Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Глыбокім журналіста Зьмітра Лупача і ягоных дзяцей без суду публічна абвясьцілі «злачынцамі»


Журналіст Зьміцер Лупач, архіўнае фота
Журналіст Зьміцер Лупач, архіўнае фота

Фатаздымкі журналіста-фрылансэра Зьмітра Лупача і дваіх ягоных дзяцей вывесілі на інфармацыйным стэндзе каля Глыбоцкага РАУС, дзе разьмяшчаюць абвесткі пра тых, каго шукае міліцыя.

Цяпер там ёсьць асобны сьпіс пад назвай «Злачынцы», хаця суду над большасьцю гэтых людзей не было і іх вінаватасьці ў нейкіх злачынствах не даказана, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

На стэндзе пра Зьмітра Лупача напісана, што ён «схаваўся ад сьледзтва», а таксама пазначаны артыкул 361-4 (ч. 1) Крымінальнага кодэксу («Вэрбаваньне, іншае ўцягваньне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасьць, навучаньне і іншае садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Зьміцер Лупач вымушана выехаў зь Беларусі пасьля шматлікіх выпадкаў адміністрацыйнага перасьледу за супрацоўніцтва зь незалежнымі СМІ. Перад ад’ездам у ліпені 2021 году яго затрымлівалі на тры дні ў межах крымінальнай справы, заведзенай за нібыта «распальваньне варожасьці». У сьнежні 2023 году сілавікі правялі ператрусы ў ягонай кватэры ў Глыбокім і ў вясковай хаце, якая дасталася Лупачу ў спадчыну.

Зьміцер Лупач не выключае, што ператрусы ў ягоным жыльлі маглі быць зьвязаныя з крымінальнай справай супраць стваральнікаў сюжэту тэлеканалу «Белсат», зьнятага ў Полацку, але пра тое, што яго вінавацяць у «садзеяньні экстрэмізму», яму нічога невядома. Позвы ў суд ён не атрымліваў, ніякіх афіцыйных зьвестак пра тое, што яго ўжо асудзілі завочна, няма, таму залічэньне ў шэраг «злачынцаў» ён лічыць паклёпам.

На гэтым самым стэндзе каля Глыбоцкага РАУС разьмясьцілі і фатаздымкі ягоных дзяцей — сына Валянціна і дачкі Кацярыны, якія цяпер таксама жывуць за мяжой. Пра Валянціна Лупача напісана, што ён нібыта ўхіляецца ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу ( ч. 1 арт. 435 Крымінальнага кодэксу), пра Кацярыну Лупач — што яна «хаваецца ад сьледзтва» ў крымінальнай справе паводле ч. 1 «народнага» артыкулу 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Старэйшую дачку Зьмітра Лупача Сьвятлану ўжо асудзілі паводле гэтага артыкулу, яна адбывае пакараньне ў гомельскай папраўчай калёніі № 4. Сёлета яе прозьвішча зьявілася ў «сьпісе экстрэмістаў» МУС. Правааабронцы прызналі яе палітзьняволенай.

У глыбоцкі «сьпіс злачынцаў», абвешчаных такімі без суду і сьледзтва, трапіла і Людміла Барэйка, якая прыдумала лёзунг «Стоп таракан». СК распачаў супраць яе «спэцвядзеньне», бо жанчына таксама была вымушаная зьехаць за мяжу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG