Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі Беларусі ўвяло факультатыў «Азбука маральнасьці» для школьнікаў малодшых клясаў  


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Новы факультатыў «Азбука маральнасьці» створаны для школьнікаў другіх і трэціх клясаў, яго праграму зацьвердзіла Міністэрства адукацыі Беларусі. Праграма апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Праграма факультатыву разьлічаная на 69 гадзін: 34 гадзіны — у другой клясе школаў, 35 гадзін — у трэцяй клясе (па 1 гадзіне на тыдзень).

Мэта факультатыву, паводле Мінадукацыі, — «стварэньне ўмоваў для фармаваньня ў навучэнцаў II і III клясаў маральных каштоўнасных установак, заснаваных на агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасьцях».

Праграма факультатыву складаецца з васьмі модуляў: «Уводзіны», «З чаго пачынаецца Радзіма?», «Маральныя асновы зносінаў. Культура зносінаў», «Добрымі справамі мы напоўнім сьвет», «Азбука маральнасьці ў сям’і», «Азбука маральнасьці ў школе», «Экалягічная культура чалавека», «Чалавек працай славіцца».

Пасьля вывучэньня праграмы факультатыву вучні другіх клясаў, сярод іншага, павінны будуць ведаць правілы паводзінаў пры выкананьні дзяржаўнага гімну, ведаць паходжаньне асноўных дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь, наладжваць даверныя ўзаемаадносіны з навакольнымі людзьмі (у сямʼі, школе, грамадзтве), знаходзіць шляхі выхаду з канфліктных сытуацый, тлумачыць сэнс прыказак аб Радзіме, сямʼі, сяброўстве, дабрыні, працы і інш.

Трэцяклясьнікі, акрамя гэтага, павінны будуць ведаць імёны беларускіх школьнікаў, герояў Вялікай Айчыннай вайны (Зіна Партнова, Марат Казей, Лёня Голікаў, Мікалай Гойшык, Валя Зенкіна), а таксама памятныя мясьціны Беларусі (помнікі, мэмарыяльныя комплексы), дзе ўвекавечаная памяць аб Вялікай Айчыннай вайне.

Апошнім часам рэжым Лукашэнкі актыўна ўзяўся за «патрыятычнае выхаваньне» дзяцей: у школах увялі пасаду адмысловага вайскова-патрыятычнага выхавальніка, для дзяцей ствараюць вайскова-патрыятычныя клюбы і вайскова-патрыятычныя клясы.

Дашкольныя навучальныя ўстановы таксама актыўна займаюцца «патрыятычным выхаваньнем» дзяцей: праводзяць сустрэчы дзяцей з праваслаўнымі сьвятарамі і водзяць іх у цэрквы, ладзяць «патрыятычныя мерапрыемствы», у тым ліку з удзелам БРСМ, міліцыі, АМАПу, пракурорскіх работнікаў і вайскоўцаў.

У апошнія гады ў беларускіх школах ужо увялі\анансавалі хуткае ўвядзеньне факультатываў

  • па сямейных каштоўнасьцях,
  • пра гісторыю і духоўныя каштоўнасьці «Сьвятыні роднага краю» і «Духоўная спадчына Беларусі»,
  • факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры»,
  • факультатыў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму»,
  • факультатыў «Мая Айчына»,
  • факультатыў на ангельскай мове «Вайсковы пераклад», на якім, сярод іншага, вучняў навучаць дапытваць палонных,
  • факультатыўныя заняткі «Гуляем у хакей» і інш.

Згодна з новай рэдакцыяй Кодэксу аб адукацыі, у школ зьявілася магчымасьць праводзіць факультатывы ў школах у суботу (раней такая магчымасьць была толькі для вучняў старэйшых клясаў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG