Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне набыў моц закон аб частковай легалізацыі спажываньня і продажу канабісу


Каноплі. Ілюстрацыйнае фота
Каноплі. Ілюстрацыйнае фота

Новаўвядзеньні выклікалі спрэчкі ў нямецкім грамадзтве.

У Нямеччыне 1 красавіка набыў моц закон, які часткова легалізуе спажываньне канабісу, піша DW. Канабіс выключаць са сьпісу забароненых рэчываў у законе аб наркотыках Нямеччыны, і дарослым будзе дазволена захоўваць і вырошчваць для сябе пэўную колькасьць. Паўналетнім дазволяць мець з сабой 25 грамаў канабісу (або марыхуаны, або гашышу ў чыстым выглядзе) ці да 50 грамаў дома.

Акрамя таго, будзе дазволена вырошчваць для асабістых мэтаў на сваім прыватным агародзе да трох кустоў канабісу. Аднак для гэтага трэба найперш аб’яднацца зь іншымі садоўнікамі ў свайго роду «клюб аматараў канабісу» і атрымаць дазвол мясцовых уладаў — і на разьвядзеньне канапель, і на захоўваньне самога наркотыку.

Клюбы будуць арганізаваныя паводле прынцыпу таварыства або каапэратыву, не арыентаваных на атрыманьне прыбытку. Гэта значыць, сябры такога саюзу фактычна будуць купляць марыхуану або гашыш самі ў сябе — максымум 50 грамаў на ўдзельніка клюбу за месяц.

Можна курыць канабіс у грамадзкіх месцах, аднак забаронена яго ўжываньне ў радыюсе 200 мэтраў ад уваходу ў школы, дзіцячыя сады, гульнявыя пляцоўкі, моладзевыя і спартовыя ўстановы. Забаронена ўжываць яго, знаходзячыся за рулём транспартнага сродку.

Захоўваюцца і пакараньні за злоўжываньні. Турэмнае пакараньне тэрмінам да 3 гадоў або грашовыя штрафы пагражаюць тым, у каго знойдуць больш за 25 грамаў марыхуаны або больш за тры кусты канапель у садзе. У асабліва цяжкіх выпадках, калі будзе даказаны факт гандлю «лішкамі» наркотыку, могуць пасадзіць і на 5 гадоў.

Разам з тым асобы, асуджаныя ў мінулым за дзеі, якія па новым законе ня будуць лічыцца злачынствам, могуць разьлічваць на рэабілітацыю і выключэньне іх судзімасьці з цэнтральнага крымінальнага рэгістру ў Нямеччыне.

Распрацоўка законапраекту суправаджалася ў Нямеччыне вострымі спрэчкамі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі легалізацыі канабісу. Прыхільнікі ўказвалі на правал палітыкі забарон, на досьвед іншых краін сьвету, у прыватнасьці Гішпаніі, Люксэмбургу, Мальты, Нідэрляндаў, Партугаліі, Мэксыкі, Уругваю, Канады і 19 штатаў ЗША. Яны прыводзілі фінансавыя аргумэнты: падаткі зь легальнага гандлю канабісам разам з эканоміяй на мерах для спыненьня гандлю ім забясьпечылі б, па іх падліках, штогадовую прыбаўку бюджэту ў 4,7 млрд эўра.

Акрамя таго, паводле іх ацэнак, легалізацыя канабісу непазьбежна прывядзе да павышэньня якасьці тавару, падзеньня нарказлачыннасьці і памяншэньня маштабаў чорнага рынку, на якім часта прадаюць марыхуану зь небясьпечнымі для здароўя прымешкамі.

Катэгарычна супраць пляну ўраду выступалі зьвяз нямецкіх лекараў, абʼяднаньне пэдыятраў, прафсаюз паліцэйскіх і судзейскі зьвяз, а таксама розныя абʼяднаньні школьных настаўнікаў.

Мэдыкі і пэдагогі зьвярталі ўвагу на небясьпеку для разумовага разьвіцьця, асабліва ў моладзі ва ўзросьце да 25 гадоў, на рызыку пераходу ад мяккіх да моцных наркотыкаў.

Судзьдзі і паліцыянты, у сваю чаргу, казалі, што прыдуманая ў Міністэрстве аховы здароўя мадэль легалізацыі канабісу ім ніякага паніжэньня нагрузкі ня дасьць. Бо і далей трэба будзе сачыць за выкананьнем вялікай колькасьці разнастайных бюракратычных правілаў і перасьледаваць парушальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG