Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Беларусі абурыўся, што на дзяржаўным тэлеканале ў Расеі паказалі сьпявачку Агурбаш


Анжаліка Агурбаш, архіўнае фота
Анжаліка Агурбаш, архіўнае фота

Амбасадар Беларусі ў Маскве Дзьмітры Круты выказаў абурэньне гендырэктару расейскага «Першага канала» Канстанціну Эрнсту з прычыны зьяўленьня ў этэры беларускай сьпявачкі Анжалікі Агурбаш, паведамляе тэлеграм-канал SOTA.

Анжаліку Агурбаш паказалі ў сюжэце аб дзіцячым музычным конкурсе «Залатая нота» 2 красавіка, у так званы «Дзень яднаньня», які адзначаюць улады Беларусі і Расеі з нагоды падпісаньня дамовы аб стварэньні саюзу Беларусі і Расеі 2 красавіка 1997 году.

У лісьце на імя Эрнста, які трапіў у распараджэньне SOTA, беларускі амбасадар Дзьмітры Круты называе зьяўленьне Агурбаш у гэты дзень у этэры расейскага тэлеканала «сплянаванай правакацыяй, накіраванай на падрыў адзінства народаў, намаганьняў нашых лідэраў у гарантаваньні бясьпекі саюзнай дзяржавы, сумеснага процідзеяньня рэабілітацыі нацызму і перапісваньню гісторыі».

Па словах Крутога, Агурбаш прымала актыўны ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах і пікетах каля пасольства Беларусі ў Маскве, а таксама са жніўня 2020 году разьмяшчала ў сеціве «зьвесткі, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці і варожасьці ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных службоўцаў, прадстаўнікоў улады», у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, у сувязі з чым Генпракуратура Беларусі завяла на яе крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 130 і ч. 2 арт. 368 КК.

У лісьце Круты абяцае даць «Першаму каналу» кантакты «патрыятычна настроеных» беларускіх сьпевакоў замест Агурбаш.

  • Анжаліка Агубаш нарадзілася ў Менску. У 1988 годзе выйграла першы ў Беларусі конкурс прыгажосьці «Менская прыгажуня». У пачатку кар’еры выступала як Ліка Ялінская. Расейская і беларуская сьпявачка, актрыса, мадэль і тэлевядоўца. Заслужаная артыстка Беларусі (2006). Былая ўдзельніца ВІА «Верасы». Удзельніца «Эўравізіі» ад Беларусі ў 2005 годзе. Каля 20 гадоў жыве і працуе ў Маскве.
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі Анжаліка Агурбаш прымала ўдзел у пікеце каля пасольства Беларусі ў Маскве. Яна асудзіла гвалт сілавікоў над удзельнікамі пратэстаў і заявіла, што Аляксандар Лукашэнка прайграў прэзыдэнцкія выбары. У Беларусі супраць Агурбаш завялі крымінальныя справы за распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК РБ) і за публічную абразу Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК). Максымальнае пакараньне па выстаўленых абвінавачаньнях у Беларусі – да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Генпракуратура Беларусі завочна арыштавала Агурбаш і ў 2021 годзе патрабавала ад Расеі выдачы Агурбаш, але беспасьпяхова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG