Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона на ўвоз шэрагу тавараў зь Літвы: стала вядома, калі яна пачне дзейнічаць і што нельга ўвозіць


Забарону ўвялі ў адказ на рашэньне Літвы аб спыненьні руху тавараў, транспарту і людзей праз два беларуска-літоўскія памежныя пункты пропуску.

Забарона на ўвоз асобных тавараў зь Літвы ў Беларусь пачне дзейнічаць з 1 красавіка, вынікае з пастановаў беларускага ўраду.

Згодна з пастановай ад 14 сакавіка № 182 «Аб прымяненьні спэцыяльнай абмежавальнай меры», забаронена перамяшчаць аўтамабільным транспартам праз пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы шэраг тавараў, прызначаных для продажу і (або) спажываньня ў Беларусі, незалежна ад краіны іх паходжаньня.

У пералік увайшлі

  • мінэральныя і газаваныя воды, салодкія газаваныя напоі і інш.;
  • алькаголь: піва, віно, вэрмут, вінаграднае сусла, зброджаныя напоі (напрыклад, сідр, сакэ і інш.) і сумесі зь іх, сьпірт і сьпіртавыя настойкі;
  • воцат і яго заменьнікі;
  • аўтамабільныя шыны і покрыўкі;
  • адзеньне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжываньні;
  • ужываныя часткі і прыналежнасьці транспартных сродкаў.

Таксама ўрад дапоўніў пералік тавараў, вырабленых на тэрыторыі асобных «недружалюбных краінаў», якія забарона ўвозіць і прадаваць на тэрыторыі Беларусі.

У яго ўключылі асобныя тавары, вырабленыя ў Літве:

  • малако і вяршкі згушчаныя,
  • садавіна і арэхі замарожаныя,
  • кава і яе заменьнікі,
  • джэмы, жэле фруктовае, мармэляды, фруктовыя і арэхавыя пюрэ і пасты,
  • садавіна, арэхі і іншыя ядомыя часткі расьлін, прыгатаваныя ці кансэрваваныя,
  • сокі фруктовыя, агароднінныя, арэхавыя,
  • воды, у тым ліку мінэральныя і газаваныя,
  • алькаголь: піва, зброджаныя напоі і сумесі зь іх, сьпірт і сьпіртавыя настойкі, лікёры і іншыя сьпіртавыя напоі,
  • воцат і яго заменьнікі,
  • калготы, панчохі, гольфы, шкарпэткі і іншыя панчошна-шкарпэткавыя вырабы,
  • лядоўні, маразільнікі і іншае халадзільнае або маразільнае абсталяваньне,
  • папера, кардон, цэлюлёзная вата, палатно з цэлюлёзных валокнаў розных відаў,
  • цэгла будаўнічая, блёкі для падлог, камяні керамічныя апорныя або для запаўненьня бэлечных канструкцый і аналягічныя вырабы з керамікі.

Забарона на ўвоз — мера ў адказ на прынятае Літвой рашэньне аб спыненьні руху тавараў, транспарту і людзей праз два памежныя пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю.

1 сакавіка Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Райгорад» і «Лаварышкі».

Забараніўшы ўвоз зь Літвы шэрагу тавараў, беларускія ўлады «ўвялі санкцыі супраць саміх сябе і ўласнага народа», заявіў агенцтву BNS міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG