Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні трэці раз праходзіць Беларускі прадпрымальніцкі форум


Трэці беларускі бізнэс-форум у Вільні
Трэці беларускі бізнэс-форум у Вільні

На форуме прадстаўнікі беларускай прадпрымальніцкай супольнасьці будуць абмяркоўваць актуальныя праблемы сваёй дзейнасьці.

Паводле арганізатараў, у праграму форуму ўключана:

  • размова аб праблемах з атрыманьнем літоўскага ДНЖ з уладамі Літвы (чакаецца ўдзел кіраўніцтва Дэпартамэнта міграцыі, літоўскіх парлямэнтароў і прадстаўнікоў міністэрстваў);
  • бізнэс-панэлі зь міжнароднымі экспэртамі і прадстаўнікамі бізнэс-асацыяцыяў Літвы;
  • фінансавыя магчымасьці і практычныя парады аб разьвіцьці бізнэсу ў Літве ад экспэртаў і прадстаўнікоў літоўскіх банкаў;
  • нэтворкінг і супольныя дыскусіі.

У рамках форуму адбудзецца сустрэча сяброў Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой з кіраўніцтвам АВВА для вызначэньня прыярытэтаў дзейнасьці ў краінах Балтыі на наступны год.

Да ўдзельнікаў форуму зьвярнулася беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская. На пачатку звароту яна адзначыла, што ў Літву пераехалі сотні прыватных прадпрыемстваў зь Беларусі, якія робяць значны ўнёсак у эканоміку Літвы, ствараюць новыя працоўныя месцы і плацяць падаткі.

«Я спадзяюся, што Літва будзе працягваць прымаць і падтрымліваць сумленны беларускі бізнэс», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Таксама яна дадала, што «новай Беларусі спатрэбіцца жыцьцяздольная эканоміка».

«Гэта вы закладваеце яе асновы сёньня», — дадала яна.

Таксама Ціханоўская ўразілася посьпехамі Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой:

«За апошнія два гады ABBA стала голасам сумленнага беларускага бізнэсу за мяжой. Асацыяцыя — адзіная нацыянальна арыентаваная арганізацыя беларускага прадпрымальніцтва ў сьвеце і ўжо ўключае больш за сотню членаў зь дзясятку краін».

АBBA прапануе ўладам Літвы дапамогу ў ацэньваньні бізнэсаў што да абыходу санкцыяў

Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) можа дапамагчы ўладам Літвы ў ацэнцы прадпрымальніцкіх структур на прадмет абыходу санкцый, паведаміла 9 красавіка на ІІІ Беларускім бізнэс-форуме ў Вільнюсе віцэ-прэзыдэнт ABBA Марына Гірын.

«Наша асацыяцыя разумее і падзяляе турботу і страхі літоўцаў, — сказала яна. — Два дыктатарскія крывавыя рэжымы — Лукашэнкі і Пуціна — сапраўды робяць усё, каб прынесьці на нашу зямлю хаос і смуту. Іх задача разьяднаць і пасварыць нас. Мы бачым гэта як на нашай мяжы, так і ўнутры Літвы. Ёсьць беларусы, якім грошы ня пахнуць. Але такія ёсьць і сярод літоўцаў, [прадстаўнікоў] іншых краін ЭЗ, ЗША».

Па словах Гірын, «схемы незаконнага заробку, абыходу санкцый і грэбаваньня этыкай у бізнэсе прыцягваюць многіх дзялкоў, незалежна ад іх нацыянальнасьці». Гэтаму неабходна супрацьстаяць, але акуратна, паколькі «многія беларусы ня згодныя з рэжымам і змагаюцца зь ім, наколькі гэта магчыма». Віцэ-прэзыдэнтка ABBA падкрэсьліла, што «пераважная колькасьць бізнэсаў, заснаваных беларусамі ў Літве, працуе сумленна і этычна, уваходзіць у топ падаткаплатнікаў Літвы, стварае працоўныя месцы і прыносіць вялікую карысьць літоўскай эканоміцы».

«Мы павінны ўмець аддзяляць сумленны бізнэс ад несумленнага, — адзначыла Гірын. — Для гэтага наша асацыяцыя распрацавала і пасьпяхова выкарыстоўвае мэханізм унутранай праверкі — працэдуру акрэдытацыі, каб пераканацца, што сябры нашай асацыяцыі вядуць сумленны бізнэс, ня маюць дачыненьня да абыходу санкцый рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна, прытрымліваюцца кодэксу бізнэс-этыкі».

«Працэдура акрэдытацыі атрымала высокую адзнаку ад шэрагу структур, сярод якіх Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы. Дарожнай мапай, накіраванай на падтрымку сумленнага беларускага бізнэсу, падпісанай паміж АBBА і Мінгандлем ЗША, прадугледжана пастаянная сумесная актуалізацыя працэсу акрэдытацыі. Мы гатовы падзядзіцца гэтым мэханізмам з уладамі Літвы, прапанаваць сваю дапамогу ў вызначэньні тых, хто сумленна [працуе], і тых, хто нясе хаос і беззаконьне. Гэта ў нашых агульных інтарэсах», — дадала яна.

Гірын падкрэсьліла, што ABBA не жадае «выбудоўваць жалезную заслону» паміж беларускім і літоўскім народамі, але таксама ня хоча, каб «тут [у Літве] працавалі прыслужнікі рэжыму і калябаранты».

Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой створана ў жніўні 2021 года, яе ўзначальвае былы супрацоўнік дзяржсакратарыяту Савету бясьпекі Беларусі Яўген Буры. Арганізацыя «дапамагае сумленнаму бізнэсу зь беларускімі каранямі» ў рэвакацыі, адкрыцьці і разьвіцьці ў дэмакратычных краінах. Улады ў Менску прызналі ABBA «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Форум праходзіць пры падтрымцы шэрагу арганізацый, сярод іх: Эўрапейская камісія, Канфэдэрацыя працадаўцаў Літвы, Міністэрства замежных спраў Літвы, каманда бізнэс-ініцыятывы «3 моры», Праграма разьвіцьця камэрцыйнага права Міністэрства гандлю ЗША.

Цяперашні форум у Вільні — чарговы буйны зьезд беларускіх прадпрымальнікаў у дыяспары. Для горада гэта ўжо трэцяя падобная сустрэча, папярэдняя адбылася 26 красавіка 2023 году. Акрамя таго, беларускія прадпрымальніцкія форумы адбываліся ў Варшаве і Вашынгтоне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG