Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадары краін ЭЗ у Славакіі адмовіліся ўдзельнічаць у цырымоніі, на якую запрасілі дыпляматаў зь Беларусі і Расеі


Робэрт Фіца
Робэрт Фіца

Запрашэньне амбасадараў Беларусі і Расеі стала прычынай таго, што амбасадары краінаў Эўразьвязу адмовіліся ўдзельнічаць у цырымоніі ўскладаньня вянкоў з нагоды 79-й гадавіны вызваленьня Браціславы, вынікае са словаў прэм’ер-міністра Славакіі Робэрта Фіца, піша «Позірк».

Цырымонія павінна прайсьці 4 красавіка ў мэмарыяльным комплексе Славін, які адкрылі ў сталіцы Славакіі 3 красавіка 1960 году. Напярэдадні акцыі Робэрт Фіца апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook відэазварот, у якім назваў абуральнай адмову эўрапейскіх дыпляматаў прысутнічаць на цырымоніі «толькі таму, што чакаецца ўдзел амбасадараў Расеі і Беларусі».

Паводле прэмʼер-міністра Славакіі, гэта праява непавагі да «6845 воінаў Чырвонай Арміі, якія не змаглі вярнуцца дадому з Браціславы пасьля яе вызваленьня». Фіца лічыць, што ўскладаньне вянкоў — гэта найменшае, што можна зрабіць «у памяць пра пакуты, прычыненыя фашызмам».

  • 30 верасьня 2023 году ў Славакіі прайшлі пазачарговыя парлямэнцкія выбары, на якіх перамагла левацэнтрысцкая партыя «Кірунак — сацыяльная дэмакратыя» на чале з Робэртам Фіцам (некаторыя мэдыя называюць яго лябістам інтарэсаў Расеі). Фіца ўзначаліў урад краіны чацьвёрты раз.
  • Пасьля прыходу да ўлады новых сіл Славакія дэкляруе прарасейскую пазыцыю, аднак толькі на ўзроўні рыторыкі. Першага лютага Браціслава прагаласавала за выдзяленьне Эўразьвязам Украіне 50 млрд эўра на працягу 2024–2027 гадоў.
  • Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны і ролі рэжыму Лукашэнкі ў гэтай агрэсіі беларускіх і расейскіх дыпляматаў адмовіліся запрашаць на шэраг знакавых мерапрыемстваў. Так, Японія адмовіла ім ва ўдзеле ў цырымоніі памяці ахвяраў атамных бамбаваньняў Хірасімы і Нагасакі, Нобэлеўскі камітэт адклікаў запрашэньне на ўручэньне Нобэлеўскай прэміі, таксама дэлегацыі Беларусі і РФ не запрашалі на цырымоніі да ўгодкаў вызваленьня нацысцкіх канцлягераў Бухенвальд і Мітэльбаў-Дора (Нямеччына), Маўтхаўзэн (Аўстрыя), Асьвенцім (Польшча).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG