Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на свабодзе». Станоўчым прыкладам сярод суседзяў беларусы лічылі латышоў і літоўцаў — Уладзімер Лобач


Фотакаляж. Уладзімер Лобач (справа).
Фотакаляж. Уладзімер Лобач (справа).

У беларускім фальклёры ёсьць назвы ўсіх гістарычных суседзяў Беларусі. Як беларусы да іх ставіліся і якія характарыстыкі ім давалі? Наколькі вялікія беларусы ксэнафобы і як яны пазначаюць сваю прастору?

Пра гэта і пра іншае мы гаворым зь беларускім этнолягам, былым прафэсарам Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, доктарам гістарычных навук Уладзімерам Лобачам.

0:00 – што этнографаў найбольш уражвае ў народнай культуры беларусаў

3:10 – ці не тлумачыцца высокая захаванасьць народнай культуры доўгай адсутнасьцю нацыянальнай дзяржаўнасьці і нацыянальнай адукацыі

5:02 – як беларусы гістарычна бачылі сваіх суседзяў; этнастэрэатыпы

14:41 – магічныя практыкі беларусаў. Якімі яны былі і што зь іх захавалася да нашых дзён

18:10 – сакральная геаграфія беларусаў, як беларусы мапуюць сваю прастору

22:12 – ці беларусы ксэнафобы

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі з Уладзімерам Лобачам:

— Давайце пагаворым пра этнастэрэатыпы беларусаў. Як яны бачаць суседзяў?

— Калі мы гаворым пра этнастэрэатыпы, мы гаворым пра традыцыйную народную культуру, дзе яны праяўляюцца найбольш яскрава. І тут вельмі важна ведаць, што стэрэатыпы — гэта не аб’ектыўная праўда і рэальнасьць. Гэта тое, як людзі бачаць, уяўляюць і канструююць вобраз чужога ці суседа. І там шмат чаго і фальклёрнага, і нават міталягічнага. І ў гэтым сэнсе этнічныя стэрэатыпы ня могуць класьціся ў аснову рэлізаў Міністэрства замежных спраў.

Акрамя таго, погляд на суседзяў як на іншых і чужых (у пэўнай ступені) характэрны абсалютна для ўсіх народаў. Тут беларусы ня ёсьць выняткам.

Што канкрэтна да нашага выпадку, то беларускі вясковец перадусім меў наступныя фільтры пры ацэнцы іншага чалавека: гэта тое, чым ён займаецца, з чаго жыве, гэта мова — вельмі важны чыньнік, таксама гэта вера, ну і, канечне, побытавыя звычкі, побытавая культура, пераважна тое, як ён сьвяткуе сьвяты.

Беларусы ахарактарызавалі практычна ўсіх сваіх суседзяў. І тут таксама важна зразумець, што ў гэтых вобразах няма толькі адмоўных і няма толькі пазытыўных рысаў — яны, як правіла, спалучаюцца.

Напрыклад, вельмі станоўчыя характарыстыкі ў беларусаў адносна латышоў і літоўцаў, якія разглядаюцца як праўдзівыя гаспадары і якія, больш за тое, валодаюць нейкімі сучаснымі прыёмамі вядзеньня гаспадаркі і ахвотна дзеляцца, дарэчы, зь беларусамі. Асабліва калі ідзе гаворка пра латышоў-каляністаў, якія пераяжджалі ў Беларусь. Але як толькі заходзіць пра іх мову, то яна адразу характарызуецца як нялюдзкая, як нейкая «птушыная», бо яны «гергечуць» — гэтаксама як гергечуць гусі, таму птушыная.

Тое самае і на беларуска-літоўскім памежжы, дзе літоўцаў называюць «гергуны», бо яны таксама гавораць незразумелай для беларусаў, «нялюдзкай» мовай.

Альбо нейкія спэцыфічныя элемэнты культуры, напрыклад, нацыянальная гастранамія, этнічныя стравы. Адна бабуля казала, маўляў, такія добрыя гаспадары латышы ў мяне былі, я вось працавала. І там пастаянна гучала назва іх стравы: «Путра, путра, путра». І так мне хацелася гэнай путры, так я марыла яе пакаштаваць. І вось аднойчы гаспадар кажа: «Ну хадзем ужо з намі путру есьці». І пайшла такая шчасьлівая, і атрымала культурны шок, бо путра — гэта страва неўласьцівая для беларускай кухні, бо ў ёй спалучаюцца гародніна з малаком і рыбай. Таму наша апавядальніца расказала пра сваё вялікае расчараваньне.

Таксама ў прымаўках і прыказках падкрэсьліваліся ці адціналіся рысы характару суседніх народаў. Напрыклад, палякам прадпісваўся авантурызм і недальнабачнасьць: «Мудзёр лях па шкодзе», «Агледзеўся лях, як трасца ў нагах»; гультайства: «Мазур адно да гуляньня зух»; задзірыстасьць і канфліктнасьць: «Мазуру біцца — так, як людзям хлеба з маслам зьесьці».

Даволі шмат характарыстык тычыцца нашых усходніх суседзяў. І тут трэба пазначыць, што беларус часьцей за ўсё меў справу або з расейскімі стараверамі, або з расейскімі вайскоўцамі. І тых, і другіх называлі маскалямі, масквой. І тут такія даволі жорсткія характарыстыкі. Вось прыказкі, якія запісаў расейскі этнограф Сяргей Максімаў у беларусаў Смаленшчыны: «Тату, тату! Лезе чорт у хату! — Дарма, сынку, абы не маскаль», «Ад чорта адхрысьцісься, а ад маскаля не адмолісься». Тут маецца такое пачуцьцё пагрозы і небясьпекі.

Або вось у казцы «Асілак» падкрэсьліваецца сьляпое падпарадкаваньне «маскалёў» загаду, там «маскалі» на загад памешчыкаў забіваюць народнага героя: «Набралі гэта паны маскалёў і напалі на Асілка. А ведама — маскаль. Яму як прыкажуць, дык ён і роднага бацьку зарэжа».

І вельмі цікавы абразок у Паўла Шэйна ў этнаграфічным зборніку, дзе мова ідзе хутчэй пра чужыну і чужынскую культуру, калі на Горадзеншчыне чалавек пытаецца ў мясцовага, як яму прайсьці да нейкай вёскі, і мясцовы адказвае: «А што, чалавечку, мабыць, ня наш?» А той кажа, маўляў, ды не, я тутэйшы, з такой і такой воласьці, проста 10 гадоў у маскалёх прабыў, таму гаворка ўжо іншая. На што дзед адказвае: «Я і гляджу, што з выгляду нібыта наш, а гаворыць па-іншаму. Сьвяты Божа, вось што значыць у маскалёх пабыць — і зусім язык свой паламаў».

Таксама ёсьць разуменьне пра неабавязковасьць («Падажджы рускі месяц», г. зн. абсалютна няпэўны час), і зладзеяватасьць («Не за тое маскаля б’юць, што ўкраў, а за тое, што дрэнна схаваў»), а таксама невысокія разумовыя здольнасьці («Не дуры масквы, яна і так дурная»).

Так што тут хутчэй мы можам гаварыць пра такія фальклёрныя збольшага вобразы, якія, тым ня менш, маюць выхад на рэальныя рысы характару таго ці іншага народу.

— У пераліку нашых суседзяў вы не згадалі пра ўкраінцаў. Што пра іх гаворыцца ў беларускім фальклёры?

— Ёсьць, вядома, і такое. Напрыклад, украінцаў часта ўспрымалі празь лінзу казацтва, украінцы вельмі часта атаясамліваліся з казакамі. З аднаго боку, гэта такі харобры чалавек, спрытны ў вайсковай справе, зухаваты ў дачыненьні да дзяўчат. А зь іншага боку, калі няма вайны, то там выяўляюцца і іншыя, не зусім добрыя якасьці. Напрыклад, гультаяватасьць: «Ад чаго казак гладак? Бо паеў і набак». Таксама ім прыпісвалася і ўпартасьць, зь імі было даволі цяжка дамовіцца. Ну, і, акрамя зухаватасьці, былі і ня вельмі шчырыя і дабрасардэчныя адносіны зь дзяўчатамі [...]

— Беларусы — ці ксэнафобы яны? Існуюць розныя меркаваньні наконт гэтага. Адны кажуць, што не, а іншыя сьцьвярджаюць, што беларусы вялікія ксэнафобы, проста іх ксэнафобія схаваная.

— Не, я б так не сказаў. Тэрміны накшталт ксэнафобіі ці антысэмітызму — гэта тэрміны мадэрнай культуры, палітычныя дэфініцыі, і наўпрост прыкладаць іх да традыцыйнай культуры некарэктна.

Бо калі гаварыць пра этнастэрэатыпы, то беларусы маглі заўважаць і казаць нейкія нэгатыўныя рэчы абсалютна пра ўсіх. Пры гэтым яны былі крытычнымі і да сябе — былі самакрытычнымі. Самаіронія — гэта вельмі важкі фактар нашай культуры.

Я не лічу, што беларусы былі і ёсьць ксэнафобамі. Іншая справа, што яны вельмі нэрвова рэагуюць, калі ня важна хто — сусед ці далёкі чужы чалавек — спрабуе ўлезьці ў іх справы. Але гэта, здаецца, уласьціва ўсім людзям на зямлі.

Ну, і калі пераходзіць да лічбаў, то вядомы такі факт. Падчас першай расейскай рэвалюцыі 1905 году і наогул на пачатку ХХ стагодзьдзя, калі па Расейскай імпэрыі пракаціўся вал габрэйскіх пагромаў, то ў Беларусі ў параўнаньні зь іншымі тэрыторыямі імпэрыі гэтых пагромаў было ў дзесяць разоў менш. Па сутнасьці, яны былі адзінкавыя, дый тое былі справакаваныя расейскімі стараверамі, чыноўнікамі і жандарамі. Іншымі словамі, гэта не было такой агульнай зьявай, якая б характарызавала наш народ.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Каго з суседзяў беларусы хвалілі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:25:27 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG