Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быў добрым чалавекам, кампанейскім». Што вядома пра абвінавачанага ў абразе Лукашэнкі, які памёр у берасьцейскім СІЗА


Аляксандар Кулініч
Аляксандар Кулініч

Крытыкаваў «акупацыю Расеяй Беларусі». Пісаў «Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!». Служыў разам з Валерыем Сахашчыкам. Расказваем, што вядома пра памерлага вязьня Аляксандра Кулініча.

Як паведаміла «Люстэрка» са спасылкай на дзьве незалежныя адна ад адной крыніцы, падпалкоўнік запасу Аляксандар Кулініч памёр 9 красавіка ў берасьцейскім СІЗА. Яго затрымалі 29 лютага ў Берасьці. Вінавацілі ў «абразе Лукашэнкі». Пра сьмерць Кулініча таксама напісаў праваабарончы цэнтар «Вясна».

Адзін з праўладных тэлеграм-каналаў паказаў камэнтары, якія нібыта пісаў у сеціве Аляксандар Кулініч. Сярод іх ёсьць фразы «Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!», «Беларусь была і будзе жыць!». Да таго ж ён лічыў, што Беларусь акупаваная Расеяй, і хацеў, каб ягоная радзіма вызвалілася. Спадзеў ускладаў на беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Ўкраіне.

Аляксандру Кулінічу быў 51 год (ён не дажыў два дні да свайго 52-га дня нараджэньня). Ён нарадзіўся ў Маладэчне 11 красавіка 1972 году. Быў падпалкоўнікам запасу, служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Берасьцейскай брыгадзе ПДВ. Апошнім часам працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся харчовымі дадаткамі.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валеры Сахашчык, які служыў разам з Аляксандрам Кулінічам, у размове са Свабодай расказаў, што асабіста ведаў памерлага.

«Так, я ведаў Аляксандра. Мы служылі разам некалі. Ён служыў у мяне вельмі даўно маладым афіцэрам, ён быў начальнікам рэчавай службы брыгады 25 гадоў таму. Пасьля гэтага ён паступіў у Расею, у Акадэмію транспарту. Пасьля акадэміі служыў ужо не ў ПДВ. Быў добрым чалавекам, кампанейскім, добрым спартоўцам. У мяне ніякіх кепскіх водгукаў ніколі пра яго не было», — расказаў Свабодзе Сахашчык.

Ён дадаў, што апошнім часам ня меў кантакту з Кулінічам, ня ведае абставінаў ягонага затрыманьня і сьмерці.

Судовы працэс над Аляксандрам Кулінічам меўся пачацца 16 красавіка. Паводле крыніцаў «Люстэрка», Аляксандар Кулініч памёр ад ішэмічнай хваробы сэрца. Гэтую прычыну пазначылі ў заключэньні пра сьмерць. Цела мужчыны выдалі сваякам. Яго пахаваюць у дзень яго нараджэньня, 11 красавіка, у родным Маладэчне.

Як патлумачылі ў праваабарончым цэнтры «Вясна», Аляксандра Кулініча не было ў сьпісе палітвязьняў, бо праваабаронцы ня ведалі пра яго перасьлед. Аднак па сутнасьці ён быў палітычным зьняволеным, адзначае «Вясна».

Аляксандар Кулініч — шосты беларускі палітвязень, які загінуў за кратамі. Раней у зьняволеньні памерлі Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік.

Сьмерць у берасьцейскім СІЗА №7 51-гадовага падпалкоўніка запасу Аляксандра Кулініча, які «з-за абсурднага абвінавачаньня ў абразе Лукашэнка страціў самае каштоўнае – жыцьцё», зьяўляецца «чарговым сьведчаньнем жорсткасьці рэжыму», заявіла ў сваім тэлеграм-канале беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.

Паводле яе слоў, «заяўленая прычына сьмерці – ішэмічная хвароба сэрца – не можа служыць апраўданьнем», бо «кожны чалавек, які знаходзіцца пад вартай, мае права на належны догляд і абарону здароўя».

«Відавочна, што гэта не было забясьпечана, – адзначыла Ціханоўская. – Як не была раней забясьпечана дапамога загінуўшым у турмах Алесю Пушкіну, Ігару Ледніку, Вітольду Ашурку. Як не забясьпечваецца сёньня Рыгору Кастусёву, Марыі Калеснікавай і Алесю Бяляцкаму, стан якіх пагаршаецца з кожным днём».


«Свабода слова – асноўнае права чалавека. І абарона гэтага права – прыярытэт для краін, якія называюць сябе дэмакратычнымі. Відавочна, што рэжым выкрасьліў гэтае словазлучэньне са свайго слоўніка. І гатовы ізноў і ізноў забіваць людзей, толькі каб прадэманстраваць сваю ўсёдазволенасьць», – сказала палітык.

Ціханоўская выказала спачуваньні родным і блізкім Кулініча і заклікала міжнародную супольнасьць да «актыўных дзеяньняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG