Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія санкцыі замінаюць Расеі аднаўляць НПЗ пасьля ўкраінскіх удараў, — Reuters


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Заходнія санкцыі і атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў наносяць сур’ёзныя праблемы расейскай нафтаперапрацоўчай галіне.

Цяжкасьці з рамонтам і абслугоўваньнем НПЗ, пабудаваных пры дапамозе амэрыканскіх і эўрапейскіх кампаній, ставяць пад пагрозу вытворчасьць і пастаўку нафтапрадуктаў у Расеі. Расейскія нафтавыя кампаніі перажываюць цяжкасьці з рамонтам нафтаперапрацоўчых заводаў праз заходнія санкцыі. Гэтыя праблемы могуць узмацніцца праз атакі бесьпілётнікаў, піша Reuters.

Калі інжынэры расейскай нафтавай кампаніі «Лукойл» 4 студзеня выявілі зламаную турбіну на сваім найбуйнейшым нафтаперапрацоўчым заводзе, яны хутка зразумелі, што праблема далёка ня дробная. Але была толькі адна кампанія, якая магла адрамантаваць цэх вытворчасьці бэнзіну на НПЗ «Лукойл-Нижегороднефтеоргсинтез» (NORSY). І праблема ў тым, што гэтая кампанія была амэрыканскай, піша агенцтва. Кампанія, якая займаецца нафтавым машынабудаваньнем і ўваходзіць у склад транснацыянальнага канцэрну UOP, выйшла з Расеі пасьля яе поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. У выніку ўся ўстаноўка проста спыніла працу.

Яшчэ чатыры крыніцы паведамілі выданьню, што адна зь дзьвюх існых установак каталітычнага крэкінгу, якія выкарыстоўваюцца для пераўтварэньня цяжкіх вуглевадародаў у бэнзін, не працуе са студзеня. І пакуль незразумела, калі яе можна будзе адрамантаваць праз адсутнасьць такога досьведу ў Расеі.

У выніку НПЗ у Ніжнім Ноўгарадзе, чацьвёрты па велічыні ў Расеі, скараціў вытворчасьць бэнзіну на 40%, паведамілі дзьве крыніцы. Гэта прыклад больш шырокіх праблемаў у энэргетычным сэктары Расеі, дзе некаторыя нафтавыя кампаніі спрабуюць аднавіць свае заводы, пабудаваныя з дапамогай амэрыканскіх і эўрапейскіх інжынірынгавых кампаній, ва ўмовах заходніх санкцыяў.

Праблемы ўскладняюцца атакамі ўкраінскіх бесьпілётнікаў, якія ўдарылі па як мінімум дзясятку расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў сёлета, кажуць галіновыя крыніцы. Паводле ацэнак Reuters, гэтыя атакі прымусілі расейскія НПЗ закрыць каля 14% магутнасьцяў у першым квартале.

Міністэрства энэргетыкі Расеі не адказала на просьбу аб камэнтары. Міністар Мікалай Шульгінаў заявіў у сераду, што ўсе нафтаперапрацоўчыя заводы будуць адноўленыя да чэрвеня, ня даўшы больш падрабязнай інфармацыі.

Пры гэтым пашкоджаны Ніжагародзкі НПЗ прыносіў Расеі 11% вытворчасьці бэнзіну. А «Лукойл» з прычыны прастою ўстаноўкі штомесяц страчвае 100 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG