Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«60% нашых кліентаў — беларускія вайскоўцы». Як працуе рэабілітацыйны цэнтар пад Кіевам, які заснавала беларуска


Тацяна Гацура-Яворская, заснавальніца рэабілітацыйнага цэнтру «Ланка». Ілюстрацыйны каляж
Тацяна Гацура-Яворская, заснавальніца рэабілітацыйнага цэнтру «Ланка». Ілюстрацыйны каляж

Зь якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы ва Ўкраіне, што больш за два гады дапамагаюць украінцам у вайне супраць Расеі? Госьця Ганны Соўсь — былая палітзьняволеная Тацяна Гацура-Яворская, заснавальніца рэабілітацыйнага цэнтру «Ланка» для вайскоўцаў і арганізатарка кінафэстывалю «1084. На мяжы».

Глядзіце размову на відэа цалкам


Тут фрагмэнты гутаркі

«У пачатку поўнамаштабнага ўварваньня было адно стаўленьне да беларусаў, сёньня ўжо іншае»

— Тацяна, вітаю вас у Празе, дзе вы, сярод іншага, бралі ўдзел у канфэрэнцыі беларусаў і беларусак сьвету і дзе таксама адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільму «Хто, калі ня мы», адной з гераінь якога вы былі. Я хацела пачаць з вашага даволі крытычнага выступу на канфэрэнцыі пра тое, у якіх умовах жыве і працуе беларуская дыяспара ва Ўкраіне.

— Я абазначыла праблемы ня толькі беларусаў ва Ўкраіне, якія дапамагаюць украінцам, а ўсіх беларусаў: і хто прыехаў ва Ўкраіну да 2020 году, і хто пасьля 2020-га, праз палітычны перасьлед. Праблемы стандартныя. Найперш легалізацыя. Паколькі людзі ня могуць памяняць пашпарты, гэта стала цяпер найбольшай праблемай для беларусаў. Гэта і замарожаныя рахункі, тое, што немагчыма карыстацца банкаўскімі карткамі людзям з дазволам на жыхарства (людзям з сталым месцам жыхарства ўсё ж прасьцей жыць ва Ўкраіне, але такіх меншасьць). Што да стаўленьня да беларусаў, яно мяняецца з часам. У пачатку поўнамаштабнага ўварваньня было адно стаўленьне да беларусаў, сёньня ўжо іншае. Яшчэ важна, у якой частцы Ўкраіны размаўляць зь людзьмі.

— Як бы вы ацанілі колькасьць беларусаў, якія прыехалі ва Ўкраіну пасьля 2020 году і засталіся пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны?

— Ня думаю, што засталося шмат. Выехалі некалькі тысяч, цяпер наўрад ці тысяча засталася. І яны таксама вымушаныя ехаць, таму што ніякай легалізацыі ва Ўкраіне няма, у людзей канчаюцца пашпарты, таму даводзіцца выяжджаць. Нас усё менш і менш ва Ўкраіне. На жаль.

«Ёсьць стэрэатып, што рэабілітацыя — гэта калі ампутацыя, нейкія сур’ёзныя раненьні»

— Раскажыце, як ствараўся рэабілітацыйны цэнтар «Ланка», што зроблена, што робіцца, якая дапамога патрэбная?

Тацяна Гацура-Яворская і яе сабака Каласік
Тацяна Гацура-Яворская і яе сабака Каласік

— Ва Ўкраіне адбылася рэінкарнацыя арганізацыі «Зьвяно» (грамадзкае аб’яднаньне «Зьвяно», якое ўзначальвала Тацяна, дзейнічала ў Беларусі з 2013 па 2021 год. — РС). «Ланка» — гэта па-ўкраінску «зьвяно». У статуце ўкраінскай арганізацыі запісаная і назва на беларускай мове. Напачатку мы займаліся гуманітарнай дапамогай цывільным і вайсковым шпіталям. Разам зь беларускай дыяспарай Італіі дапамагалі з ВАК-тэрапіяй параненым. І ў 2023 годзе арганізацыя «Ланка» заснавала рэб-цэнтар «Ланка», які знаходзіцца непадалёк ад Кіева. Маем дасягненьні за час працы, і адно з найважнейшых — партнэрскія стасункі зь дзяржаўнай мэдычнай установай, якая можа дапамагаць нам з дыягностыкай нашых кліентаў і амбуляторнай рэабілітацыяй. Раней мы маглі прымаць людзей толькі ў нас у цэнтры, а зараз ужо былі тры кліенты, якім было не абавязкова класьціся ў рэб-цэнтар, яны былі на рэабілітацыі амбуляторна. Для нас вельмі важная дапамога ад дзяржаўнай мэдычнай арганізацыі.

За гэты час мы выбудавалі каманду, альгарытмы, ёсьць досьвед працы з рознымі пацыентамі — і з псыхалягічнымі праблемамі, і з праблемамі аднаўленьня пасьля раненьняў. Цяпер мы можам хутка і эфэктыўна аказваць дапамогу.

— Якая спэцыфіка рэабілітацыі падчас вайны?

— Найперш гэта ЛФК. Трэнажоры, каб распрацоўваць цягліцы, калі праблемы з канцавінамі, калі ёсьць пашкоджаньні нэрваў. Мы працуем з двума псыхолягамі, якія аказваюць псыхалягічную дапамогу. Адна псыхалягіня мае досьвед працы з 2014 году, яна працавала з былымі палоннымі вайскоўцамі. Трэба сказаць, што ня ўсе хочуць займацца з псыхолягам, толькі палова нашых кліентаў. Яшчэ адзін псыхоляг, зь якім мы працуем, дапамагае людзям з залежнасьцямі. Гэта таксама актуальная праблема, распаўсюджаная ў вайскоўцаў.

Ёсьць стэрэатыпнае мысьленьне, што рэабілітацыя — гэта ампутацыя, нейкія сур’ёзныя раненьні, ляжачыя людзі. Калі чалавек знаходзіцца год, два ў палявых умовах, жыве фактычна на вуліцы, з кароткімі адпачынкамі на ратацыі, гэта вельмі цяжка. Бліндажы, стрэс — і людзі могуць хварэць звычайнымі хваробамі, якія становяцца вялікай праблемай. Вядома пра Аляксандра Клачко, які пад Бахмутам ня быў паранены, але фактычна страціў ныркі.

— Ці праходзяць у вашым цэнтры рэабілітацыю беларускія добраахвотнікі?

— Вядома, мы прымаем усіх, але 60% нашых кліентаў — беларусы. Трэба разумець, што беларусы там знаходзяцца без сацыяльных сувязяў, безь сям’і. Калі пасьля раненьня ўкраінскі жаўнер можа паехаць на рэабілітацыю дадому, то беларускім жаўнерам часта проста няма дзе пахварэць, разабрацца са сваім здароўем, зрабіць дыягностыку. Мы імкнёмся быць сям’ёй, браць такіх людзей пад апеку.

— Як шмат беларусаў працуе ў рэабілітацыйным цэнтры, акрамя вас?

— На жаль, ёсьць праблемы празь цяжкую легалізацыю і праз тое, што паміж Беларусьсю і Ўкраінай разарваная дамова аб прызнаньні дыплёмаў. Калі мы пачыналі, былі два беларускія лекары, лор і нэўроляг, але яны зьехалі. Цяпер 50 на 50 — украінская і беларуская каманда, і гэта важна і эфэктыўна.

«Не баяцца выйсьці і сказаць, што я беларуска, і не баяцца, што можаш атрымаць нейкі хэйт»

— У фільме «Хто, калі ня мы» ёсьць такі эпізод, калі вы перадаяце ўкраінскаму вайскоўцу дапамогу ад беларусаў Італіі, а ён спачатку насьцярожана рэагуе, калі даведваецца, што вы беларуска, а потым мяняе стаўленьне, кажа «Жыве Беларусь», «Будзем змагацца і за вашу свабоду». Гэта былі першыя месяцы вайны. Зь якімі рэакцыямі больш як за два гады сутыкаецеся?

— Шчыра кажучы, большасьць украінцаў упершыню бачаць беларуса. Мы праводзім фэстывалі «1084. На мяжы» ў розных гарадах, і ў большасьці аўдыторыя ўпершыню бачыць беларуса.

— Мо ўпершыню беларуса, які па-беларуску гаворыць, ідэнтыфікуе сябе як беларус?

— Можа, яны сустракалі беларусаў, але ня ведалі, што гэта беларусы. Перад вайскоўцам, які дзякаваў і казаў, што будзем змагацца за вашу свабоду, быў іншы, з супрацьлеглай думкай, які казаў, што ад беларусаў ня ўзяў бы ані ваткі, ані бінціка. У адным месцы могуць быць палярныя думкі. Я б сказала, што гэта рэдкасьць — пачуць нейкі хэйт ці адчуць нэгатыўнае стаўленьне, калі ўкраінцы ведаюць, што гэта беларусы, якія застаюцца ва Ўкраіне альбо ваююць ва Ўкраіне ці дапамагаюць. Мы таму і робім фэстываль «1084. На мяжы», бо ягоная канцэпцыя — паказваць украінскай аўдыторыі кіно пра Беларусь. Паказваем фільм Палуяна «Адвага», Куцілы «Сьвятая вада», фільм пра Пушкіна «Беларускі вальс» Фідыка. Патлумачу назву фэстывалю. 1084 км — працягласьць мяжы паміж Украінай і Беларусьсю. І лягатып фэстывалю — лінія на мапе, як выглядае мяжа.

Ідэя фэстывалю зьявілася пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны, каб патлумачыць украінцам, як так, што адбылося, чаму беларусы ў гэтым удзельнічаюць. Праблема была ў паветры. Як зь ёй працаваць? Ісьці ў народ, паказваць людзям, рабіць дыскусіі. Не баяцца выйсьці і сказаць, што я беларуска, і не баяцца, што можаш атрымаць нейкі хэйт. Правакаваць гэтую дыскусію, каб мы маглі размаўляць паміж сабой. Іншага выйсьця няма. Два гады мы рабілі фэстываль у розных гарадах. Акрамя кінапаказаў, рабілі выставу палітычных плякатаў Уладзімера Цэсьлера.

Летась у лістападзе ў Бучы быў адкрыты публічны канфлікт з той прычыны, што паказваюць беларускае кіно. Была незадаволеная мясцовая актывістка, блогерка. Але было вельмі прыемна, што ўкраінскае грамадзтва, украінскія паблікі вельмі адэкватна адрэагавалі.

— У Бучы ваявалі беларускія добраахвотнікі і гінулі там...

— Так, на паказ прыйшлі і беларускія добраахвотнікі. Гэта быў паказ фільму «Адвага», на які прыехаў рэжысэр Палуян. Ёй не падабалася ў прынцыпе, што гэта беларускае кіно. Яна не разьбіралася асабліва ў дэталях. І было вельмі важна, што ўкраінскія паблікі гэта вельмі адэкватна пракамэнтавалі.

«Будзе пагаршэньне, якое адчуюць на сабе ня толькі ўкраінцы, але і грамадзяне іншых эўрапейскіх краінаў»

— Як вам з Украіны бачыцца, ад чаго залежаць зьмены ў Беларусі?

— Маё бачаньне пэсымістычна-аптымістычнае. Я лічу, што мы бачылі яшчэ ня самае горшае, што будзе больш ваенных дзеяньняў, і яны будуць ужо з краінамі NATO. Будзе пагаршэньне, якое адчуюць на сабе ня толькі ўкраінцы, але і грамадзяне іншых эўрапейскіх краінаў. Пасьля дабро мусіць перамагчы зло. Я спадзяюся, што краіны Эўропы аб’яднаюцца, што Амэрыка таксама, нягледзячы на тое, хто будзе абраны прэзыдэнтам, будзе дапамагаць сілам дабра. І толькі такім чынам мы зможам будаваць новую дэмакратычную краіну.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG