Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі павялічыў частку дзяржавы ў трох прадпрыемствах канцэрну «Беллеспаперапрам», які крытыкаваў Лукашэнка


ААТ «Гомельдрэў». Ілюстрацыйнае фота
ААТ «Гомельдрэў». Ілюстрацыйнае фота

Перадача акцый ва ўласнасьць дзяржавы павінна адбыцца да 1 верасьня.

Савет Міністраў Беларусі ўхваліў рашэньне аб павелічэньні часткі дзяржавы ў статутных фондах сямі прадпрыемстваў, у тым ліку трох, якія належаць да канцэрну «Беллеспаперапрам».

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, частку дзяржавы павялічаць адпаведна аб’ёму дзяржаўнай падтрымкі, якую атрымаюць прадпрыемствы.

У прыватнасьці, частка дзяржавы ў ААТ «Гомельдрэў» павялічыцца на 128,75 тысячы рублёў, у ААТ «Івацэвічыдрэў» — на 8,98 мільёна рублёў, у ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» — на 12,44 мільёна рублёў.

Дзяржава таксама павялічыла сваю долю ў ААТ «Беларускі цэмэнтны завод» на 7,59 мільёна рублёў, у ААТ «Гомельшкло» — на 4,98 мільёна рублёў, у «Краснасельскбудматэрыялы» — на 4,73 мільёна рублёў і ў ААТ «Крычаўцэмэнтнашыфэр» — на 20,34 мільёнаў рублёў.

Перадача акцый ва ўласнасьць дзяржавы павінна адбыцца да 1 верасьня.

4 красавіка Аляксандар Лукашэнка прызначыў Аляксандра Пшоннага кіраўніком канцэрну «Беллеспаперапрам», які адным зь першых адчуў ціск міжнародных санкцый, уведзеных пасьля 2020 году. Аляксандар Пшонны з 2020 году працаваў намесьнікам старшыні канцэрну.

У часе прызначэньня новага кіраўніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «так, як працуе „Беллеспаперапрам“, працаваць нельга».

«На поўдзень вызначанай паралелі лесу няма. Сьвету патрэбная гэтая прадукцыя, пачынаючы ад рэйкі падлогі, ліштвы да мэблі. А мы ня можам прадаць. Таму вы шукайце найперш выхад з сытуацыі ў сябе. А потым прыходзьце, калі чагосьці не хапае, прапануйце рэструктурызаваць», — падкрэсьліў Лукашэнка.

У лютым 2024 году ўрад Беларусі вырашыў за кошт бюджэту пагасіць працэнты па крэдытах пяці дзяржаўных прадпрыемстваў, што пацярпелі ад санкцый. Сярод іх «Барысаўдрэў», «Івацэвічдрэў», «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат», «Кіроўная кампанія холдынгу „Беларускія шпалеры“» і РУП «Завод газэтнай паперы».

У сакавіку 2024 году журналісты "Беларускага расьсьледніцкага цэнтру«— праекту ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода «Схемы» і Gazeta Wyborcza — апублікавалі расьсьледаваньне, зь якога вынікала, што пасьля таго, як у сакавіку 2022 году Эўразьвяз увёў забарону на імпарт беларускай драўніны, значная частка якой традыцыйна пастаўлялася ў Эўропу (штогод на суму каля мільярда эўра), экспарт драўніны з Казахстану і Кіргізстану ў ЭЗ вырас у дзясяткі і нават тысячы разоў. Насамрэч часткова гэта быў беларускі лес, які вывозілі ў Эўропу, выкарыстоўваючы схемы ўскоснага рээкспарту і падробленыя дакумэнты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG