Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар фонду Kamunikat Яраслаў Іванюк: «Беларуская літаратура разьвіваецца, як кожная іншая»


Яраслаў Іванюк. Архіўнае фота
Яраслаў Іванюк. Архіўнае фота

Выдавец Уладзімера Арлова, беларус з Падляшша Яраслаў Іванюк, расказаў пра літаратурныя навінкі і працу заблякаванай у Беларусі інтэрнэт-бібліятэкі.

«Насустрач дню Волі» — гэта назва туру па гарадах Балтыйскіх краін, які напярэдадні 25 сакавіка робяць пісьменьнік Уладзімер Арлоў і выдавец, дырэктар фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк, які жыве у Беластоку. 22 сакавіка сустрэча зь літаратарам і ягоным выдаўцом адбудзецца ў Вільні, а далей на іхным маршруце Рыга, Талін і Хэльсынкі. Ужо адбыліся сустрэчы з Арловым беларусаў Клайпеды і Коўна. Яраслаў Іванюк расказаў Свабодзе пра выдадзеныя кнігі і працу заблякаванай у Беларусі інтэрнэт-бібліятэкі.

«Ва ўсіх пунктах туру жыве шмат беларусаў, якія хочуць сустрэць 25 Сакавіка разам. У Клайпедзе і Коўна спадар Уладзімер апавядаў пра гісторыю БНР, гісторыю абвяшчэньня незалежнасьці, як усё адбывалася. Але і пра тое, якія былі падзеі перад гэтым, пачынаючы ад паўстаньня Кастуся Каліноўскага», — расказаў Яраслаў Іванюк. Паводле выдаўца, у праграме сустрэч таксама размовы з чытачамі і набыцьцё новых кніг з аўтографамі аўтара. У музыкальнай частцы свае песьні прэзэнтуе публіцы музыка Раман Арлоў.

Дырэктар фонду Kamunikat Яраслаў Іванюк ганарыцца тым, што фонд выдаў ужо 12 кніг Уладзімера Арлова. Гэта гістарычныя творы, вершы, проза, эсэ мэтра беларускай літаратуры. У зборніку эсэ — славуты твор «Незалежнасьць гэта», напісаны яшчэ ў 90-ыя гады мінулага стагодзьдзя. Пра гэта эсэ падчас размоваў з чытачамі аўтар з жалем заўважае, твор дагэтуль не страціў актуальнасьць. Сярод кніг Уладзімера Арлова, якія едуць да чытачоў, ёсьць і навінкі.

«Вязём з сабой другую частку „Айчыны“. Першая „Айчына“ ў Беларусі была прызнаная экстрэмісцкай, цяпер спадар Арлоў напісаў працяг. Але гэтая другая частка з пэўных прычын выдадзена без ілюстрацый, пра што ўжо маем такі водгук: „Выйшла чорна-белая „Айчына““. На маю думку, двухсэнсоўнасьць слушная, бо цяпер для нас, беларусаў, сытуацыя сапраўды не каляровая», — мяркуе выдавец.

Беларускім чытачам будуць прапанаваныя таксама кнігі іншых беларускіх аўтараў, якія зусім нядаўна былі выдадзеныя фондам Kamunikat, паведаміў Яраслаў Іванюк. Сярод іх «Забіць упалмінзага» Зьмітра Бартосіка, «Кніга могілак» дасьледчыкаў пахаваньняў беларусаў па ўсім сьвеце Натальлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча, «Жаўнеры БНР» прафэсара Алега Латышонка. Спадар Іванюк патлумачыў, чаму вырашылі перавыдаць кнігу, якую ўпершыню чытачы ўбачылі яшчэ ў 2009 годзе.

«Адна з прычын тая, што кнігі ў продажы ўжо зусім няма. А цяпер, паколькі шмат беларусаў не па сваёй віне эмігравалі з Рэспублікі Беларусь, мы падумалі, што ім будзе цікава пазнаёміцца з дасьледаваньнем прафэсара Алега Латышонка, зьвязаным з вайсковымі фармаваньнямі ў час абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі».

Як беларусы спраўляюцца з блякаваньнем

Фонд Kamunikat.org, які ўзначальвае Яраслаў Іванюк, вядомы таксама ўтрыманьнем аднайменнай інтэрнэт-бібліятэкі, у якой сабраныя беларускія тэксты.

«Там ужо 56 тысяч беларускіх публікацыяў рознага тыпу. Часопісы, газэты, кнігі, аўдыёкнігі, радыёперадачы, тэлеперадачы. Стараемся сабраць у адным месцы ўсё, што на беларускай мове, і нават тое, што ёсьць пра Беларусь і беларусаў на іншых мовах», — тлумачыць Яраслаў Іванюк.

У 2023 года інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat была заблякаваная Міністэрствам інфармацыі Беларусі. Прычын Яраслаў Іванюк ня ведае, але мяркуе, што блякаваньне — гэта рэакцыя беларускіх уладаў на шэраг публікацый, сабраных на сайце kamunikat.org.

«Назьбіралася шмат матэрыялаў пра сьмерць у беларускай турме мастака-палітвязьня Алеся Пушкіна. Таксама ёсьць старонка Нобэльскага ляўрэата, праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якога трымаюць у няволі, а ў нашай бібліятэцы — ягоныя кнігі. А ўвогуле, думаю, заблякавалі за тое, што зьбіраем усё беларускае. Але беларусы ведаюць, як карыстацца тэхналёгіяй VPN, і статыстыка наведваньняў сайту не пагоршылася. У нас нават стала больш наведнікаў», — зазначае Яраслаў Іванюк.

Паводле стваральніка заблякаванай уладамі Беларусі інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat, пасьпяхова разьвіваецца і такі кірунак, як запіс і разьмяшчэньне на сайце аўдыёкніг. За амаль два мінулыя гады было запісана больш за 40 аўдыёкніг зь беларускай сучаснай літаратурай. Гэта кнігі Ўладзімера Арлова, Алеся Аркуша, Андрэя Федарэнкі, Людмілы Рублеўскай. Асабліва Яраслаў Іванюк ганарыцца працай, зробленай за мінулы год.

«Вельмі важна, што мы запісалі пяцікніжжа Сьвятланы Алексіевіч, за якое яна атрымала Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры. Першую кнігу, „У вайны не жаночы твар“, пераклаў на беларускую мову Валянцін Акудовіч, над перакладамі наступных кніг працавалі Ўладзімер Арлоў, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Сяргей Дубавец. Усе пяць кніг можна ў свабодным доступе паслухаць на сайце Kamunikat.org, а таксама на нашым ютуб-канале, дзе ў фармаце аўдыё зьмяшчаем найлепшае зь беларускай сучаснай літаратуры», — кажа Яраслаў Іванюк.

Пра развіцьцё беларускай літаратуры ў эміграцыі

Выдавец Яраслаў Іванюк уважліва сочыць за тэндэнцыямі разьвіцьця беларускай літаратуры. Параўнаньне з тым, што адбываецца ў нацыянальных літаратурах краінаў Эўропе спадара Іванюка, па ягоных словах, не расчароўвае.

«Вельмі паказальна, што ў эміграцыі ўзьнікаюць новыя выдавецтвы. Гэта і „Янушкевіч“, які перанёсься ў Варшаву, дзе ўжо адкрыў кнігарню „Кнігаўка“. У Празе гэта выдавецтва „Вясна“, у Лёндане — „Скарына“, у Кракаве — „Гутэнбэрг паблішэн“, наш Kamunikat у Беластоку. Калі ж параўнаць з сусьветнымі тэндэнцыямі, дык бачу, што беларуская літаратура разьвіваецца, як кожная іншая, на ўскрайку дарогі не стаіць. У эміграцыі выходзіць мастацкая літаратура, дзіцячыя кнігі, папулярна-гістарычная літаратура, шмат перакладаў», — зазначыў Яраслаў Іванюк. Паводле кіраўніка Kamunikat, беларуская літаратура нічым ня горшая за іншыя сусьветныя літаратуры. «Для мяне гэта літаратура, якой варта захапляцца», — прызнаецца Яраслаў Іванюк.

Пры гэтым выдавец беларускіх кніг зь Беластоку не выключае, што зь цягам часу агульным здабыткам стануць і кнігі тых аўтараў, якія засталіся ў Беларусі. «Хто ведае, можа, неўзабаве пазнаёмімся і з тым, што там пісьменьнікі напісалі „ў шуфляду“».

Паводле Яраслава Іванюка, у сучаснай літаратуры найбольш запатрабаваным жанрам застаецца нон-фікшн. Беларуская эмігранцкая літаратура, мяркуе спадар Іванюк, і тут не саступае. Летась, па словах спадара Іванюка, яго вельмі захапіла кніга дакумэнтальнай прозы Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды». Прыйшло рашэньне перавыдаць гэтую кнігу праз Kamunikat.

«Кніга апавядае пра 50-я гады ХХ стагодзьдзя ў былой Маладачанскай вобласьці на падставе судовых дакумэнтаў. Раней я вельмі скептычна ставіўся да параўнаньняў сытуацыі ў Беларусі пасьля 2020 году з тым, што адбывалася ў савецкі час, у тыя ж 30-я ці 50-я гады мінулага стагодзьдзя. Але прачытаўшы гэтую кнігу, зразумеў, што такія параўнаньні абсалютна слушныя. Таму што памяняўся толькі спосаб перадачы інфармацыі, але ня сутнасьць падзей», — зазначае выдавец кніг Kamunikat.

Іванюк уразіўся высновай аўтара, што ў часы, якія ён дасьледаваў, можна было адправіцца ў ГУЛАГ на 10-15 гадоў за захоўваньне нібыта варожай літаратуры, а папраўдзе беларускіх, польскіх газэтаў. І аказалася, што нічога не зьмянілася.

«А цяпер можна сесьці ў турму на некалькі гадоў за падабайку ў фэйсбуку. Гэта абсалютна параўнальная сытуацыя. У гэтай кнізе ёсьць момант, дзе аўтар наведвае ў 2016 годзе Сухабязводнае, дзе калісьці быў адзін з канцлягераў сыстэмы ГУЛАГ. І там ён размаўляе зь нейкай жанчынай у кіёску, калі купляе сабе папяросы. Жанчына гаворыць: „Ну няма таго, што раней было. А раней жа тут сядзеў увесь Савецкі Саюз!“. І яна з такой настальгіяй пра гэта гаворыць: што і яе дзед, і бацька былі якраз тымі, хто пільнаваў тых вязьняў», — мяркуе Яраслаў Іванюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG