Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў ЗША падтрымаў дапамогу Ўкраіне — але з «інавацыямі»


Уладзімір Зяленскі і Майк Джонсан, сьнежань 2023
Уладзімір Зяленскі і Майк Джонсан, сьнежань 2023

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Майк Джонсан заявіў, што пасьля велікодных вакацый, якія завяршаюцца 9 красавіка, ніжняя палата Кангрэсу зоймецца законапраектам аб дапамозе Ўкраіне.

Паводле Джонсана, яго прыняцьце спалучана зь цяжкасьцямі, бо сілы ў Палаце прадстаўнікоў разьмеркаваныя амаль пароўну і для ўхвалы дакумэнта неабходная падтрымка заканадаўцаў ад абедзьвюх партый. «Мы будзем прасоўваць прадукт, але я думаю, што ён будзе мець некаторыя важныя інавацыі», — сказаў Джонсан.

У якасьці прыкладу такіх новаўвядзеньняў ён прывёў магчымасьць аказаньня Ўкраіне дапамогі ў выглядзе крэдытаў. Пры гэтым ён спаслаўся на думку былога прэзыдэнта і меркаванага кандыдата ў прэзыдэнты ад рэспубліканцаў на выбарах сёлета Дональда Трампа. «Нават прэзыдэнт Трамп казаў пра крэдытную канцэпцыю, дзе мы ня проста даём дапамогу. Мы ўсталёўваем такія адносіны, каб яны маглі вярнуць яе нам, калі прыйдзе час», − сказаў сьпікер.

Выданне The Hill адзначае, што такі падыход маглі б падтрымаць рэспубліканцы – прыхільнікі Трампа ў Кангрэсе. У той жа час у Кіеве паставіліся да гэтай ідэі скептычна.

Яшчэ адна ідэя, пра якую згадаў Джонсан, — магчымасьць канфіскацыі і перадачы Ўкраіне цяпер замарожаных расейскіх актываў. «Калі вы зможаце выкарыстоўваць канфіскаваныя актывы расейскіх алігархаў для таго, каб украінцы маглі змагацца супраць іх жа, гэта проста казка», — цытуе The Hill словы сьпікера. Адпаведны законапраект, унесены рэспубліканцамі, прадугледжвае арышт актываў ня нейкіх «алігархаў», а Банку Расеі. Белы дом, як паведамлялася, у прынцыпе ня супраць гэтай ініцыятывы, але лічыць, што яна ня мае асаблівага сэнсу без адпаведных дзеяньняў з боку ЭЗ, дзе замарожаных расейскіх актываў нашмат больш, чым у ЗША.

Белы Дом заклікае Палату прадстаўнікоў прыняць вэрсію законапраекту аб дапамозе Ўкраіне на суму больш як 60 мільярдаў даляраў, ухваленую раней Сэнатам. Аднак са слоў Джонсана вынікае, што ён мае намер дамагацца або ўключэньня ў законапраект паправак, або прыняцьця новага дакумэнта. У гэтым выпадку прыняты Палатай прадстаўнікоў законапраект ізноў павінен быць ухвалены Сэнатам. Гэта будзе азначаць зацягваньне прыняцьця дакумэнта.

Тым ня менш старшыня Камітэту выведкі Палаты прадстаўнікоў, рэспубліканец Майк Тэрнэр, раней у нядзелю заявіў, што дапамога Ўкраіне будзе мець «пераважную падтрымку» пасьля вяртаньня Кангрэсу да працы, а Джонсан абяцаў зрабіць гэтае пытаньне прыярытэтным.

Шэраг ультраправых рэспубліканцаў пры гэтым выступаюць супраць любой дапамогі Ўкраіне і пагражаюць Джонсану адстаўкай у выпадку, калі той дамовіцца з дэмакратамі аб прыняцьці законапраекту. Дэмакраты, аднак, далі зразумець, што могуць і не падтрымаць адстаўку сьпікера-рэспубліканца ў гэтых абставінах.

Некалькі дзён таму паведамлялася аб тэлефоннай размове прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага са сьпікерам Джонсанам. «Хуткая ўхвала амэрыканскай дапамогі Ўкраіне Кангрэсам мае жыцьцёва важнае значэньне. Мы прызнаём, што ў Палаце прадстаўнікоў існуюць розныя пункты гледжаньня на тое, як трэба дзейнічаць, але ключавым зьяўляецца захаваньне пытаньня дапамогі Ўкраіне ў якасьці фактару, які аб’ядноўвае», — гаварылася ў паведамленьні Зяленскага на плятформе Х.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG