Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада ўхваліла законапраект аб мабілізацыі, які павялічыць колькасьць украінскіх войскаў


Вярхоўная Рада Ўкраіны 11 красавіка ў другім, канчатковым чытаньні ўхваліла законапраект аб мабілізацыі. За дакумэнт прагаласавалі 283 дэпутаты, паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода.

За прыняцьце законапраекту прагаласавалі 283 народныя дэпутаты.

У апошні момант з законапраекту выключылі норму аб дэмабілізацыі пасьля трох гадоў службы. Паведамляецца, што з просьбай аб гэтым зьвярнуўся Галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Сырскі. Паводле парлямэнтароў, адпаведную праўку на пасяджэньні 11 красавіка падтрымалі 227 народных дэпутатаў. Асобны законапраект аб дэмабілізацыі ратацыі вайскоўцаў даручана распрацаваць на працягу 8 месяцаў.

Пасьля прыняты Вярхоўнай Радай законапраект, як чакаецца, падпіша прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі. Ён набудзе моц празь месяц пасьля гэтага.

У першую чаргу дакумэнт абавязвае ўсіх грамадзян мужчынскага полу з 18 да 60 гадоў стаць на вайсковы ўлік. Гэта датычыцца і тых, хто пражывае за мяжой, без дакумэнта аб вайсковым уліку ўкраінцам ня будуць аказваць консульскія паслугі.

Адмяняецца шэраг адтэрмінаваньняў ад прызыву. Замест тэрміновай службы ўводзіцца базавая вайсковая падрыхтоўка на некалькі месяцаў. Тыя, хто яе ня пройдзе і ня будзе прызваны, ня змогуць працаваць на дзяржаўнай службе ці ў паліцыі. Тэрмін прызыву па мабілізацыі раней быў зьніжаны з 27 да 25 гадоў.

Правы тых, хто ўхіляецца ад мабілізацыі, будуць абмежаваныя, у прыватнасьці іх змогуць пазбаўляць правоў кіроўцы. Павялічацца штрафы за ўхіленьне ад войска.

Прадстаўнікі ўладаў і вайсковага камандаваньня Ўкраіны раней заяўлялі, што законапраект неабходны, каб забясьпечыць пастаноўку на ўлік усіх вайсковабавязаных, дакладна прапісаць выпадкі магчымых адтэрміновак і броні ад мабілізацыі і мабілізаваць дастатковую колькасьць людзей для папаўненьня ўкраінскага войска, якое панесла страты падчас вайны з Расеяй.

Паведамлялася, што камандаваньне УСУ настойвае на прызыве да 500 тысяч чалавек. Пасьля прадстаўнікі ўладаў Украіны заяўлялі пра меншую колькасьць меркаваных прызыўнікоў.

Ва Ўкраіне з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі 24 лютага 2022 году ўвялі ваеннае становішча і аб'явілі ўсеагульную мабілізацыю. З гэтага моманту Вярхоўная Рада Ўкраіны рэгулярна падаўжае тэрміны дзеяньня ваеннага становішча і мабілізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG