Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блякаваньне руху на мяжы Польшчы і Ўкраіны. Што адбываецца і каму гэта выгадна


Блякада польска-украінскай мяжы. 9 лютага 2024
Блякада польска-украінскай мяжы. 9 лютага 2024

З восені 2023 году з польскага боку пэрыядычна блякуюць рух праз пункты пропуску на мяжы з Украінай.

Спачатку рух спынілі польскія перавозчыкі, якія патрабавалі аднавіць дазволы, скасаваныя для ўкраінскіх перавозчыкаў пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году. Ва ўмовах закрытай паветранай прасторы і марскіх шляхоў сухапутная мяжа стала адзіным шляхам, празь які Ўкраіна атрымлівае вайсковую дапамогу з Захаду — тэхніку, зброю і снарады.

Адметна, што тады польскія перавозчыкі блякавалі рух ня толькі на вываз прадукцыі з Украіны, а і на ўвоз ва Ўкраіну. Для высьвятленьня сытуацыі ў Польшчу выяжджала нават дэлегацыя зь Літвы, занепакоеная тым, што іхная дапамога не даходзіць да ўкраінскага фронту. У канцы сьнежня сытуацыю ўдалося ўрэгуляваць і разблякаваць, хоць яе намагаліся пашырыць і на межы Ўкраіны зь іншымі краінамі Эўразьвязу — Славаччынай і Румыніяй. Чакаючы магчымасьці перасекчы мяжу, у чэргах памерлі некалькі ўкраінскіх кіроўцаў.

Цяпер польскія фэрмэры пачалі блякаваць трасы, якія вядуць да ўкраінскай мяжы. Галоўнае патрабаваньне — спыніць увоз украінскага збожжа і адначасова скасаваць экалягічныя і кліматычныя абмежаваньні, уведзеныя ў межах Эўразьвязу. І калі перавозчыкі-пратэстоўцы спынялі толькі грузавы транспарт, фэрмэры пачалі блякаваць пасажырскія аўтобусы і чыгуначны транспарт. Галоўнай зброяй стала збожжа — яго высыпаюць проста на дарогу.

Свабода сабрала інфармацыю пра тое, што адбываецца на польска-ўкраінскай мяжы.

Украінскія ўлады называлі сытуацыю палітычнай правакацыяй

Улады Ўкраіны пазьбягаюць рэзкіх ацэнак сытуацыі і спрабуюць разблякаваць рух на мяжы шляхам перамоў. Дзень таму спыненьне пасажырскага аўтобуса і цягніка прымусіла віцэ-прэм’ера Ўкраіны, міністра інфраструктуры Аляксандра Кубракова зьвярнуцца да кіраўніка Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Яцэка Сяверы.

Прадстаўнік украінскага ўраду назваў гэтыя выпадкі «прыкладамі негуманнага стаўленьня да ўкраінцаў на мяжы ЭЗ», якія могуць выкарыстаць расейскія спэцслужбы для разьвязаньня штучнага канфлікту паміж Украінай і Польшчай.

Пазьней Аляксандар Кубракоў абвінаваціў у палітычнай правакацыі польскіх фэрмэраў, якія спынілі грузавы цягнік і высыпалі ўкраінскае збожжа з грузавога цягніка, які транзытам накіроўваўся ў Нямеччыну.

Акцыя пратэсту польскіх фэрмэраў
Акцыя пратэсту польскіх фэрмэраў

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што праз польскую мяжу праходзіць толькі 5% украінскага аграрнага экспарту.

«Насамрэч сытуацыя ня ў збожжы, а хутчэй у палітыцы. І пад Купянскам, недалёка ад мяжы з Расеяй, дзе не сьціхае варожая артылерыя, навіны зь мяжы з Польшчай выглядаюць проста як зьдзек. Патрэбны супольныя рашэньні, рацыянальныя рашэньні, каб выйсьці з гэтай сытуацыі. Рашэньні нашыя з палякамі найперш, і ўсіх у Эўропе, хто занепакоены лёсам Эўропы», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Цяпер на некалькіх кірунках украінскія перавозчыкі пачалі блякаваць уезд польскіх грузавікоў на тэрыторыю Ўкраіны.

Што пішуць украінскія СМІ

З пачатку году ўкраінскія сродкі масавай інфармацыі пішуць пра «гандлёвую вайну Польшчы з Украінай», якая стала вынікам выбарчай і пасьлявыбарчай сытуацыі. Папярэдні ўрад Польшчы не захацеў займацца разьвязваньнем сытуацыі на мяжы з Украінай, каб пакінуць сваім пераемнікам «горшую спадчыну».

Новы ўрад Польшчы, сфармаваны Дональдам Тускам, не сьпяшаецца радыкальна спыняць пратэсты на мяжы, бо перад мясцовымі выбарамі яму патрэбная падтрымка фэрмэраў.

Выданьне «Європейська правда» выступіла з крытыкай Дональда Туска, які адмовіўся падтрымаць ініцыятыву аб увядзеньні забароны блякаваць дарогі да мяжы з Украінай на час вайны і пачаў перамовы з пратэстоўцамі.

«Такі падыход зрабіў украінскую мяжу зручнай мішэньню. І часьцей мова не пра сьвядомых агентаў Крамля (хоць і іх дастаткова ў „Канфэдэрацыі“), а пра „карысных дурняў“, якія нішчаць дачыненьні Ўкраіны з Польшчай, нават не ўсьведамляючы, каму яны дапамагаюць сваімі дзеяньнямі», — адзначаецца ў рэдакцыйным артыкуле.

Паводле аўтараў публікацыі, украінская мяжа стала «надзейным мэханізмам ціску на ўрад Туска, таму неўзабаве да фэрмэраў могуць далучыцца «іншыя палітычныя гульцы».

Украінскія СМІ называюць дзеяньні польскіх фэрмэраў «цынічнымі выхадкамі» і зьвяртаюць асобную ўвагу на антыўкраінскія лёзунгі, якія пачалі зьяўляцца ў пратэстоўцаў.

Блякаваньне дарогі каля Любліна, Польшча, 20 лютага 2024 году
Блякаваньне дарогі каля Любліна, Польшча, 20 лютага 2024 году

Але найчасьцей ва Ўкраіне абмяркоўваюць тэму расейскага сьледу ў арганізацыі пратэстаў у Польшчы. Колішні выведнік нелегальнай выведкі КДБ СССР і Службы зьнешняй выведкі Расеі Сяргей Жырноў у інтэрвію праекту колішняй намесьніцы міністра інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Тацяны Паповай выказаў думку, што гэта «спэцапэрацыя».

«Выпадковасьцяў у такіх справах не бывае. Сытуацыя нашмат больш складаная, аб’ектыўна больш складаная», — сказаў Сяргей Жырноў.

Дзеля прыкладу ён расказаў, як у 1980-х гадах нелегальная выведка КДБ СССР плянавала дывэрсіі на выпадак ваеннай сытуацыі з Заходняй Эўропай.

«Гэта плянавалася яшчэ пры Савецкім Саюзе, КДБ плянаваў. У нас была такая група „Вымпел“ у службе нелегальнай выведкі, перад якой ставілі задачы, калі ўзьнікае нейкая ваенная альбо перадваенная сытуацыя ў Заходняй Эўропе, то высаджваюцца дывэрсійна-выведныя групы, якія займаюцца тым, што будуць блякаваць усю Эўропу, увесь транспарт — чыгуначны і аўтамабільны», — сказаў Сяргей Жырноў.

Паводле яго, тады пры дапамозе камуністычных партый ствараліся «схованкі» з выбухоўкай, якую меліся выкарыстаць для падрыву чыгуначных і аўтамабільных шляхоў.

«Мой начальнік Драздоў Юрый Іванавіч расказваў, што з атрадам у 30 чалавек, адмыслова падрыхтаваных, якія выкарыстоўваюць выбухоўку ў схованках, ужо закладзеную пры дапамозе камуністычных партый адпаведных краін, могуць паставіць на вушы цягам тыдня ўсю Заходнюю Эўропу. Цяпер дадаліся магчымасьці кампутарныя, нават непатрэбна фізычна прысутнічаць у Заходняй Эўропе, дастаткова групы хакераў, якія „перарэжуць“ усе кампутарныя сувязі, якія кіруюць перавозкамі, нават праз памежныя пункты і мытню», — адзначыў колішні савецкі і расейскі выведнік.

Сяргей Жырноў дадаў, што Расея можа выкарыстаць «рэальных людзей, агентаў уплыву, інфільтраваных у палітычныя партыі ці прафсаюзы». У гэтым кантэксьце ён згадаў сытуацыю ў Францыі, калі з пратэстамі выйшлі так званыя «жоўтыя камізэлькі», сярод якіх былі людзі з Данбасу і якія супрацоўнічалі толькі з расейскімі прапагандысцкімі тэлеканаламі, а камэры францускіх і замежных СМІ разьбівалі.

«Насамрэч гэта даволі сур’ёзная рэч, да якой ня варта ставіцца з усьмешкай», — рэзюмаваў Сяргей Жырноў.

Пратэст пачаўся не зь мяжы

Забастоўкі польскіх фэрмэраў не накіраваныя супраць польскага ўраду ці польскага Міністэрства сельскай гаспадаркі. Асноўнае патрабаваньне страйкоўцаў тычыцца аграрнай палітыкі Эўразьвязу. На думку фэрмэраў, увядзеньне далейшых абмежавальных правілаў для эўрапейскай сельскай гаспадаркі забівае яе.

Такую ж думку маюць фэрмэры ў многіх краінах ЭЗ, якія некалькі тыдняў выходзяць на вуліцы і патрабуюць, сярод іншага, поўнай адмовы ад «Зялёнага пагадненьня» ЭЗ (Green Deal), паколькі баяцца наступстваў яго ўвядзеньня.

Напрыклад, паводле стандарту GAEC 8 (гэтая норма распаўсюджваецца на фэрмэраў, у гаспадарцы якіх ворная зямля займае плошчу больш за 10 га. — РС), фэрмэры абавязаныя, сярод іншага, пакідаць ня менш як 4 працэнты ворных зямель неапрацаванымі.

Акрамя таго фэрмэры з розных краін сьвету дадаюць да сваіх патрабаваньняў дадатковыя, спэцыфічныя для іхных рынкаў. Так, польскія фэрмэры, напрыклад, дадаткова патрабуюць захаваць у краіне жывёлагадоўлю, працягнуць забарону на імпарт некаторых тавараў з Украіны і ўзмацніць жорсткасьць кантролю за той прадукцыяй, што ўвозіцца ў ЭЗ.

Усеагульная польская забастоўка пачалася 9 лютага і прадоўжыцца да 10 сакавіка. Пратэсты могуць ахапіць усю краіну, таму ва ўсіх ваяводзтвах прагназуюць праблемы з дарожным рухам: фэрмэры абяцаюць перакрыць мясцовыя і агульнадзяржаўныя дарогі.

«Гэтая форма пратэсту — крык фэрмэраў, каб польскі ўрад нагадаў Эўрапейскай камісіі пра польскую сельскую гаспадарку. Гэта некантраляваны прыток збожжа і ўвогуле харчовых тавараў з Украіны, а таксама экасхемы, якія прымушаюць фэрмэраў закрывацца і скарачаць свае гаспадаркі», — расказаў Radio Warszawa старшыня Незалежнага самакіравальнага прафсаюзу фэрмэраў «Салідарнасьць» Томаш Абшаньскі.

На мінулым тыдні пра свае патрабаваньні польскія фэрмэры размаўлялі зь міністрам сельскай гаспадаркі і разьвіцьця вёскі Чэславам Сякерскім. Чыноўнік шмат у чым пагадзіўся зь іх рацыяй, але пры гэтым падкрэсьліў, што выйсьці цалкам з патрабаваньняў «Зялёнага пагадненьня» ня ўдасца.

Міністар таксама паведаміў, што польскі бок вядзе перамовы з Кіевам, каб заключыць двухбаковае пагадненьне аб правілах вызначэньня аб’ёмаў квот асобнай сельгаспрадукцыі, якая можа ўвозіцца з Украіны на польскі рынак, не парушаючы яго стабільнасьці.

Раней у польскім сельскагаспадарчым асяродзьдзі агучваліся думкі, што больш танныя сельскагаспадарчыя тавары з Украіны выцесьняць зь зьнешніх рынкаў у першую чаргу польскую прадукцыю. Выказваліся і асьцярогі, што ў выпадку ўступленьня Ўкраіны ў ЭЗ цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю зьнізяцца, і польскаму фэрмэру ня будзе куды прадаваць свае тавары.

Польскія вытворцы абураныя, што яны мусяць прыстасоўвацца да абмежавальных дарагіх нормаў якасьці, якія не распаўсюджваюцца на ўкраінскіх вытворцаў.

Пытаньне гэтае адрасуецца і Брусэлю, бо Польшча — як удзельніца адкрытага і бязмытнага рынку ЭЗ — ня мае прэрагатывы ўводзіць правілы ў гэтай сфэры.

«Цяперашнія пастановы, якія паступаюць з Брусэля, спрыяюць Украіне. Мы пытаемся ў сябе: Эўразьвяз хоча абараняць сваё ці прасоўваць чужое? Тое, што ідзе з Украіны на польскі рынак, — вельмі нізкай якасьці. А на прадуктах няма інфармацыі, што гэта тавары з Украіны, палякі купляюць іх несьвядома. Мы пратэстуем, каб надаць гэтаму розгалас, каб польскім спажыўцам не давялося спажываць менш якасную ежу», — расказаў парталу Forsal Антоні Сідар, фэрмэр з ваколіц Любартова ў Люблінскім ваяводзтве, мясцовы каардынатар пятнічных дэманстрацый.

Пратэстам скарысталіся прарасейскія сілы

У некаторых месцах пратэсты польскіх фэрмэраў набылі антыўкраінскі і прарасейскі характар. У прыватнасьці, польскія СМІ высьветлілі, што два з трох лідэраў пратэстаў (узначальваюць акцыі Роман Кондруў, Рафал Мэклер, Губэрт Айдана) зьвязаныя з правай партыяй «Канфэдэрацыя Свабода і Незалежнасьць».

Ня ўсім дэманстрантам гэта падабаецца. Адзін зь іх лічыць, што «палітычны ўплыў сярод фэрмэраў Падкарпацьця робіцца ўсё мацнейшы і наносіць вялікую шкоду».

«Гэта ня наш кірунак. Мы хочам пайсьці іншым шляхам. Радыкалізм нам толькі шкодзіць», — сказаў адзін з фэрмэраў парталу money.pl.

Падчас пратэстаў фэрмэраў 20 лютага адзін з удзельнікаў дастаў плякат «Пуцін, разьбярыся з Украінай, Брусэлем і нашымі кіраўнікамі». На гэта ўжо адрэагавала паліцыя і міністар унутраных спраў Польшчы Марцін Кервіньскі. Ён падкрэсьліў, што такія злачынныя дзеяньні недапушчальныя. Фэрмэра, які пратэставаў з гэтым лёзунгам, затрымалі.

Што вядома пра лідэраў пратэсту

Рафал Мэклер — кіраўнік падкарпацкіх структураў Канфэдэрацыі і актывіст Нацыянальнага руху. Як прадпрымальнік ён працуе ў сфэры транспарту і мае фірму, зарэгістраваную ў правінцыі ў Люблінскім ваяводзтве. Мэклера вінавацяць у антыўкраінскіх настроях і падтрымцы дзелавых кантактаў з субʼектамі з Расеі.

Сам Мэклер адмаўляе абвінавачваньні і кажа, што адчувае перасьлед. «Украінцы пішуць мне ў паведамленьнях, што забʼюць маіх дзяцей. Мяне занесьлі ва ўкраінскі сьпіс ворагаў сваёй краіны», — сказаў ён у інтэрвію Wirtualna Polska. Яго ўключылі ў вядомую ва Ўкраіне базу арганізацыі «Миротворець».

Губэрт Айдана — фэрмэр з ваколіц Гайнаўкі на Падляшшы, сябра прафсаюзу фэрмэраў «Карона».

Ранейшая дзейнасьць Айдана спрэчная. Ёсьць скрыншоты паведамленьняў у сацсетцы X (колішні Twitter), у якіх ён нібыта напісаў, што «перамога Расеі на Ўкраіне выгадная польскім фэрмэрам». Аднак пацьвердзіць сапраўднасьць публікацый не ўдалося.

Цяпер Айдана заявіў, што «трэба дапамагчы ўкраінцам» і што пасьля расейскага ўварваньня ён прыняў дзьве сямʼі ўцекачоў.

Рэакцыі ў Польшчы

Рэакцыя грамадзян Польшчы на пратэсты фэрмэраў неадзначная. Некаторыя палякі заклікаюць новы ўрад разабрацца з сытуацыяй на польска-ўкраінскай мяжы, якая штодня толькі абвастраецца.

«Я не магу зразумець, што яны робяць і што імі кіруе», — напісаў польска-ўкраінскі журналіст, пазаштатны карэспандэнт Gazety Wyborczej Пётр Андрусечка.

«Дзесяць дзён я зьбянтэжана назіраю за манэўрамі „атрадаў польскіх фэрмэраў“ на мяжы з Украінай. Я спрабаваў зразумець іх лёгіку, іх інтарэсы. Чытаючы польскія камэнтары ў сацыяльных сетках, я меркаваў, што я, магчыма, неабʼектыўны, што, можа, нешта прапускаю, бо я не жыву ў Польшчы больш за 10 гадоў. Але не, я не магу зразумець, што яны робяць і што імі кіруе. Адно зь іх патрабаваньняў тычыцца непасрэдна Ўкраіны, а астатнія патрабаваньні адрасаваныя Брусэлю і Варшаве, але яны блякуюць мяжу з Украінай. Брава! Вельмі сьмела высыпаць збожжа з грузавікоў і нават спыніць цягнік і аўтобус з пасажырамі. Што далей?

Я разумею пратэсты ў абарону сваіх інтарэсаў, гэта важны мэханізм у дэмакратычных краінах, але таксама важная адэкватнасьць формы і часу. А цяпер выглядае, што блякада — гэта ўдар у сьпіну краіне і яе жыхарам, якія другі год змагаюцца з расейскім агрэсарам. На фронце кожны дзень гінуць салдаты, у гарадах і вёсках — мірныя жыхары. Дзякуючы гэтаму Эўропа і яе жыхары пакуль могуць не турбавацца аб расейскай пагрозе. Няўжо іншай формы пратэсту не было?

Я разумею, што тут палітыка. Але на другім пляне — і Расея, і ўжо няважна, што яна не стаіць за ёй непасрэдна. Тое, што адбываецца на мяжы, — частка гібрыднай дзейнасьці Расеі... Я мог бы яшчэ шмат чаго напісаць, але для мяне гэта проста сорам і ганьба. Такой запомніцца гэтая блякада. І яе наступствы ўжо нашмат большыя за інтарэсы польскіх фэрмэраў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG