Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракт у Падмаскоўі: 115 загінулых, сярод параненых — беларус, Пуціну даклалі пра затрыманьне 11 падазраваных

абноўлена

Пасьля нападу ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі. 23 сакавіка 2024 году
Пасьля нападу ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі. 23 сакавіка 2024 году

У выніку тэракту ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі, паводле апошніх афіцыйных зьвестак, загінулі сама меней 115 чалавек, пацярпелі сама меней 146. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пракамэнтаваў тэракт толькі праз 19 гадзінаў пасьля нападу.

Увечары 22 сакавіка некалькі людзей у камуфляжнай форме адкрылі страляніну з аўтаматаў у канцэртнай залі, дзе мусіў адбыцца канцэрт расейскага рок-гурту «Пікнік». Адбыўся выбух і пачаўся моцны пажар. Пазьней над глядацкай заляй «Крокуса» рухнуў дах, ратавальнікі разьбіраюць завалы. Глядацкая заля цалкам зьнішчаная агнём, паведамілі ў МНС Расеі.

Сама меней 115 загінулых і 146 параненых, сярод іх адзін беларус

Да раніцы з «Крокуса» эвакуявалі ўсіх пацярпелых.

Паводле апошніх зьвестак, колькасьць загінулых у выніку тэракту вырасла да 115 чалавек, паведаміў СК Расеі. Паводле папярэдніх зьвестак, асноўныя прычыны сьмерці людзей — агнястрэльныя раненьні і атручэньне прадуктамі гарэньня, нападнікі прымянялі «ўзгаральную вадкасьць для падпалу памяшканьняў канцэртнай залі».

Міністэрства аховы здароўя Падмаскоўя апублікавала сьпіс з 146 пацярпелымі ў выніку тэракту, сярод іх сямёра дзяцей.

Тэлеграм-канал «112», які спэцыялізуецца на апэратыўнай хроніцы, са спасылкай на крыніцу паведамляе, што колькасьць загінулых вырасла да 150 чалавек; яшчэ раніцай канал паведамляў пра 183 пацярпелых — пакуль гэтыя зьвесткі афіцыйна не пацьверджаныя.

На месцы здарэньня раніцай 23 сакавіка
На месцы здарэньня раніцай 23 сакавіка

Адзін грамадзянін Беларусі знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане пасьля нападу, паведаміў амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітрый Круты. Ці гэта адзіны пацярпелы падчас нападу беларус, пакуль дакладна не вядома. Амбасада чакае публікацыі падрабязных зьвестак загінулых. Працэс высьвятленьня асобаў усіх пацярпелых працягваецца.

У Беларусі прынялі дадатковыя меры бясьпекі ў сувязі з падзеямі ў Маскве, заявіла МУС Беларусі. Узмацнілі меры бясьпекі ў мэтро, беларускіх сілавікоў дадаткова ўзброілі аўтаматычнай зброяй, павялічылі колькасьць нарадаў і ўзмацнілі іх байцамі АМАП. У Менску, Гомлі і Лідзе адмянілі шэраг масавых мерапрыемстваў.

Пуціну даклалі пра затрыманьне 11 падазраваных і нібыта «украінскі сьлед». Ён абмеркаваў тэракт з Лукашэнкам

Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу паводле артыкулу аб тэракце. Учора расейскія СМІ паведамлялі, што пасьля нападу нападнікам удалося схавацца на аўтамабілі.

23 сакавіка ў Расеі затрымалі 11 падазраваных у сувязі з нападам на «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі, сярод затрыманых — чацьвёра непасрэдных удзельнікаў тэракту, даклаў Пуціну дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу Крамля. У ФСБ Расеі таксама заявілі, што чатыры меркаваныя тэрарысты нібыта мелі сувязі з Украінай і зьбіраліся перайсьці мяжу з Украінай пасьля нападу.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў назваў хлусьнёй і «лухтой» заявы ФСБ пра «ўкраінскі сьлед» у тэракце.

Уладзімір Пуцін абмеркаваў з Аляксандрам Лукашэнкам тэракт у канцэртнай залі ў Падмаскоўі, паведаміў прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзьмітрый Пяскоў. «Бакі пацьвердзілі гатоўнасьць да ўзаемадзеяньня ў барацьбе з тэрарызмам», — сказаў ён.

Пазьней амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітрый Круты заявіў, што беларускія спэцслужбы «дапамагалі Расеі выканаць задачу ня даць сысьці тэрарыстам празь мяжу».

Аўтамат Калашнікава, які знайшлі ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі: кадар зь відэа, апублікаванага Сьледчым камітэтам Расеі 23 сакавіка 2024 году
Аўтамат Калашнікава, які знайшлі ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі: кадар зь відэа, апублікаванага Сьледчым камітэтам Расеі 23 сакавіка 2024 году

23 сакавіка тэлеграм-каналы Baza і «Осторожно, новости» пісалі, што ў Бранскай вобласьці спынілі аўтамабіль, на якім маглі схавацца нападнікі: у машыне было 6 чалавек, нібыта грамадзяне Таджыкістану, дваіх затрымалі. МЗС Таджыкістану назвала інфармацыю фэйкам, а МУС краіны паведаміла, што трое грамадзян Таджыкістану, арыенціроўкі на якіх распаўсюдзілі СМІ, ня маюць дачыненьня да здарэньня: двое зь іх знаходзяцца на радзіме, адзін працуе ў Расеі ў Самары.

Тэлеграм-канал Baza нагадвае, што два тыдні таму пасольства ЗША ў РФ выпусьціла на сайце папярэджаньне для сваіх грамадзян пра магчымыя атакі ў месцах масавага збору людзей у Маскве. Гэтае папярэджаньне таксама вывесіла ў сябе на сайце пасольства Вялікай Брытаніі. Напярэдадні 8 сакавіка, паводле зьвестак пасольства ЗША, напады плянаваліся нейкімі экстрэмістамі ў найбліжэйшыя двое сутак.

Выданьне «Агенцтва» адзначае, што атака на «Крокус Сіці Хол» — найбуйнейшы ў Расеі тэракт з часоў нападу на школу ў Беслане ў 2004 годзе, калі загінулі больш за 300 чалавек.

У гарадах Расеі і сьвету ўзьнікаюць стыхійныя мэмарыялы ў памяць пра ахвяраў тэракту ў «Крокусе»: людзі нясуць кветкі і сьвечкі ў Маскве, Пецярбургу, Уладзівастоку, Екацярынбурзе, Растове, Парыжы, Таліне, Вене, Ташкенце, Кішынёве і іншых. У некалькіх расейскіх гарадах таксама зьявіліся білборды са спачуваньнямі і сьвечкамі.

Кветкі ля амбасады Расеі ў Бішкеку. 23 сакавіка 2024 году
Кветкі ля амбасады Расеі ў Бішкеку. 23 сакавіка 2024 году

Пуцін заявіў, што выканаўцы тэракту нібыта мелі намер сысьці ва Ўкраіну

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў са зваротам да расейцаў больш чым праз 19 гадзін з моманту нападу на «Крокус Сіці Хол». Ён выказаў спачуваньні блізкім і родным ахвяраў, назваў напад варварскім тэрактам і аб’явіў 24 сакавіка днём жалобы па ахвярах атакі.

Таксама Пуцін зьвязаў напад на «Крокус Сіці Хол» з Украінай, заявіўшы, што ўсе чатыры затрыманыя выканаўцы тэракту «спрабавалі ўцячы і рухаліся ў бок мяжы», дзе для іх нібыта было «падрыхтавана акно» для пераходу на ўкраінскі бок.

Да гэтага, адразу пасьля здарэньня Пуцін не камэнтаваў тэракт. Расейскія агенцтвы навінаў пісалі, што яму «дакладваюць пра сытуацыі», а віцэ-прэмʼер Расеі Тацяна Голікава сказала, што ў адказ на справаздачу аб пацярпелых Пуцін нібыта «пажадаў усім акрыяньня і перадаў падзяку лекарам».

Аляксандар Лукашэнка выказаў спачуваньні Пуціну ў сувязі з тэрактам.

Рэакцыі на тэракт у канцэртнай залі

Страляніна ў канцэртнай залі ў падмаскоўным Краснагорску — «наўмысная правакацыя пуцінскага рэжыму, пра якую папярэджвала міжнародная супольнасьць», заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў.

Дарадца кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў, што Кіеў ніякім чынам не датычны да гэтага нападу.

Пра сваю недатычнасьць да тэракту выказаліся прадстаўнікі «Рускага добраахвотніцкага корпусу» — ваеннага фармаваньня, якое ваюе на баку Ўкраіны.

МЗС Нямеччыны заявіў: «Неабходна хутка высьветліць перадгісторыю. Нашы глыбокія спачуваньні сем’ям загінулых».

Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмеран выказаў спачуваньні сваякам ахвяраў і напісаў, што краіна «самым рашучым чынам асуджае сьмяротны тэрарыстычны акт у падмаскоўным „Крокус Сіці Холе“».

Адміністрацыя ЗША заявіла, што ў яе няма ніякіх дадзеных, якія дазволілі б меркаваць, што за нападам на канцэртную залю ў Маскве стаіць Украіна.

Калі за тэрактам у «Крокус сіці холе» стаяць тэрарысты кіеўскага рэжыму, усіх іх трэба знайсьці і зьнішчыць, у тым ліку афіцыйных асобаў, заявіў былы прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў.

Людзі нясуць кветкі да месца трагедыі ля канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі
Людзі нясуць кветкі да месца трагедыі ля канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы напад, сказала, што ён нагадаў ёй «пра падзеі ў пачатку 2000-х».

«Захоп „Норд-Оста“, закладнікі ў Беслане... Трагедыя, якая і тады аказалася падставай для вайны. Калі гэта і зараз стане падставай для аб’яўленьня вайны, то мы ня будзем староньнімі назіральнікамі. Цяпер маштабаваньне вайны азначае прамую небясьпеку для Беларусі, якую Расея зробіць паўнавартаснай удзельніцай сваіх плянаў. Трагедыя будзе не па тэлевізары, мы будзем глядзець проста на яе», — адзначыла Ціханоўская.

Таксама яна выказала спачуваньні семʼям і блізкім загінулых, пажадала здароўя пацярпелым і далучылася да ранейшага закліку Паўла Латушкі да беларусаў «паклапаціцца пра сваю бясьпеку, пазьбягаць скапленьняў людзей і ўважліва назіраць за тым, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі ў бліжэйшы час».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG