Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт абароны журналістаў заклікаў неадкладна вызваліць Андрэя Толчына


Відэаапэратар Андрэй Толчын
Відэаапэратар Андрэй Толчын

Гомельскі абласны суд 21 сакавіка вынес вырак па крымінальнай справе супраць былога журналіста-фрылансэра Андрэя Толчына, якога асудзілі на 2,5 года калёніі

Неадкладна вызваліць журналіста Андрэя Толчына заклікаў у заяве 22 сакавіка Камітэт абароны журналістаў (CPJ).

Праграмная каардынатарка арганізацыі ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід назвала прысуд «яшчэ адной праявай помсьлівасьці беларускіх уладаў у адносінах да цяперашніх і былых прадстаўнікоў прэсы за іх незалежнае асьвятленьне масавых пратэстаў у краіне ў 2020 годзе». Яна заклікала «неадкладна зьняць з Толчына ўсе абвінавачаньні і вызваліць яго разам з астатнімі зьняволенымі журналістамі».

21 сакавіка Гомельскі абласны суд прыгаварыў 64-гадовага былога журналіста Андрэя Толчына да 2,5 года пазбаўленьня волі, інкрымінаваўшы яму ўчыненьне злачынстваў паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта) і 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэксу. Першапачаткова яму інкрымінавалі таксама ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Андрэй Толчын — стваральнік гомельскай гарадзкой газэты «Гомельские ведомости», а таксама фрылансэр, які супрацоўнічаў зь некалькімі незалежнымі выданьнямі. Яго неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасьць. Пасьля падзеяў 2020 году Толчын сышоў з прафэсіі.

Затрымалі яго 27 верасьня 2023 году.

Паводле дадзеных БАЖ, у няволі цяпер утрымліваюцца 34 прадстаўнікі СМІ.

Камітэт абароны журналістаў — міжнародная няўрадавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку, якая бароніць правы журналістаў. Арганізацыя зьбірае інфармацыю пра рэпрэсіі і забойствы супрацоўнікаў СМІ па ўсім сьвеце.

Хто такі Андрэй Толчын

Андрэю Толчыну 64 гады, ён пакутуе на шэраг хранічных захворваньняў. Да 2020 году супрацоўнічаў зь незалежнымі СМІ Беларусі.

Быў затрыманы 27 верасьня 2023 году і з таго часу знаходзіўся ў гомельскім СІЗА. Як стала вядома Свабодзе, ягоны стан здароўя моцна пагоршыўся.

Андрэй Толчын даглядаў хворую сястру, якая памерла прыкладна за тыдзень-два да ягонага затрыманьня. Пракурор прасіў для яго 3 гады калёніі.

Андрэй Толчын у дэмакратычным асяродку Гомля стаў прыкметнай асобай яшчэ ў 90-х гадах, калі Беларусь здабывала незалежнасьць. Працаваў тады наладчыкам апаратуры на радыёзаводзе «Прамень».

Удзельнічаў у незалежным прафсаюзным руху, які выступаў за абарону правоў рабочых.

На дэмакратычнай аснове быў абраны дэпутатам Гомельскага гарадзкога савету 21-га скліканьня — гэта акурат той савет, адзін з двух у Беларусі, які ў жніўні 1991 году адкрыта выступіў супраць камуністычнага дзяржаўнага перавароту ў Маскве і вітаў абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

У гарадзкім савеце Андрэй уваходзіў у камісію сувязяў з грамадзкасьцю і СМІ. Быў сябрам зьліквідаванай цяпер уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час ачольваў гарадзкую арганізацыю гэтай партыі. Апекаваўся дзейнасьцю дэмакратычных дабрачынных фондаў. Зьведаў таксама і беспрацоўе.

Пасьля выбараў 2010 году Толчын у якасьці відэаапэратара-фрылансэра супрацоўнічаў зь незалежнымі мэдыярэсурсамі. За журналісцкую працу Андрэя Толчына шмат разоў штрафавалі і адпраўлялі за краты на падставе адміністрацыйных пратаколаў, якія складала міліцыя, бо ў відэаапэратара-фрылансэра не было акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных справаў.

У 2020 годзе Толчына затрымлівалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асьвятленьне пратэстаў, афіцыйна — нібыта за ўдзел у масавых беспарадках.

Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА-3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, якіх разам зь іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканьні ізалятара. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, палітвязьняў абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні звады і перашкодзе дзейнасьці ЦВК. Тады Толчын запісваў і камэнтар аднаго з дыпляматаў Эўразьвязу, што прыехалі ў Гомель на суд. Усе відэазапісы ў фрылансэра забрала міліцыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG