Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выходзяць беларускія пераклады двух вядомых твораў пісьменьніка Сашы Філіпенкі


Саша Філіпенка, архіўнае фота
Саша Філіпенка, архіўнае фота

Выхад па-беларуску двух вядомых твораў пісьменьніка Сашы Філіпенкі, «Былы сын» і «Крэмулятар», анансавала выдавецтва Gutenberg Publisher, эўрапейскае беларускае выдавецтва з офісам у Кракаве.

Кнігі ўжо можна заказаць на сайце gutenbergpublisher.eu з дастаўкай па ўсім сьвеце, акрамя Расеі.

Таксама яны зьявяцца ў кнігарнях Варшавы, Гданьску, Беластоку і Вільні, паведаміла «Позірку» галоўны рэдактар выдавецтва Валянціна Андрэева. Паводле яе, неўзабаве выданьні будуць даступныя і ў электронным фармаце (e-book).

«Мы хацелі выдаць творы Сашы па-беларуску, і калі напісалі яму, высьветлілася, што і пісьменьнік гэтага хацеў», — сказала Андрэева.

«Крэмулятар» зьявіўся ў 2023 годзе, «Былы сын» — яшчэ ў 2014-м.

«Думаю, справа ў тым, што існавала перакананьне, нібыта расейскамоўныя кнігі ня трэба перакладаць. Я яго не падзяляю. Мы з камандай упэўненыя, што ўсе творы, якія варта прачытаць, варта і перакладаць на беларускую. А што творы беларусаў, якія ўмеюць пісаць прафэсійна, цікава, актуальна, абавязковыя да перавыданьня на беларускай мове, тут няма ніякіх сумневаў», — патлумачыла галоўная рэдактарка адсутнасьць перакладу на беларускую мову першага рамана пісьменьніка і рашэньне выдавецтва, заснаванага ў 2023 годзе, запоўніць гэты прабел.

Па словах Андрэевай, выдавецтва спадзяецца на высокі попыт, аднак пакуль не друкуе вялікіх накладаў. Яна рэкамэндуе чытаць творы Філіпенкі «проста цяпер», бо яны «даюць вельмі яснае бачаньне грамадзкай сытуацыі». Дастаўка абедзьвюх кніг у Беларусь магчымая, «калі пакупнік цьвёрда будзе ўпэўнены, што хоча іх атрымаць», адзначыла Андрэева.

«З аднаго боку, менавіта гэтыя кнігі не зьяўляюцца „экстрэмісцкімі матэрыяламі“ і свабодна прадаюцца. З другога, мы б не хацелі, каб нехта пацярпеў», — падкрэсьліла яна.

Раман «Былы сын» (пераможца прэміі «Русская проза» за 2014 год) расказвае пра юнака, які пацярпеў у цісканіне на Нямізе ў 1999 годзе і дзесяць гадоў праляжаў у коме. Яго даглядала бабуля, якая імкнулася бачыць сьвет вачыма ўнука, каб усё яму расказаць, калі той ачуняе. Яна памерла за дзень да таго, як малады чалавек ачуўся.

«Крэмулятар» — самы вядомы раман Філіпенкі, атрымаў прэстыжную францускую прэмію Transfuge як найлепшы эўрапейскі раман 2023 году. Твор пачынаецца з падзей 23 чэрвеня 1941 году, калі наступ нямецкай арміі запускае ў СССР чарговую хвалю барацьбы са шпіёнамі. Твор акунае чытача ў атмасфэру 1930-х гадоў і грунтуецца на матэрыялах сьледчай справы першага дырэктара Маскоўскага крэматорыя Пятра Несьцярэнкі.

Аўтар дасьледуе ўнутраны сьвет чалавека, пастаўленага перад немагчымым выбарам.

Раманы Філіпенкі перакладзеныя на францускую, нямецкую, чэскую, вугорскую, польскую, італьянскую, ангельскую, харвацкую, галяндзкую, гішпанскую, японскую, швэдзкую, славацкую, тайскую, турэцкую мовы. У найбліжэйшых плянах — карэйская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG