Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыю за вызваленьне Алеся Бяляцкага, які ўжо 1000 дзён знаходзіцца за кратамі


Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў Вільні. Архіўнае фота
Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў Вільні. Архіўнае фота

Людзі патрабуюць ва ўладаў Беларусі вызваленьня нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, ягоных калег-праваабаронцаў і ўсіх палітвязьняў.

9 красавіка спаўняецца 1000 дзён з моманту затрыманьня ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага і яго калегаў-праваабаронцаў Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча.

Нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя Libereco — Partnership for Human Rights і «Вясна» раней заклікалі падпісаць пэтыцыю за вызваленьне Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных зьняволеных Беларусі. Мэта кампаніі — сабраць 100 000 подпісаў і перадаць іх у амбасаду Беларусі.

Зь лістапада 2022 году, ад моманту стварэньня пэтыцыі 81 458 чалавек з усяго сьвету выказалі сваю падтрымку зьняволенаму беларускаму праваабаронцу, ягоным калегам і выступілі за неадкладнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў у краіне.

Алеся Бяляцкага і калег арыштавалі 14 ліпеня 2021 года. У 1996 годзе Бяляцкі заснаваў беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна», які сёньня можа працаваць толькі з эміграцыі. У 2022 годзе ён стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру разам з расейскім НДА «Мемориал» і ўкраінскім «Центром громадянських свобод».

Цяпер у палітычным зьняволеньні ў Беларусі знаходзяцца каля 1400 чалавек.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG