Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Вялікай Брытаніі параіла ўстрымацца ад любых паездак у Беларусь


На сайце амбасады Вялікай Брытаніі зьявілася рэкамэндацыя Міністэрства замежных спраў, садружнасьці нацый і разьвіцьця, у якой раяць адмовіцца ад любых паездак у Беларусь.

У ёй адзначаецца, што ў выпадку падарожжаў насуперак рэкамэндацыям міністэрства «турыстычная страхоўка можа быць ануляваная», а консульская падтрымка — «строга абмежаваная».

«У Беларусі праходзяць расейскія вайсковыя дзеяньні. Існуе некаторая рызыка таго, што прамы канфлікт, зьвязаны з вайной ва Ўкраіне, можа пашырыцца на Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні.

У МЗС папярэджваюць, што ў выпадку пачатку канфлікту іх магчымасьці наданьня консульскай дапамогі будуць сур’ёзна абмежаваныя, а маршруты зь Беларусі абмежаваныя, асабліва па паветры.

Таксама ў ведамстве нагадалі, што беларускія ўлады не прызнаюць двайнога грамадзянства і ў выпадку арышту на тэрыторыі Беларусі консульства наўрад ці зможа дапамагчы.

«Нават калі ў вас ёсьць і беларускі, і брытанскі пашпарты, улады будуць лічыць вас беларусам. У выпадку арышту ці затрыманьня беларускія ўлады наўрад ці дазволяць консульскую падтрымку. Гэта абмяжоўвае магчымасьці ўраду Вялікай Брытаніі надаваць консульскую дапамогу», — удакладнілі ў МЗС.

Гэта ўжо ня першае папярэджаньне з заклікам не наведваць Беларусь, якое публікуе МЗС Вялікай Брытаніі. Першая падобная рэкамэндацыя зьявілася яшчэ ў студзені 2022 году, перад пачаткам поўнамаштабнага нападу Расеі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG