Аляксандрам Лукашэнкам сябрам Савету Рэспублікі сёмага скліканьня, выбраная яго старшынёй. Лічыцца адной з самых адданых прыхільніц цяперашніх уладаў і асабіста Лукашэнкі, што неаднаразова пацьвярджала словамі і справамі.

Так, 20 лютага 2024-га ў Менску на сустрэчы з кіраўнікамі менскіх устаноў аховы здароўя яна заявіла, што «такой улады, як у Беларусі, няма нідзе — яна абсалютна народная», піша «Позірк».

Кажучы пра вайну ва Ўкраіне ў верасьні 2023 году, Качанава сьцьвярджала, што «ўсе абвінавачаньні нашай дзяржавы нібыта ў дапамозе агрэсіі — поўны абсурд і брудная хлусьня».

Качанава знаходзіцца пад пэрсанальнымі санкцыямі краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады, Швайцарыі, Японіі і Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG