Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гаазе абвясьцілі старт праекту кампэнсацыі шкоды, нанесенай Расеяй Украіне ў часе агрэсіі


Вынікі расейскага абстрэлу горада Дніпро 14 студзеня 2023. Ілюстрацыйнае фота
Вынікі расейскага абстрэлу горада Дніпро 14 студзеня 2023. Ілюстрацыйнае фота

Праз нацыянальныя суды шкоду, нанесеную баявымі дзеяньнямі ці абстрэламі Расеі, пацьвердзілі амаль 400 фізычных і юрыдычных асобаў Украіны.

У Гаазе 2 красавіка стартуе праект у стварэньні рэестру шкоды, нанесенай Украіне ў выніку вайсковай агрэсіі Расеі.

Як адзначаецца на адмыслова створаным сайце, гэта адбудзецца на міжнароднай канфэрэнцыі «Аднаўленьне справядлівасьці для Ўкраіны», якая 2 красавіка праходзіць у Гаазе (Нідэрлянды).

У пэрспэктыве ў рэестры створаць 40 катэгорый суб’ектаў, якія пацярпелі ад вайны і патрабуюць кампэнсацыі.

Ва Ўкраіне толькі пачынаюць ствараць аналягічны рэестар, але ў міжнародны могуць зьвярнуцца тыя фізычныя і юрыдычныя асобы, якія ўжо прайшлі этап разгляду сваіх заяў ва ўкраінскіх судах.

Згодна з статыстыкай, праз нацыянальныя суды шкоду, нанесеную баявымі дзеяньнямі ці абстрэламі, пацьвердзілі амаль 400 фізычных і юрыдычных асобаў Украіны. Толькі з пачатку 2024 году ўкраінскія суды разгледзелі 91 заяву. Летась з такімі позвамі ў суды зьвярнуліся 262 прадпрыемствы і грамадзяны Ўкраіны. Менавіта яны першымі змогуць зьвярнуцца ў міжнародны рэестар.

Спачатку, як адзначаецца на сайце, дзейнасьць рэестру будзе сфакусаваная на катэгорыі асобаў, жыльлё якіх у выніку расейскай агрэсіі пашкоджанае або цалкам разбуранае. Чакаюць, што ў толькі ў гэтай катэгорыі колькасьць заяў можа скласьці ад 300 до 600 тысяч.

Фізычныя і юрыдычныя асобы змогуць падаваць свае заявы ў міжнародны рэестар празь лічбавую сыстэму «Дія».

Кабінэт міністраў Украіны толькі 29 сакавіка даручыў Міністэрству лічбавай трансфармацыі забясьпечыць тэхнічную магчымасьць падачы заяў аб шкодзе праз адзіны дзяржаўны партал электронных паслуг («Дія»).

На наступным этапе, які пачнецца ў 2025 годзе, у межах міжнароднага рэестру плянуюць стварыць кампэнсацыйную камісію ў складзе юрыстаў-міжнароднікаў. Гэтая камісія будзе прымаць рашэньні аб кампэнсацыі. Выплаты будуць ажыцьцяўляцца з кампэнсацыйнага фонду, які плянуюць напаўняць за рахунак арыштаваных расейскіх актываў.

Рашэньне аб стварэньні міжнароднага рэестру шкоды ўхваліла Генэральная асамблея ААН у лістападзе 2022 году. У Крамлі тады назвалі гэтае рашэньне «фармалізацыяй крадзяжу» заблякаваных заходнімі банкамі расейскіх золатавалютных рэзэрваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG