Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 сакавіка: затрымалі хрысьціянскага прапаведніка Сяргея Мельянца

абноўлена

Затрыманы хрысьціянскі прапаведнік Сяргей Мельянец
Затрыманы хрысьціянскі прапаведнік Сяргей Мельянец

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Затрымалі хрысьціянскага прапаведніка Сяргея Мельянца

Стала вядома пра затрыманьне вядомага ў Менску хрысьціянскага прапаведніка, паэта і выканаўцы аўтарскай песьні, бацькі семярых дзяцей Сяргея Мельянца, паведаміла «Хрысьціянская візія».

Яго судзяць па адміністрацыйным артыкуле. Прычыны і нагода перасьледу, а таксама вырак невядомыя.

Жыхара Баранавічаў асудзілі на 3 гады «хіміі» за падабайку ў «Аднаклясьніках»

5 сакавіка судзьдзя Вікторыя Пакунова разгледзела справу супраць Аляксандра Захарчыка, паведамляе «Вясна | Брэст». Мужчыну абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, а менавіта ў «распаўсюдзе заведама лжывага» паведамленьня пра тое, што Лукашэнка мае дачыненьне да нейкіх цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

Паводле прысуду, гэты «паклёп» адбыўся ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі»: мужчына проста паставіў адзнаку «Кляс!» нейкай публікацыі.

За гэта кіроўцу Аляксандру Захарчыку прысудзілі 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у ПУАТ (так званая «хімія») паводле ч. 2 арт.367 КК («Паклёп на прэзыдэнта»).

Краму «Адметнасьць» унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў»

У Беларусі зьявіліся новыя «экстрэмісцкія фармаваньні», піша «Вясна»:

  • ініцыятыва «Голас»,
  • эстонскі фонд «Fund of Belarus friends»,
  • інтэрнэт-крама з нацыянальнай сымболікай «Адметнасьць».

14 сакавіка СК распачаў «спэцыяльнае вядзеньне» (завочны разгляд справы) супраць Сяргея Верамеенкі, былога гаспадара крамы «Адметнасьць» у Горадні. Яго абвінавачваюць паводле артыкула аб «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

У Менску жанчыну асудзілі за абразу прадстаўніка ўлады

Суд Партызанскага раёну Менску 5 сакавіка вынес прысуд Алене Касьпяровіч, абвінавачанай у публічнай абразе прадстаўніка ўлады — выканаўцы абавязкаў начальніка Ўпраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Віцебскай вобласьці Ж., даведаліся праваабаронцы «Вясны».

Паводле матэрыялаў абвінавачваньня, Алена Касьпяровіч разьмясьціла тэкст камэнтару, які нібыта «супярэчыць устаноўленым правілам зносінаў паміж людзьмі, патрабаваньням агульначалавечай маралі, у якім прынізіла гонар і годнасьць палкоўніка міліцыі Ж., у сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў, з пачуцьця непрыязнасьці да прадстаўнікоў улады». У публікацыі вялася гаворка пра тое, што міліцэйскі начальнік дазваляў сабе зьдзекі са зьняволеных.

Судзьдзя Вераніка Абзалімава прызнала Алену Касьпяровіч вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу) і прызначыла ёй пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія») на тэрмін 1 год і 6 месяцаў, а таксама прысудзіла ёй штраф у памеры 2000 беларускіх рублёў (50 базавых велічынь).

Алена Касьпяровіч цяпер у водпуску па доглядзе за непаўналетнім дзіцем, якое мае інваліднасьць, а таксама даглядае састарэлых бацькоў. Пасьля затрыманьня да суду жанчына была пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Сілавікі затрымалі адміністратара менскай рэстарацыі

Відэа з затрыманым апублікаваў адзін з тэлеграм-каналаў, блізкіх да сілавікоў. Мужчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў пасьлявыбарных акцыях пратэсту 2020 году, на яго завялі крымінальную справу (паводле якога артыкула, не ўдакладняецца).

На відэа мужчына кажа, што ён адміністратар менскага рэстарана Umami Neobistro. «Медиазона» знайшла старонку затрыманага ў сацсетках, там ён падпісаны як Мікіта Лявіцкі.

На відэа сілавікоў ён кажа, што «па факце ўдзелу ў мітынгах нікуды не зьвяртаўся, таму [ягонае] пакараньне будзе зьвязанае з пазбаўленьнем волі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG