Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб стаць голасам вольных беларусаў». Этнічны беларус ідзе ў мясцовыя дэпутаты Варшавы


Радаслаў Пусько, архіўнае фота
Радаслаў Пусько, архіўнае фота

7 красавіка ў Польшчы адбудуцца выбары ў мясцовыя органы самакіраваньня: будуць выбіраць дэпутатаў радаў гарадоў, гмінаў, паветаў, сэймікаў ваяводзтваў. У гэтых выбарах удзельнічае і этнічны беларус Радаслаў Пусько — ён ідзе ў дэпутаты Рады варшаўскай гміны Бяляны, паведамляе MOST.

Радаславу прапанавалі паўдзельнічаць у мясцовых выбарах у Раду Бялянаў ад «Грамадзянскай кааліцыі».

Радаслаў Пусько нарадзіўся ў Беластоку, мае беларускае паходжаньне. Ягоны дзед па бацьку родам зь Ліды, бабуля таксама паходзіць зь Беларусі. Радаслаў удзельнічаў у справах беларускай меншасьці Падляшша. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2006 году ён арганізаваў акцыю пад беларускім кансулятам у Беластоку, а ў 2018 годзе дамогся ад Рады Беластока, каб яна прыняла рэзалюцыю пра ўшанаваньне памяці стварэньня БНР.

Каля 6 гадоў таму Радаслаў ужо балятаваўся ў дэпутаты Рады Беластока і, паводле яго, стаў першым чалавекам у посткамуністычнай Польшчы, хто на сваіх перадвыбарных плякатах выкарыстоўваў кірыліцу — гэта быў надпіс «Будуйма супольнасьць!».

Апошнія 4 гады Радаслаў жыве ў Варшаве, працуе ў Бялянскім інтэгратары прадпрымальнікаў — гэта ўстанова пры адміністрацыі гміны Бяляны, якая дапамагае прадпрымальнікам. Радаслаў арганізуе там імпрэзы для ўкраінцаў і беларусаў, сярод іх — цыкль кансультацыйных сустрэч на тэму эканамічнай дзейнасьці, на якіх можна даведацца пра падаткі, пра тое, як стварыць фірму ў Польшчы і інш.

«Калі я стану дэпутатам, я магу быць, напрыклад, голасам вольных беларусаў, якія жывуць у Варшаве, — кажа Радаслаў. — І калі я буду мець магчымасьць дапамагаць у беларускіх справах, то дакладна буду яе выкарыстоўваць. Калі да мяне нехта прыйдзе з прапановай нейкіх дзеяньняў, я змагу гэтыя прапановы перадаць далей — да Рады горада Варшавы, да прэзыдэнта Варшавы. Як раённаму дэпутату мне будзе лягчэй дайсьці да людзей, якія прымаюць рашэньні».

Асноўнай жа дзейнасьцю Радаслава, калі яго выберуць дэпутатам, застанецца падтрымка прадпрымальнікаў.

Акрамя Радаслава Пусько, у выбарах у мясцовыя органы самакіраваньня ўдзельнічае яшчэ адна беларуска — заснавальніца і дырэктарка «Форуму польскіх лякальных ініцыятываў» Ганна Панішава. Былая паітзьяволеная актывістка польскай нацыянальнай меншасьці Беларусі цяпер жыве ў Варшаве і балятуецца ў гарадзкую раду ад партыі «Права і справядлівасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG