У Маскве, як паведамляе тэлеграм-канал Avtozak, затрымалі як мінімум чатырох чалавек.
На станцыі мэтро Любліна ў Маскве, як паведамляе расейскі партал «ОВД-Инфо», затрымалі былога намесьніка кіраўніка партыі «Парнас» Міхаіла Шнэйдэра. Ён адзін з заяўнікаў акцыі памяці Аляксея Навальнага і Барыса Нямцова, якую маскоўская мэрыя забараніла праводзіць.
Таксама ў маскоўскім мэтро паліцыя затрымала намесьніка кіраўніка маскоўскага аддзяленьня партыі «Яблоко» Андрэя Морава і яго калегу Аляксандра Яфімава.
Аднаго мужчыну сілавікі затрымалі ля Барысаўскіх могілак за тое, што ён нібыта крыкнуў «Хто забіў Навальнага?».
Там жа сілавікі затрымалі спэцыяльнага карэспандэнта «Новой газеты», які вёў стрым з пахаваньня Навальнага, паведаміла выданьне. Яго адпусьцілі пасьля таго, як паліцыянты праверылі тэлефон журналіста.
У Новасібірску, як пішуць тэлеграм-каналы «Сибирьмедиа» і «Коалиция Новосибирск 2020», пры ўскладаньні кветак у памяць аб Навальным былі затрыманыя 18 чалавек. Сярод затрыманых аказаліся незалежны дэпутат Новасібірскай гарадзкой рады і памочнік яшчэ аднаго дэпутата.
У Екацярынбургу, як напісаў галоўны рэдактар мясцовага выданьня «Вечерние ведомости» Ўладзіслаў Постнікаў, сілавікі затрымалі як мінімум дзесяць чалавек, якія прыйшлі ўскласьці кветкі ў памяць аб Навальным да гарадзкіх помнікаў.
У Санкт-Пецярбургу ля Салавецкага каменя, як піша партал «Бумага», сілавікі затрымалі дзяўчыну, якая прыйшла ўскласьці кветкі ў памяць аб Навальным. У яе забралі пашпарт і адвезьлі яе ў аддзел паліцыі.
Дзесяць чалавек сілавікі затрымалі ў Варонескай вобласьці. Затрыманыя ехалі на разьвітаньне з Навальным у Маскву. Празь некалькі гадзін адпусьцілі ўсіх, акрамя каардынатара варонескага штабу Барыса Надзеждзіна.
Таксама затрыманыя ёсьць у Ніжнявартаўску, Улан-Удэ, Уладзікаўказе, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані і Златавусьце.
16 і 17 лютага на акцыях у памяць аб Аляксею Навальным, які загінуў у калёніі на Ямале, паліцыя затрымала больш за 400 чалавек.