Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшаў палітвязень, які першым атрымаў палітычны прысуд пасьля выбараў 2020 году. Колькі палітвязьняў у Беларусі


Палітзьняволены Павал Пяскоў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Павал Пяскоў — першы, хто атрымаў палітычны прысуд за падзеі пасьля выбараў 2020 году. Яго абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, зьвязаным з ужываньнем гвалту (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу) на акцыі 19 чэрвеня 2020 году ў Маладэчне, падчас якой адзін з амапаўцаў дастаў пісталет.

У той дзень міліцыя адвольна, з ужываньнем непрапарцыйнага гвалту затрымала аднаго з прысутных пратэстоўцаў, сьцьвярджаючы, што той актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Павал Пяскоў быў побач зь некалькімі дзясяткамі гараджан, якія спрабавалі ня даць затрымаць удзельнікаў мірнага сходу.

Паўлу Пяскову прысудзілі 3 гады і 3 месяцы калёніі.

Пазьней яму дадалі яшчэ 1 год зьняволеньня за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі».

Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Павал Пяскоў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

  • Па стане на 28 лютага 2024 году ў Беларусі сама меней 1403 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю. Паводле іншых падлікаў, колькасьць людзей, зьняволеных з палітычных матываў, у Беларусі можа быць значна большай.
  • Акрамя гэтага, з 2020 году больш за 1500 палітвязьняў ужо выйшлі на волю ў сувязі з адбыцьцём пакараньня, зьменай меры стрыманьня, прызначэньня пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, памілаваньня.
  • На канец студзеня 2024 году праваабаронцам «Вясны» было вядома больш як пра 4500 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах.
  • Праваабаронцы працягваюць фіксаваць факты другаснага перасьледу былых палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG