Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На экранах у Варшаве сталі расказваць пра рэпрэсіі ў Беларусі


Адзін з экранаў у Варшаве, які расказвае пра рэпрэсіі ў Беларусі. Фота з тэлеграм-каналу «Цэнтру беларускай салідарнасьці»
Адзін з экранаў у Варшаве, які расказвае пра рэпрэсіі ў Беларусі. Фота з тэлеграм-каналу «Цэнтру беларускай салідарнасьці»

У Варшаве на вялікіх рэклямных экранах зьявіліся электронныя плякаты, якія на прыкладах расказваюць палякам пра сытуацыю ў Беларусі і пра тое, як за простыя і бяскрыўдныя дзеяньні можна трапіць пад палітычны перасьлед, заўважыў тэлеграм-канал «Цэнтар беларускай салідарнасьці».

«Пакінуў камэнтар на Фэйсбуку? У Польшчы твой камэнтар — гэта ўнёсак у дыскусію. У Беларусі можаш трапіць у турму», — гаворыцца на адным з экранаў (на фота вышэй). У якасьці прыкладу на ім расказваецца гісторыя былога начальніка часткі МНС Аляксандра Курганскага, які паставіў падабайку пад камэнтарам аб перастрэлцы паміж Андрэем Зельцарам і супрацоўнікам КДБ «Нірванай», за што быў асуджаны на 1,5 года калёніі.

«Вывучэньне замежнай мовы ў Польшчы — гэта тваё разьвіцьцё. У Беларусі закрылі 10 школаў і курсаў польскай мовы», — інфармуе іншы.

Побач — гісторыя Андрэя Пачобута, беларускага журналіста і сябра «Саюзу палякаў Беларусі», асуджанага на 8 гадоў за нібыта распальваньне варожасьці і пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі.

«У Польшчы твае дабрачынныя ахвяраваньні — гэта дапамога тым, хто ў іх мае патрэбу. У Беларусі гэта падстава завесьці справу», — напісана яшчэ на адным з экранаў.

Побач на ім расказваецца гісторыя беларуса Андрэя Савінскага, асуджанага на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 7 400 рублёў за данаты у 50 даляраў фондам, прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкімі».

Паводле «Цэнтру беларускай салідарнасьці», ініцыятарам акцыі сталі ўлады Варшавы — такім чынам яны выказалі салідарнасьць зь беларускім народам і нагадалі жыхарам гораду пра рэпрэсіі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG