Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзям трэба ў нешта ўкладаць». Чаму ў Беларусі на фоне крызісу здарыўся бум на рынку нерухомасьці


Belarus - Novaja Baravaja, a neighborhood near Minsk
Belarus - Novaja Baravaja, a neighborhood near Minsk

Рыэлтары канстатуюць рэкордныя цэны на кватэры ў Менску і іншых беларускіх гарадах. Расьце і колькасьць угодаў. Распыталі экспэртаў аб прычынах павышанага попыту.

Сярэдняя цана квадратнага мэтра ў менскіх кватэрах упершыню за 9 гадоў дасягнула адзнакі 1450 даляраў сёлета ў лютым. Такую аналітыку прыводзіць партал realt.by.

У лютым у Менску набылі 1500 кватэр, што на 27% больш, чым месяцам раней. Павялічылася і прапанова: +40% у параўнаньні са студзенем.

Што тычыцца новых кватэр, то, напрыклад, у жыльлёвым комплексе «Минск Мир» цэны кватэр пачынаюцца ад 39 557 даляраў, у жыльлёвым комплексе «Парк Чалюскінцаў» — ад 70 445 даляраў, у жыльлёвым комплексе «Гармонія» (Грушаўка) — ад 121 779 даляраў.

Што да другаснага рынку нерухомасьці, то двухпакаёвая кватэра недалёка ад мэтро «Маскоўская» будзе каштаваць 64 400 даляраў, аднапакаёўка каля мэтро «Кунцаўшчына» пацягне на 51 000 даляраў.

Падобная тэндэнцыя заўважная і ў іншых гарадах. За апошні год цэны на жыльлё вырасьлі ў Барысаве, Наваполацку, Пінску.

«Танныя крэдыты і жаданьне ўкласьці грошы»

Свабода паразмаўляла зь некалькімі рыэлтарамі пра прычыны павышанага попыту на жыльлё. Паводле словаў суразмоўцаў, адзін з фактараў росту — даступнасьць крэдытаў.

«Вельмі шмат крэдытаў было выдадзена, працэнтныя стаўкі істотна пакуль не павышалі. У паветры такое адчуваньне, што ўся гісторыя з крэдытамі хутка можа скончыцца. Таксама пасьля скачка даляра і эўра людзі перасталі верыць у нейкую валюту і спрабуюць канвэртаваць грошы ў „бэтон“, то бок у нерухомасьць», — кажа адзін з суразмоўцаў.

Таксама рост продажу зьвязваюць з ростам прапаноў, асабліва ў новабудоўлях.

«На другасным рынку няма столькі варыянтаў, каб задаволіць такі попыт», — кажа спэцыяліст.

Што да сярэдняга партрэту цяперашняга пакупніка, то нешта сярэдняе рыэлтары вызначыць ня могуць. Усе запыты розныя.

«Тыя, хто хоча ўкласьці грошы. Тыя, каму трэба жыльлё. Бацькі дапамагаюць дзецям набыць, дзеці самі ашчаджаюць грошы ці бяруць крэдыты. Усе вельмі розныя», — тлумачыць спэцыяліст.

Што да прагнозаў наконт рынку нерухомасьці, то ў доўгай пэрспэктыве рыэлтары не чакаюць далейшага росту. Бо рынак і так перагрэты крэдытамі, што нясе дадатковую нагрузку на эканоміку.

«Ня так шмат варыянтаў інвэставаньня»

Дасьледчы цэнтар Beroc праводзіў апытаньне гаспадарак (сям’я, якая разам вядзе гаспадарку) у Беларусі, на што яны патрацілі б грошы. Другі па папулярнасьці адказ — на нерухомасьць. Першы — укладаньні ў валюту.

«У людзей ня так шмат магчымасьцяў інвэставаньня. Мы спыталі, куды б людзі ўклалі сродкі пры іх наяўнасьці. 41% адказалі, што ўклаліся б у замежную валюту, а 34% — набылі б нерухомасьць. Астатнія опцыі ня надта прывабліваюць людзей. Калі далей будзе рост даходаў, то будзе працягвацца рост і на рынку нерухомасьці. Рынак нерухомасьці зараз — гэта такі індыкатар стабільнасьці. Калі ня будзе шокавых падзей, то рост працягнецца», — кажа дасьледчыца Beroc Віялета Панасевіч.

https://beroc.org/upload/medialibrary/2f1/2f11a707368310ae85b3c089f3ebad02.pdf

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG