Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы: Беларусь увяла санкцыі супраць уласнага народу


Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс
Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс

Міністар мяркуе, што адмова ўладаў Беларусі ад літоўскай прадукцыі будзе спрыяць дывэрсыфікацыі дзейнасьці бізнэсоўцаў Літвы, якія супрацоўнічалі зь Беларусьсю.

Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што забарона ўладаў Беларусі на пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі зь Літвы — гэта санкцыі супраць беларускага народу.

«Санкцыі наклалі супраць самых сябе. Інакш я гэта назваць не магу. [...] Гэта санкцыі супраць уласнага народу», — сказаў Габрыелюс Ландсбергіс выданьню BNS.

Паводле яго, Літва пастаўляла ў Беларусь невялікія аб’ёмы прадукцыі. Міністар мяркуе, што адмова ўладаў Беларусі ад літоўскай прадукцыі будзе спрыяць дывэрсыфікацыі дзейнасьці бізнэсоўцаў Літвы, якія супрацоўнічалі зь Беларусьсю.

«Для нашай эканомікі, хоць яна і невялікая, гэта будзе садзейнічаць дывэрсыфікацыі. То бок нават тыя невялікія групы тавараў, якія раней прадавалі ў Беларусь, мы будзем накіроўваць у іншыя краіны», — патлумачыў ён.

Старшыня камісіі замежных справаў Сейму Жыгімантас Павілёніс мяркуе, што рашэньне ўладаў Беларусі паўплывае і на расейскі рынак.

«Беларусь была месцам, празь якое Расея абыходзіць санкцыі. Мы самі ня раз падымалі пытаньне аб неабходнасьці ўзмацніць санкцыі супраць Беларусі, каб Расея не магла гэтыя санкцыі абысьці», — сказаў дэпутат.

15 сакавіка стала вядома, што ўрад Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць яшчэ два памежныя пункты забараніў увозіць зь Літвы мінэральную ваду, піва, віно, вінаграднае сусла, вэрмуты, напоі іншыя зброджаныя, этылавы сьпірытус , воцат, апоны і покрыўкі пнэўматычныя гумовыя, адзеньне і іншыя ўжываныя вырабы, а таксама ўжываныя часткі і прыналежнасьці транспартных сродкаў.

1 сакавіка Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Райгорад» і «Лаварышкі».

Згодна з гандлёвай статыстыкай, апублікаванай Дэпартамэнтам эканамічных і сацыяльных пытаньняў ААН, экспарт Беларусі ў Літву ў 2023 годзе склаў 302 мільёны даляраў, а пастаўкі зь Літвы ў Беларусь — 1,84 мільярда даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG