Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада правоў чалавека ААН падоўжыла мандат спэцдакладчыцы аб Беларусі


Анаіс Марэн
Анаіс Марэн

Рада правоў чалавека ААН (РПЧ) на пасяджэньні 55-й сэсіі ў Жэневе 4 красавіка 24 галасамі «за» пры 6 «супраць» і 17 тых, хто ўстрымаўся, прыняла рэзалюцыю «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі».

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

У ліку іншага, Рада пастанавіла працягнуць мандат Анаіс Марэн — спэцыяльнай дакладчыцы аб правах чалавека ў Беларусі — на адзін год.

Спэцдакладчыца прадставіць справаздачу аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі РПЧ на яе 59-й сэсіі ўлетку 2025 году і Генэральнай Асамблеі ААН на яе 80-й сэсіі ўвосень налета.

РПЧ ААН пастанавіла ў тэрміновым парадку стварыць групу з трох незалежных экспэртаў у становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. У яе мандат будзе ўваходзіць правядзеньне расьсьледаваньняў і ўстанаўленьне фактаў і прычынаў усіх меркаваных парушэньняў правоў чалавека, учыненых Беларусі з 1 траўня 2020 года.

РПЧ рашуча асудзіў «шырока распаўсюджаныя і сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека», у тым ліку «адвольнае пазбаўленьне права на жыцьцё і свабоду, масавыя незаконныя затрыманьні і ўтрыманьне пад вартай асоб паводле палітычных матываў, гвалтоўныя зьнікненьні, катаваньні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаючыя годнасьць віды абыходжаньня і пакараньня, уключаючы сэксуальны і гендэрны гвалт, адмова ў выкананьні працэсуальных правоў і праве на справядлівае судовае разьбіральніцтва, незабесьпячэньне правоў дзіцяці, парушэньні права на адукацыю і працу, адвольную адмову ў праве на ўезд у сваю краіну, парушэньні правоў на свабоду выказваньня думак, мірных сходаў і асацыяцыяў і на роўную абарону закону, а таксама іншыя парушэньні правоў чалавека, учыненыя ў Беларусі».

У ААН заклікалі беларускія ўлады «неадкладна і безумоўна» вызваліць і эфэктыўна рэабілітаваць палітвязьняў, спыніць ужываньне сілы супраць мірных дэманстрантаў, катаваньні, «прымусовае выгнаньне з краіны людзей толькі за ажыцьцяўленьне імі сваіх правоў».

Улады Беларусі павінныя «адмяніць меры і не дапускаць прыняцьця мераў, якія падрываюць рэалізацыю любых правоў чалавека, у тым ліку беларусаў, якія жывуць за мяжой, у тым ліку прыняты ў верасьні 2023 года ўказ прэзыдэнта, які загадвае консульствам Беларусі спыніць падаўжэньне і выдачу новых пашпартоў і абмежаваць наданьне іншых консульскіх паслуг».

У падтрымку рэзалюцыі прагаласавалі Альбанія, Аргентына, Бэльгія, Бэнін, Баўгарыя, Бразылія, Гамбія, Гана, Гандурас, Дамініканская Рэспубліка, ЗША, Коста-Рыка, Літва, Люксэмбург, Малаві, Нідэрлянды, Нямеччына, Парагвай, Румынія, Фінляндыя, Францыя, Чарнагорыя, Чылі і Японія.

Супраць прыняцьця дакумэнта прагаласавалі Альжыр, Бурундзі, Віетнам, Кітай, Куба і Эрытрэя.

Устрымаліся Банглядэш, Грузія, Індыя, Інданэзія, Казахстан, Камэрун, Катар, Кот-д’Івуар, Кувэйт, Кіргізстан, Малайзія, Мальдывы, Марока, ААЭ, Самалі, Судан і ПАР.

Мандат спэцыяльнага дакладчыка аб правах чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з таго часу штогод працягваецца. Зь лістапада 2018 года пасаду займае Анаіс Марэн (Францыя).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG