Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эквадоры штурмавалі амбасаду Мэксыкі і выкралі былога віцэ-прэзыдэнта. Што здарылася


Эквадор, 6 красавіка 2024 году
Эквадор, 6 красавіка 2024 году

Мэксыка прыпыніла дыпляматычныя адносіны з Эквадорам пасьля таго, як паліцыя Эквадору ўзяла штурмам амбасаду Мэксыкі і затрымала былога віцэ-прэзыдэнта краіны Хорхэ Гласа, паведамляе Reuters.

Былы віцэ-прэзыдэнт Эквадора Хорхэ Глас, двойчы абвінавачаны ў карупцыі, хаваўся ў пасольстве Мэксыкі ў горадзе Кіта. Летась у сьнежні ён прыбыў у амбасаду і папрасіў палітычнага прытулку. Урад Эквадору пазьней зьвярнуўся да Мэксыкі з просьбай дазволіць увайсьці ў пасольства і арыштаваць Гласа, аднак паліцыі адмовілі ў доступе. У пятніцу, 5 красавіка, урад Мэксыкі прыняў рашэньне надаць Гласу палітычны прытулак.

Прэзыдэнт Эквадору абвінаваціў Мэксыку ў «злоўжываньні імунітэтам і прывілеямі, прадстаўленымі дыпляматычнай місіі», а таксама ў «прадстаўленьні дыпляматычнага прытулку насуперак агульнапрынятым прававым рамкам».

Прэзыдэнт Мэксыкі назваў арышт «аўтарытарным актам», парушэньнем міжнароднага права і сувэрэнітэту Мэксыкі. Ён таксама даручыў прыпыніць дыпляматычныя зносіны з Эквадорам.

У 2017 годзе былы віцэ-прэзыдэнт Эквадору быў засуджаны на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі за атрыманьне хабару ад будаўнічай фірмы ў абмен на прадстаўленьне ёй дзяржаўных кантрактаў. У канцы 2022 ён выйшаў на волю. У 2023 супраць яго распачалі новую справу аб нямэтавым выдаткоўваньні сродкаў. Сам Глас сьцьвярджаў, што яго перасьледуюць па палітычных матывах.

  • Сам Эквадор хаваў у сваёй амбасадзе ў Лёндане з 2012 да 2019 году заснавальніка сайта WikiLeaks Джуліяна Асанжа. Асанж хаваўся там ад арышту па абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце. У 2019 годзе Эквадор пазбавіў Асанжа прытулку, і ён быў арыштаваны брытанскімі ўладамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG