Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сустрэч з кіраўніцтвам Кіпру Ціханоўская накіравалася зь візытам у Грэцыю


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Пасьля візыту на Кіпр, дзе Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам краіны, сьпікеркай парлямэнту і дэпутатамі, а таксама зь беларускай дыяспарай, 11-12 красавіка дэмакратычная лідэрка Беларусі наведвае Грэцыю, дзе возьме ўдзел у Дэльфійскім эканамічным форуме.

11-12 красавіка Сьвятлана Ціханоўская наведвае Грэцыю з візытам. Яна абмяркуе сытуацыю ў Беларусі, а таксама пытаньні бясьпекі рэгіёну ў Камітэце міжнародных справаў парлямэнту Грэцыі, разам з Георгіясам Папандрэў (чальцом Мадрыдзкага клюбу, былым прэм’ер-міністрам Грэцыі) наведае Агору, якая лічыцца месцам нараджэньня дэмакратыі, і возьме ўдзел у асноўнай праграме Дэльфійскага эканамічнага форуму — у «гутарцы ля каміна» (фармат нефармальна-неафіцыйнага звароту палітычнага лідэра) з Тэры Марцінам.

Акрамя таго, Ціханоўская правядзе сустрэчы з прэзыдэнтам Грэцыі Катэрынай Сакелярапулю, мэрам Атэнаў Харысам Дукасам і былым пастаянным прадстаўніком ЗША ў NATO Іва Даалдэрам.

Сустрэчы на Кіпры

10 красавіка Сьвятлана Ціханоўская знаходзілася з афіцыйным візытам на Кіпры. Яна сустрэлася з з прэзыдэнтам Кіпру Нікасам Хрыстадулідысам, зь якім, сярод іншага, абмеркавала спрашчэньне легалізацыі беларусаў на Кіпры, у прыватнасьці атрыманьне пашпарта іншаземца, спрашчэньне працэдураў, каб беларусам ня трэба было вяртацца ў Беларусь, падтрымку рэлякаваных бізнэсаў беларусаў, а таксама ціск на рэжым Лукашэнкі і яго шматбаковую ізаляцыю і адзіную пазыцыю да сытуацыі ў Беларусі на міжнароднай арэне.

Як піша прэсавая служба Ціханоўскай, прэзыдэнт Хрыстадулідыс запэўніў яе ў падтрымцы беларускага народу і падкрэсьліў, што палітыка Кіпра застаецца пасьлядоўнай у ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі і што ўрад Кіпру працуе над тым, каб перакрыць пралазы ў санкцыях і заблякаваць кампаніі, зьвязаныя з рэжымам.

Пасьля Ціханоўская сустрэлася са сьпікеркай кіпрскага парлямэнту і выступіла перад дэпутатамі. Яна заклікала Кіпр усталяваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Абʼяднаным пераходным кабінэтам. Ціханоўская і сьпікерка парлямэнту абмеркавалі ўзмацненьне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, закрыцьцё лазеек, выяўленьне актываў, зьвязаных з рэжымам, а таксама падтрымку сумленнага беларускага бізнэсу, спрашчэньне легалізацыі беларусаў, кароткатэрміновыя праграмы рэабілітацыі для дзетак палітвязьняў.

У Камітэце замежных справаў парлямэнту прайшлі слуханьні, на якіх абмяркоўвалі пытаньні падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, санкцыяў, стварэньне групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў кіпрскім парлямэнце альбо прызначэньне дэпутата, адказнага за Беларусь. Дэпутаты разгледзяць рэзалюцыю па Беларусі, а таксама падтрымаюць беларускія ініцыятывы ў ПАРЭ і ПА АБСЭ.

Таксама Ціханоўская выступіла перад дыпляматычным корпусам у Нікасіі. У канцы сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская ўручыла Джулі Фішэр, амбасадарцы і былой спэцпасланьніцы ЗША па Беларусі, Крыж добрасуседзтва.

Акрамя гэтага, Ціханоўская сустрэлася зь беларускай дыяспарай на Кіпры, дзе цяпер жыве каля 5000 беларусаў. Удзельнікі сустрэчы расказалі пра тыя праблемы і пытаньні, зь якімі яны сутыкаюцца, а таксама пра мітынгі і акцыі, якія яны ладзяць на Кіпры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG