Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя час і месца разьвітаньня з журналістам Андрэем Александровічам, які памёр у Варшаве


Разьвітаньне з журналістам Андрэем Александровічам адбудзецца ў пятніцу, 1 сакавіка, у Варшаве.

Грамадзянская паніхіда пройдзе па адрасе ul. Fosa 19A (przy kosciole Sw.Katarzyny) / вул. Фоса, 19А (пры касьцёле Сьвятой Кацярыны). Пачатак а 16-й, паведамляе «Еўрарадыё».

Там часам працягваецца збор на дапамогу ягонай сям’і.

Андрэй Александровіч памёр ад вострай сардэчнай недастатковасьці ў лякарні ў Варшаве 24 лютага. Яму было 49 гадоў.

Ён працаваў у «Белорусской деловой газете», нямецкай радыёстанцыі Deutsche Welle, незалежным інфармацыйным агенцтве БелаПАН. Разам з калегамі зь «БДГ» ў другой палове 1990-х гадоў заснаваў першую беларускую электронную газэту «Ежедневник», якую беларускія ўлады закрылі ў 2021 годзе.

У другой палове 2010-х гадоў Андрэй Александровіч быў галоўным рэдактарам сайта міжнароднага кансорцыюма «ЭўраБеларусь», а таксама стварыў мэдыяпраект Thinktanks.by.

Апошнія гады быў галоўным рэдактарам газэты «Белорусы и рынок», пакуль яна не спыніла выхад у канцы 2022 году.

У сьнежні 2022 году Мінінфарм закрыў газэту «Белорусы и рынок», найстарэйшае незалежнае эканамічнае выданьне Беларусі, заснаванае ў 1990 годзе. Да гэтага, у траўні 2022 году, Андрэя Александровіча выклікалі на допыты ў КДБ па справе аб «распальваньні нацыянальнай варожасьці», заведзенай супраць дырэктара газэты Канстанціна Залатых.

У 2023 годзе дырэктара эканамічнай незалежнай газэты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых пакаралі 4 гадамі зьняволеньня паводле шэрагу дыфамацыйных артыкулаў.

Андрэй Александровіч выехаў зь Беларусі ў другой палове 2023 году і знаходзіўся ў Варшаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG