Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле кіраўніцы Цэнтравыбаркаму Расеі, Пуцін на выбарах прэзыдэнта набірае 88% галасоў


Чарга да выбарчага ўчастку ў Бэрліне.
Чарга да выбарчага ўчастку ў Бэрліне.

У Расеі завяршылася галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах. У выніку апрацоўкі больш за 24% бюлетэняў наперадзе Ўладзімір Пуцін. Як паведаміла кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Эла Памфілава, дзейны прэзыдэнт набраў амаль 88% галасоў.

Мікалай Харытонаў ад КПРФ набраў 3,86% галасоў, Уладзіслаў Даванкоў з партыі «Новыя людзі» — 3,76%, Леанід Слуцкі ад ЛДПР — 2,97%.

Папярэдне яўка выбарнікаў склала 74,22 працэнта.

Экзытполы Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі і ФАМ паказваюць, што Пуцін перамагае з вынікам больш за 87%.

На выбарах 2018 году Пуцін быў пераабраны з 77% галасоў. На той момант гэта быў ягоны максымальны вынік.

Выбары ў Расеі, на акупаваных тэрыторыях Украіны і ў анэксаваным Крыме праходзілі на працягу трох дзён. 17 сакавіка — трэці, заключны дзень галасаваньня.

Незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць выбары як несвабодныя і неканкурэнтныя. Пуцін, які кіруе Расеяй з 2000 году, балятаваўся на пяты тэрмін. Усім кандыдатам ад непарлямэнцкіх партый і самавылучэнцам, якія зьбіралі подпісы, Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі адмовіла.

На акупаваных тэрыторыях Луганскай, Данецкай і Херсонскай абласьцей апрацаваныя 100% пратаколаў, паведамілі ў ЦВК. У Луганскай і Данецкай вобласьцях за Пуціна прагаласавалі 95% тых, хто прыйшоў на ўчасткі, у Херсонскай вобласьці — 88%, у Запароскай — 92%.

Заходнія краіны асудзілі правядзеньне выбараў на акупаваных тэрыторыях. Вынікі галасаваньня там прызнавацца ня будуць. Мясцовыя жыхары расказвалі, што на іх аказвалі ціск, прымушаючы да галасаваньня.

За мяжой, паводле апошніх зьвестак МЗС, на прэзыдэнцкіх выбарах прагаласавалі каля 250 тысяч расейцаў. За мяжой былі адкрыты 230 выбарчых участкаў у 111 краінах сьвету і самаабвешчаных рэспубліках.

За тры дні выбараў заведзеныя больш за 60 крымінальных спраў, складзены больш за 150 адміністрацыйных пратаколаў, заявіў першы намесьнік кіраўніка МУС Расеі Аляксандар Гаравы.

МУС ня выявіла парушэньняў, якія ўплываюць на ход ці вынікі галасаваньня. З словаў Гаравога, большая частка спраў заведзеная па артыкуле аб загадзя ілжывым акце тэрарызму (23 справы) і перашкодзе ажыцьцяўленьню правоў выбарнікаў (21 справа).

Расейская апазыцыя заклікала ўсіх, хто ня згодны з палітыкай дзейнага прэзыдэнта, прыйсьці на выбарчыя ўчасткі а 12:00 паводле мясцовага часу ў межах акцыі «Поўдзень супраць Пуціна». У гэты час вялікія чэргі з жадаючых прагаласаваць выстраіліся ў многіх гарадах Расеі — Маскве, Санкт-Пецярбургу, Екацерынбургу, Томску, Пермі, Чэлябінску, Новасібірску.

У Армэніі некалькі тысяч чалавек прыйшлі галасаваць апоўдні ў пасольства Расеі ў Ерэване. У армянскую сталіцу таксама прыехалі расейцы з Грузіі — там магчымасьці прагаласаваць не было. Выбарчы ўчастак у Ерэване з прычыны наплыву ахвочых прадоўжыў гадзіны працы. Крыніца Радыё Свабода ў Армэніі паведаміла, што некаторыя людзі стаялі ў чарзе ня менш за шэсьць гадзін.

У Астане таксама працягнулі працу выбарчага ўчастку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG