Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом адрэгаваў на заклікі Макрона да саюзьнікаў ня быць «баязьліўцамі» ў падтрымцы Ўкраіны


Эманюэль Макрон (справа) падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Павэлам
Эманюэль Макрон (справа) падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Павэлам

Украіна ніколі не прасіла ўвесьці замежныя войскі, заявіў Белы дом пасьля таго, як Макрон заклікаў саюзьнікаў ня быць «баязьліўцамі».

«Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ніколі не прасіў уводу заходніх войскаў для барацьбы з поўнамаштабным уварваньнем Расеі», — заявіў Белы дом 5 сакавіка, пасьля таго як прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон паўтарыў, што не выключае гэтай ідэі.

«Прэзыдэнт Зяленскі гэтага ня просіць; ён проста просіць інструмэнты і магчымасьці. Ён ніколі не прасіў замежных войскаў, каб ваяваць за яго краіну», — заявіў прэс-сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі журналістам.

Раней 5 сакавіка Макрон заявіў, што «цалкам падтрымлівае» свае выказваньні на мінулым тыдні, у якіх ён ня выключыў разьмяшчэньня заходніх войскаў ва Ўкраіне, што выклікала шок у Эўропе. Ён таксама сказаў, што саюзьнікі Ўкраіны не павінны выглядаць баязьліва, падтрымліваючы яе.

«Мы, безумоўна, набліжаемся да моманту для Эўропы, калі трэба будзе ня быць баязьліўцамі, — заявіў Макрон падчас візыту ў Чэхію, — І я лічу, што нашы краіны ведаюць, што адбываецца ў Эўропе, што вайна вярнулася на нашу зямлю».

Ён дадаў, што пагроза стала нястрымнай і «кожны дзень» распаўсюджваецца на краіны Эўропы.

«Гэта наша вайна ці не? Ці можам мы глядзець убок, спадзеючыся, што можам дазволіць рэчам ісьці сваім ходам?» — спытаў Макрон.

«Я ў гэта ня веру, і таму заклікаў да стратэгічнага падвышэньня і цалкам падтрымліваю гэта», — сказаў Макрон.

Кіраўнік Службы зьнешняй выведкі Расеі Сяргей Нарышкін, якога цытуе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва РІА «Новости», заявіў, што камэнтары Макрона паказваюць безадказнасьць эўрапейскіх лідэраў і падводзяць сьвет да мяжы ядзернай вайны.

Большасьць эўрапейскіх саюзьнікаў заявілі, што ня будуць накіроўваць войскі ва Ўкраіну, пасьля таго як 26 лютага Макрон заявіў, што не выключае разьмяшчэньня заходніх войскаў ва Ўкраіне. Францускія афіцыйныя асобы спрабавалі растлумачыць выказваньні Макрона і прыцішыць крытыку, настойваючы на неабходнасьці паслаць Расеі ясны сыгнал, што яна ня можа перамагчы ва Ўкраіне. Яны сказалі, што любыя сілы, накіраваныя ва Ўкраіну, могуць быць накіраваныя для падтрымкі такіх апэрацый, як разьмінаваньне, а не для барацьбы з расейскімі сіламі.

Міністар абароны ФРГ заявіў, што цытаты Макрона не былі карыснымі.

«Нам сапраўды не патрэбныя... дыскусіі пра боты на зямлі або пра большую або меншую мужнасьць», — сказаў Борыс Пісторыюс на прэс-канфэрэнцыі ў Стакгольме пасьля сустрэчы са сваім швэдзкім калегам.

Падчас свайго візыту ў Прагу Макрон сустрэўся з прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Павэлам, былым генэралам NATO, які пагадзіўся з тым, што саюзьнікі Ўкраіны павінны шукаць «новыя шляхі», каб дапамагчы, але сказаў, што Захад не пераступіць «ўяўную чырвоную лінію», уцягваючыся ў баявыя апэрацыі.

«Мы згодныя з тым, што адзіны варыянт для нас — працягваць падтрымку Ўкраіны. Мы пагадзіліся, што Эўропа павінна адыгрываць большую ролю ў дапамозе Ўкраіне», — сказаў Павэл.

Павэл выказаў здагадку, што краіны NATO могуць, напрыклад, навучаць украінскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне, што, на яго думку, ня будзе парушэньнем міжнародных правілаў.

Прэзыдэнты таксама пракамэнтавалі плян Прагі закупляць боепрыпасы для Ўкраіны за межамі Эўропы. Каля 15 краін выказаліся ў падтрымку пляну закупіць 500 000 снарадаў калібру 155 мм і 300 000 снарадаў калібру 122 мм на суму каля 1,5 мільярда даляраў. Нідэрлянды ўжо паабяцалі ахвяраваць на гэта 100 мільёнаў эўра. Макрон сказаў, што Францыя падтрымлівае плян, але не сказаў, колькі яна можа ўнесьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG