Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 сакавіка: у Менску затрымалі студэнта і ягоную маці, у Магілёве — бухгальтарку; зноў судзілі Аляксея Раманава


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі штодня адбываюцца палітычна матываваныя затрыманьні.

Сілавікі затрымалі студэнта фізфаку БДУ і ягоную маці

Сілавікі сьцьвярджаюць, што затрыманы студэнт фізычнага факультэту БДУ ўдзельнічаў у пратэстах 2020 году, калі яшчэ быў непаўналетнім.

Акрамя таго, ён нібыта быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і пісаў абразьлівыя камэнтары пра міліцыянтаў.

Стала вядома, што сілавікі затрымалі і маці студэнта. Жанчына працуе ў кампаніі «Лібрэцік» (сетка крамаў «Суседзі»). На відэа сілавікоў яна гаворыць, што хадзіла на маршы разам з сваімі непаўналетнімі сынам і дачкой і была падпісаная на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама пакідала камэнтары пра дзейную ўладу. Таксама жанчыну прымусілі сказаць, што яна нібыта заклікала ўкраінскія войскі нанесьці ракетны ўдар па аэрадромах Беларусі.

Паводле якіх артыкулаў затрымалі студэнта і ягоную маці і дзе яны цяпер, невядома. Вядома толькі, што на жанчыну завялі крымінальную справу.

Прайшоў новы суд над Аляксеем Раманавым

Прычынай сёньняшняга суду над былым палітвязьнем Аляксеем Раманавым, які мае анкалягічнае захворваньне, стаў дэкрэт Лукашэнкі № 7 («Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе»). Як суд скончыўся і ў чым дакладна абвінавачвалі Аляксея — пакуль невядома, піша «Гомельская вясна».

Раней Аляксея Раманава затрымлівалі 23 студзеня падчас хвалі ператрусаў у сем’ях палітвязьняў. Спачатку мужчыну прысудзілі 15 дзён арышту, а потым, не выпускаючы, дадалі яшчэ 15 нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Толькі праз 30 дзён яго ўсё ж вызвалілі.

Аляксей мае інваліднасьць, анкалягічнае захворваньне і панкрэатыт. Падчас апошняга арышту ў ізалятары яму некалькі разоў рабілася блага. Але яго ў такіх выпадках адвозілі ў шпіталь і тут жа вярталі назад.

У Магілёве затрымалі галоўную бухгальтарку «Цэнтру прыватызацыі»

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманай галоўнай бухгальтаркай гарадзкога камунальнага прадпрыемства «Цэнтар прыватызацыі», піша Mediazona.by.

У роліку беларуска распавядае, што з 2020 году пакінула 801 «нэгатыўны камэнтар пра органы сілавых структураў і прэзыдэнта». Таксама жанчына паведаміла, што праз гэта страціла працу.

Які артыкул ставяць у віну жанчыне і ў якім статусе яна цяпер, невядома.

Назіральніцу на выбарах 2020 году зноў арыштавалі на 10 дзён

Жыхарку Бярозаўкі і назіральніцу на выбарах у 2020 годзе Гражыну Гетку зноў арыштавалі на 10 дзён, піша тэлеграм-канал «Задержания, суды в Лиде». Паводле якога артыкулу яе судзілі, невядома.

Пра затрыманьне актывісткі стала вядома 21 лютага. Тады суд арыштаваў яе на 15 дзён.

У 2020 годзе жанчына была назіральніцай на прэзыдэнцкіх выбарах. У верасьні 2023 году яе аштрафавалі на 30 базавых велічыняў па артыкуле аб распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (артыкул 19.11 КаАП).

Жыхара Наваполацка адправілі пад арышт за падабайку пад інтэрвію Жырыноўскага 13-гадовай даўніны

У Наваполацку за падпіскі і лайк пад інтэрвію памерлага кіраўніка Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Ўладзіміра Жырыноўскага тэлеканалу «Белсат» асудзілі мясцовага жыхара Валерыя Максіменку, піша тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю» з спасылкай на пастанову, апублікаваную ў Банку судовых рашэньняў.

9 лютага сілавікі знайшлі ў «Одноклассниках» у Валерыя Максіменкі падпіску на «Хартыю-97», а таксама сярод упадабаных ролікаў «відэаматэрыял дэструкцыйнага характару» — інтэрвію Уладзіміра Жырыноўскага тэлеканалу «Белсат», зьнятае 13 гадоў таму.

Навапалачанін у судзе сваю віну адмаўляў і сьцьвярджаў, што ня ведае, як гэтыя «матэрыялы» апынуліся на яго старонцы ў сацыяльнай сетцы. Нягледзячы на гэта, судзьдзя Зінаіда Балаболава прызнала мужчыну вінаватым паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў) і прызначыла 10 дзён арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG