Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прайграла выбары ў Камісію крымінальнага правасудзьдзя і папярэджаньня злачыннасьці ААН


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусь прайграла выбары за месца ў Камісію папярэджаньня злачыннасьці і крымінальнага правасудзьдзя ААН, куды яна ўваходзіла з 2010 году, паведаміў 10 красавіка прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў замежных справах Валер Кавалеўскі.

Паводле яго, ад Усходнеэўрапейскай групы ў камісію выбралі Альбанію і Латвію.

АПК загадзя праінфармаваў усіх чальцоў Эканамічнай і сацыяльнай Рады ААН пра парушэньні рэжымам Лукашэнкі «абавязаньняў у галіне супрацьдзеяньня злачыннасьці» і заклікаў адхіліць кандыдатуру Беларусі на гэтых выбарах. У звароце да чальцоў Эканамічнай і сацыяльнай Рады ААН Кавалеўскі зьвярнуў увагу на тое, што рэжым Лукашэнкі:

  • дэманстратыўна адмаўляецца супрацоўнічаць з органамі ААН;
  • парушае правы чалавека ў Беларусі, зьдзяйсьняе міжнародныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці;
  • парушае абавязаньні ў блёку «Мір, справядлівасьць і ўстойлівыя інстытуты» у рамках глябальных Мэтаў устойлівага разьвіцьця;
  • груба парушыў нормы міжнароднага права ў галіне цывільнай авіяцыі, паставіўшы ў рызыкоўнае становішча жыцьці дзясяткаў людзей (гаворка пра выпадак з пасадкай самалёта Ryanair у Менску. — Рэд.);
  • зьяўляецца саўдзельнікам злачыннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

У выніку чальцы Эканамічнай і сацыяльнай Рады ўлічылі факты, пададзеныя АПК, і прагаласавалі супраць далейшага ўваходжаньня Беларусі ў склад камісіі ААН па папярэджаньні злачыннасьці і крымінальным правасудзьдзі.

МЗС Беларусі выбары ў Камісію папярэджаньня злачыннасьці і крымінальнага правасудзьдзя не камэнтуе.

Трохгадовы тэрмін знаходжаньня Беларусі ў камісіі завяршаецца ў канцы 2024 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG