Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 красавіка на ўсіх мэтэастанцыях Беларусі зноў зафіксавалі тэмпэратурныя рэкорды


Менск, архіўнае фота
Менск, архіўнае фота

Але ў Беларусі яшчэ чакаюцца замаразкі да мінус 3.

Другі дзень запар на ўсіх мэтэастанцыях Беларусі фіксуюцца тэмпэратурныя рэкорды, сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамэту.

1 красавіка перасягнуты абсалютны максымум дня за ўвесь пэрыяд інструмэнтальных мэтэаназіраньняў: у Васілевічах і Лельчыцах паветра прагрэлася да 26,3 градуса цяпла. Гэта на 4,3 градуса вышэй за ранейшыя экстрэмумы, зафіксаваныя ў 2017 годзе ў Баранавічах і Ваўкавыску.

Самы стары лякальны рэкорд дня пабіты ў Нарачы — 22,9 градуса супраць 13,2 у 1978 годзе. Тут жа зафіксавана найбольшая розьніца паміж новым і старым экстрэмумамі — 9,7 градуса.

У Сянно ранейшы рэкорд перавышаны на 9,1 градуса (24,3 супраць 15,2 у 1999 годзе), у Оршы — на 8,8 (23,8 супраць 15 у 1990-м), у Лепелі — на 8,6 (23,9 супраць 15,3 у 1999-м), Віцебску — на 8,3 (23,5 супраць 15,2 у 1999-м).

У Менску перапісаны рэкорд дня 34-гадовай даўнасьці (23,9 супраць 16,7).
Як паведамляў «Позірк», 31 сакавіка быў зарэгістраваны новы абсалютны максымум першага вясновага месяца — 27,2 градуса ў Лельчыцах (было 23,1 там жа 19 сакавіка 1990 году).

2 красавіка анамальна высокія тэмпэратуры захаваюцца ў цэнтральных і ўсходніх раёнах. У заходніх пачалося пахаладаньне, якое распаўсюдзіцца на ўсю тэрыторыю краіны. Белгідрамэт выпусьціў штармавое папярэджаньне аб навальніцах і ўзмацненьні ветру да 15-20, месцамі да 24 м/с.

У ноч на 4 красавіка чакаюцца замаразкі да мінус 3, днём не вышэй за 3-12 градусаў цяпла, чакаюцца дождж і мокры сьнег.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG